Вы тут

Парламентарыі пра Пасланне Прэзідэнта


Гэта, безумоўна, адна з самых яркіх падзей у жыцці парламента нават у маштабе года. Зварот кіраўніка дзяржавы — у першую чаргу прамая інструкцыя: як і што трэба рабіць. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі выказаліся наконт таго, што кожны з іх вынес з выступлення лідара краіны.


Дзмітрый ШАЎЦОЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Мы вельмі шмат увагі ўдзяляем навуцы для таго, каб ствараць навукаёмістыя вытворчасці, каб наша прадукцыя, якую мы вырабляем, і паслугі, якія мы аказваем, былі канкурэнтаздольнымі на знешніх рынках, таму што без такога развіцця няма руху наперад.

Калі мы цяпер не ўзмоцнім свой патэнцыял, невядома, што будзе заўтра — застанемся на задворках. Таму развіццё сяброўскіх адносін з лацінаамерыканскімі краінамі, напрамак Паўднёва-Усходняй Азіі — гэта вельмі перспектыўныя рынкі, і кіраўнікі з гэтых дзяржаў, якія прыязджаюць у Беларусь, вядома, бачаць прывабнасць і інвестыцыйнага клімату, і тых паслуг, якія мы прапануем. Усе адзначаюць, што наша вытворчасць вельмі прывабная, таму неабходна развівацца і далей у гэтым кірунку.

У нас намеціліся сур'ёзныя зрухі ў адносінах як з ЗША, так і з ЕС. Кажуць, што Беларусь — тая пляцоўка, на якой трэба выбудоўваць адносіны на роўных. Летняя сесія ПА АБСЕ, якая будзе праходзіць у Мінску, таму пацвярджэнне. Мы адкрытыя, і скептычныя заявы з боку Еўрасаюза — яны існуюць, але іх становіцца ўсё менш. Гэта сведчыць пра тое, што Еўропа гатова да дыялогу з Беларуссю. І той факт, што той жа самы Еўрапарламент пачынае ўсё больш супрацоўнічаць з дзяржавай, а не з апазіцыяй, гэта пацвярджае.

Максім МІСЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:

— Сапраўды акрэслены кірункі, пазіцыі. Выказана шчырае меркаванне кіраўніка дзяржавы, у якіх прыярытэтных кірунках мы сёння павінны працаваць — гэта датычылася і ўрада, і дэпутатаў. Ён падкрэсліў, што сёння заканадаўчая галіна ўлады ў асобе дэпутатаў — гэта тая камунікацыя з людзьмі, якая сапраўды найбольш важная. Як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, па многіх пытаннях людзі часам не зусім правільна разумеюць тыя рашэнні, якія прымаюцца. Вось тут роля дэпутатаў якраз дастаткова важная для таго, каб вызначыць тыя ці іншыя пазіцыі.

Людміла НІЖЭВІЧ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах:

— Дакладна выказана пазіцыя Прэзідэнта, што Беларусь — суверэнная дзяржава, якая гатова адстойваць свае інтарэсы на міжнароднай арэне, што мы — міралюбная дзяржава, якая сканцэнтравана на развіцці нашага грамадства.

Асноўныя задачы, якія пастаўлены Прэзідэнтам, — занятасць насельніцтва, павышэнне зарплаты. Вызначаны шляхі, па якіх мы можам дасягаць гэтых мэт — за кошт развіцця прадпрыемстваў, павелічэння экспарту, прыцягнення інвестыцый. Пры гэтым трэба не проста паляпшаць інвестыцыйны клімат, а глыбей і больш працаваць над прыцягненнем інвестараў. Работа гэтая праводзіцца на недастатковым узроўні, але менавіта прыцягненне інвестараў дапаможа эканоміцы развівацца больш хуткімі тэмпамі.

У цэлым Пасланне прайшло ў пазітыўнай атмасферы. Грамадзяне, якія сочаць за развіццём нашай краіны, якія неабыякавыя, я думаю, атрымалі адказы на многія пытанні. Парламентарыі змаглі задаць Прэзідэнту ўсе пытанні. Такія адносіны дапамагаюць аператыўна рэагаваць на праблемы і выпрацоўваць канструктыўныя рашэнні, якія будуць дапамагаць краіне рухацца наперад. У цэлым такая форма зносін мае добрую выніковасць, бо такім шляхам вырашаюцца сур'ёзныя для краіны задачы.

Канстанцін Вільчук, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Падчас Паслання былі пастаўлены канкрэтныя задачы перад сферай аховы здароўя, якія ў першую чаргу датычацца арганізацыі работы першаснага звяна, а таксама распрацоўкі, стварэння высокіх тэхналогій, што дазволяць не толькі палепшыць здароўе нашага насельніцтва, але і дадуць магчымасць развівацца экспарту медыцынскіх паслуг.

Адной з тэм Паслання стала і павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця да 75 гадоў. Як мэтавы паказчык, на мой погляд, такая задача выканальная для нашай краіны, бо ўзровень сучаснай беларускай медыцыны ў поўнай ступені дае магчымасць паніжаць захворванні і смяротнасць сярод усіх катэгорый пацыентаў.

Віктар Сірэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Шмат у Пасланні Прэзідэнта было звязана з сацыяльнай палітыкай: гэта клопат пра людзей, Дэкрэт №3, узроўневыя адносіны ў сістэме аховы здароўя, а таксама пытанні, што датычацца культуры, адукацыі, у тым ліку ў сельскіх школах. Кола пытанняў разнастайнае, і яны патрабуюць не толькі абмеркавання, але і дэталёвай прапрацоўкі з нашага боку.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by,
Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прамы кантакт з народам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.