22 Кастрычнік, нядзеля

Вы тут

Ці ўсе раны можна залячыць толькі любоўю і дараваннем?..


З Алінай мы не бачыліся амаль дваццаць пяць гадоў. Тады, у 94-м, мы праводзілі яе ў далёкі Благавешчанск, як здавалася, назаўсёды. У тым далёкаўсходнім горадзе за некалькі тысяч кіламетраў ад яе роднага Маладзечна ў яе не было ні сваякоў, ні сяброў, ні нават знаёмых. Яна проста заплюшчыла вочы і тыцнула пальцам у карту. Трапіла б тады ў Папуа-Новую Гвінею — паехала б туды. Ёй было дваццаць, і яна ўцякала ад здрады, ад разбітага ўшчэнт жыцця, ад самой сябе. Мы праводзілі яе майскім вечарам на вакзале і разумелі, што пісьмаў мы не дачакаемся: яна рвала ўсе сувязі, пачынала новае жыццё. Памятаю, як хтосьці з дзяўчат сказаў ёй штосьці банальна-супакойлівае, кшталту «час лечыць», і якім цяжкім позіркам яна на гэта адказала.

Аліна першая з нашай універсітэцкай кампаніі выскачыла замуж — ужо ў канцы першага курса. Пабралася шлюбам з суседам па інтэрнаце — Алег быў на два курсы старэйшы, вучыўся на тым жа хімфаку. Прыгожая пара — маладыя, вясёлыя, закаханыя, па-студэнцку бедныя. Здымалі пакой у прыватным сектары, перабіваліся з макароны на крупы, часам забягалі павячэраць да нас у інтэрнат. Звычайны студэнцкі раман, які заканчваецца або цеплынёй і адданасцю на ўсё жыццё, або кароткім шлюбам, які праз гады ўспамінаецца, як мімалётны эпізод.

І раптам Алег разбагацеў. Імкліва і з усімі атрыбутамі таго шалёнага часу — залатым ланцугом у палец таўшчынёй на шыі і бардовым пінжаком. Кінуў універсітэт, купіў кватэру, іншамарку. На ўсе нашы пытанні яго жонка адказвала адно: уладкаваўся, маўляў, у добрую фірму. Што за фірма — не тлумачыла, можа, і сама толкам не ведала.

Пра тое, што Алег звязаўся з бандытамі, мы дазналіся з выпуску крымінальных навін. Рэзанансная б сёння была гісторыя, а па тым часе — дык самая тыповая. Студэнта-хіміка прыцягнулі да вырабу наркотыкаў, плацілі яму немалыя грошы. На яго паклала вока дачка боса, і ён адказаў узаемнасцю. Калі ж зайшла размова аб вяселлі (а яму, пэўна, гэтага вельмі не хацелася), сказаў каханцы штосьці кшталту «жонка нізавошта не дасць разводу». Тая, нядоўга думаючы, наняла бацькавых галаварэзаў, каб саперніцу «ліквідавалі». Але атрымалася так, што акурат у тую ноч Аліна была не адна — у госці прыехалі бацькі і сястра — самыя родныя людзі.

Пасля той страшнай ночы жывая засталася яна адна — якраз калі напалі на кватэру, была ў ванным пакоі, здолела заціснуцца пад ванну, а забойцы прынялі за яе малодшую на год сястру. Было следства, злачынцаў затрымалі па гарачых слядах, выцягнулі з іх усю інфармацыю і пра заказчыцу, і пра прычыну заказу. Быў суд. Усе атрымалі па заслугах, за выключэннем Алега. Бо ён праходзіў па той справе як «сведка» (за наркотыкі яго пасадзілі праз два гады, калі раскруцілі ўвесь іхні сіндыкат).

Пасля суда ён прыходзіў да яе. Каяўся, прасіў дараваць здраду, якая мела такі страшны працяг. Быў настойлівы, казаў, што ўсё роўна не пакіне яе ў спакоі, бо кахае, бо жыць без яе не можа. І тады Аліна прадала бацькоўскі пусты дом у Маладзечне, знайшла аб'яву, што ў геалагічную экспедыцыю на Далёкім Усходзе патрэбны чалавек з веданнем хіміі, за два дні сабралася, купіла білет з Масквы да Благавешчанска. Мы правялі яе на маскоўскі поезд і развітваліся назаўсёды. Яна цвёрда сказала: я не вярнуся.

Яе былы муж соваўся да нас яшчэ два гады. Быў настойлівы, не верачы, што яна нікому не піша. Пільнаваў нас па адной каля ўвахода ў інтэрнат, прапаноўваў грошы за інфармацыю, пагражаў. Ніхто нічога пра Аліну не ведаў. А калі б і ведалі, яму б дакладна не сказалі. Пасля яго візіты рэзка абарваліся. Ад агульных знаёмых даведаліся: Алега пасадзілі. Далі за наркотыкі ці то дзесяць, ці то дванаццаць гадоў.

Гісторыя гэта з цягам часу забылася, ніхто пра гэту пару больш не чуў. Успаміналі зрэдку, збіраючыся ў агульнай кампаніі, але занадта невясёлы быў той успамін без працягу, каб доўга аб ім гаварыць.

Я таксама не ўзялася б гэту гісторыю расказваць, калі б днямі не даведалася, чым яна скончылася. Я знайшла Аліну ў сацыяльных сетках — яна, не аб'явіўшыся ніяк, «засвяцілася» ў «гасцях» на маёй старонцы. Зрабіўшы «візіт у адказ», я даведалася шмат цікавага. Жыве мая былая сяброўка ў Краснаярску, у яе там сетка магазінаў па продажы адзення. Мае сям'ю — дваіх дзяцей і мужа. Муж — той самы Алег — змяніўся, канешне, але пазнаць на фота можна.

Ачомаўшыся ад здзіўлення, я рашыла ёй напісаць. (Хаця, мяркуючы па ўсім, кантактаваць яна ні з кім з былога жыцця не хоча.) Я ў якасці каментарыя да іх сямейнага фота паслала адзіную фразу: «Няўжо ты даравала?» Яна мне адказала праз два дні, таксама вельмі лаканічна: «Любоў можа дараваць усё».

На гэтым наша перапіска скончылася. Не было больш пра што гаварыць, не цікавілі падрабязнасці. Засталося толькі неразуменне: як такое можа быць увогуле? Адказ знайшла ў тоўстай кнізе, якую чытаю ўжо каторы тыдзень, а яна ніяк не скончыцца. «Час залечвае не ўсе раны, ён сам раніць. Усе раны можна залячыць толькі любоўю і дараваннем»...

Можна і згаджацца з гэтым, і спрачацца. І не ведаць дакладна, дзе тут праўда і рацыя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Альтэрнатыва часу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.