Вы тут

Мы — не суддзі адно аднаму


І не думала пісаць на гэтую тэму, бо надта ўсё неадназначна. Але не па сваёй волі стала сведкай размовы, альбо нават дыскусіі, дзвюх жанчын у маршрутцы «Брэст — Альшаны». І надта ж размова падалася цікавай. Ехаць у адзін бок больш за пяць гадзін, часу хапала, вось кабеты пенсійнага ўзросту і разгаварыліся. Яны сядзелі перада мной, адну з іх я вельмі ўмоўна назвала «настаўніцай», другую — «калгасніцай». І прадметам абмеркавання стала гісторыя мінчанкі, пра якую нядаўна расказвалі ў газетах ды ў сеціве.


Фота: ivodoley.ru

Жыхарка сталіцы ў 54 гады нарадзіла двойню. У яе няма ні мужа, ні родных. З працэдурай ЭКА дапамаглі ў адной з украінскіх клінік, у нас у такім узросце экстракарпаральнае апладненне не праводзяць: закон забараняе. І вось цяпер маці двух хлопчыкаў, якім споўнілася чатыры гады, гадуе іх на сваю сціплую пенсію, ва ўсім сабе адмаўляючы. Пры гэтым, калі меркаваць па СМІ, адчувае сябе шчаслівай. Што ж, у кожнага свой крыж, свой лёс і сваё разуменне шчасця. Але...

— Гэта безадказнасць, узрошчаная ўласным эгаізмам, царкоўнікі яшчэ назвалі б ганарлівасцю, — даводзіла сваёй суразмоўніцы «настаўніца». — Здаецца ж, жанчына недурная, пішуць, што інстытут нейкі скончыла, працавала ўсё жыццё, кватэру атрымала ад работы. Чаму ж столькі гадоў чакала, каб стаць маці? Калі так хацелася мець дзіця, трэба было нараджаць у трыццаць, ці хоць бы ў сорак гадоў. Ну а калі не атрымалася, не склалася, у пяцьдзясят гадоў ужо варта было змірыцца і годна жыць далей. Не адна ж яна такая на свеце. У нашай вёсцы ёсць адзінокая жанчына, на пенсіі зараз, ніхто ў яе пальцам не тыкае, наадварот, маладзейшыя суседкі бегаюць па параду ды падтрымку.

— Але ж ты чытала, мабыць, яна ўсё жыццё чакала, марыла пра сям'ю, мужа і дзяцей, — пярэчыла «калгасніца». — Хіба можам асуджаць яе мы з табой, у каго і мужы ёсць, і дзеці, і ўнукі? Цяпер бачыш, што робіцца, дзяцей уласных не глядзяць, пакідаюць. У прытулкі іх з сем'яў забіраюць, галодных і халодных. А яна ж над сваімі трасецца.

— Вядома, трасецца, а колькі ёй трэсціся засталося, ніхто не скажа. Ёй семдзесят з гакам будзе, калі яны школу скончаць, а там трэба калі не адукацыю, дык хоць спецыяльнасць атрымаць. Яна ж цяпер на нейкія 300 рублёў пенсіі дваіх гадуе і кажа, што пражыць можна на любую суму. Пры гэтым расказвае, што тварог ды мяса не можа сабе дазволіць, бо дорага. А што далей будзе? Яны яшчэ малыя і не вельмі надакучваюць просьбамі. А як у школу пойдуць, убачаць, што іншыя дзеці маюць, будзе іх маці яшчэ цяжэй.

Калі адважвалася на такі крок, трэба было пралічыць і фінансавы бок. А то яна расказвае, што ўсе зберажэнні патраціла на працэдуры і аперацыі па цяжарнасці, а на што жыць разлічвала, незразумела. Ды і не гэта, можа, галоўнае. Фізічна вельмі цяжка ўвесь час клапаціцца пра дваіх малых адной, у абмежаванай сценамі аднапакаёвай кватэры, калі няма каму падмяніць хоць бы на паўдня. А бяссонныя ночы ў такім узросце... Што, калі здароўе падвядзе? Застануцца дзеці сіротамі, свеціць ім дзяржаўная ўстанова альбо прыёмная сям'я, усынаўленне.

— Мая бабуля некалі казала: «Бог даў дзяцей, дасць і сілы, каб іх выгадаваць», — зноў гаварыла «калгасніца». — Можа, і ёй адмераны лёсам доўгі век. Можа, усё будзе добра, выгадуе, дачакаецца, пакуль дарослымі стануць, паспее ўнука на руках патрымаць. Можа, людзі добрыя падтрымаюць, прыйдуць на дапамогу, калі спатрэбіцца. Такіх жа многа.

— Многа то многа, але не вельмі хто каму цяпер імкнецца проста так дапамагаць, — працягвала «настаўніца». — І валанцёрскі рух у нас не так, як на Захадзе, развіты. Вось, скажам, трапіла маці гэтых двайнятак у бальніцу. Іх, відаць, у прытулак забралі б на час альбо таксама ў бальніцу. Пакуль малыя, неяк гэта будзе вырашацца. Але як потым, калі з кожным годам патрэбы дзяцей будуць узрастаць? Я пакуль вучыла ды ўладкоўвала, правільней сказаць, мы і на працы паспявалі, і гаспадарку з мужам трымалі немалую. Вось так і выкручваліся. Мне шкада гэтую жанчыну. Цяпер ёй дзеці як радасць, як пацеха, крыху нават як цацка. А потым яшчэ і папрокаў ад іх наслухаецца, чаму не можа апрануць, як усе, тэлефоны дарагія купіць і гэтак далей. Нездарма ж у нас закон такія эксперыменты забараняе, мусіць, не на пустым месцы той закон пісалі.

«Калгасніца» зноў спрабавала заступіцца. І згадвала, як яе сваячка пасля вайны адна чацвярых падняла, і цяжка было, і недаядалі, але ўсе выраслі, людзьмі сталі.

— Але ж твая цётка маладая была! — пярэчыць таварышка па паездцы. І суразмоўніца мусіць пагадзіцца.

Вось такі сціслы фрагмент гутаркі дзвюх выпадковых спадарожніц, што падштурхнуў да роздуму. Калі спытаць, на чыім я баку... Правільна было б сказаць, што ісціна недзе пасярэдзіне. А калі шчыра, то слухаючы іх размову, нярэдка схілялася да пункту гледжання «настаўніцы». Дзяцей у сталым узросце могуць дазволіць сабе багатыя на сродкі і радню людзі. Гады два ці тры таму пісалі пра немку, якая нарадзіла ў шэсцьдзясят з хвосцікам двойню. Але ў яе ўсяго шасцёра дзяцей, старэйшым пад сорак. І ёсць спадзяванне, што малых яны не пакінуць, калі што, ну, вы разумееце. А нашай суайчынніцы хай Бог дае здароўя і сіл, каб выраслі яе дзеці ў сям'і і сустрэла яна старасць шчаслівай.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.