Вы тут

Галоўнае — верыць ва ўласныя сілы


Каб захаваць суверэнітэт маладой беларускай дзяржавы, патрэбна многае. Але ў першую чаргу — адзінства ўсіх нас, усяго беларускага народа.

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. І для тых, хто слухаў кіраўніка дзяржавы ў Авальнай зале Дома ўрада, і для тых, хто глядзеў трансляцыю па тэлевізары або ў сеціве, і для тых, хто прачытае публікацыю ў газеце, словы кіраўніка дзяржавы, акцэнты, якія ён расставіў у сваім выступленні, — нагода для роздуму і ў найбольшай ступені — кіраўніцтва да дзеянняў. Якой быць нашай краіне, залежыць ад кожнага з нас. Толькі разам мы зможам пераадолець усе цяжкасці. І гэта актуальна для ўсіх сфер жыцця краіны, пра якія гаварыў учора Прэзідэнт.


Трывалая эканоміка — у прыярытэце

«Прыярытэт — стварэнне трывалай, канкурэнтаздольнай эканомікі. Эканомікі заўтрашняга дня. Менавіта яна з'яўляецца асновай нашага суверэнітэту. У сувязі з гэтым патрэбна будзе каласальная праца. Але рабіць яе мы будзем ужо не з нуля. За чвэрць стагоддзя незалежнасці вырашаны многія няпростыя праблемы. Патэнцыял, які мы маем, дазваляе краіне дэманстраваць жыццеўстойлівасць нават у самыя неспрыяльныя перыяды. Гэта паказаў і папярэдні год», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гледзячы на пакуты іншых народаў, крывавыя міжусобіцы і разруху, мы яшчэ больш цэнім парадак і згоду, якія атрымліваецца захоўваць на нашай зямлі. Мы не далі ўцягнуць сябе ў канфлікты. Захавалі добрыя адносіны з усімі суседзямі. І я як кіраўнік дзяржавы з усёй адказнасцю заяўляю: будзе зроблена ўсё, каб ніхто і ніколі не змог падтачыць падмурак нашага дзяржаўнага будынка — свабоду і незалежнасць Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Аднак гэта магчыма толькі пры адной умове: калі кожны з нас будзе ўносіць пасільную лепту ў агульную справу. Галоўнае цяпер — кансалідацыя ўсёй нацыі дзеля агульнай мэты — пабудовы моцнай і бяспечнай дзяржавы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што арыенцірам для пераадолення праблем і вываду краіны на новы ўзровень развіцця служаць рашэнні пятага Усебеларускага народнага сходу. «Неабходна дагнаць упушчанае і выйсці на зададзеныя параметры па выніках першых двух гадоў пяцігодкі. Таму гэты год набывае асаблівую значнасць», — заявіў кіраўнік дзяржавы. «Я ўжо казаў: іншага такога года не будзе, — дадаў Прэзідэнт. — Не зробім хоць бы паўкрока наперад, баюся нават казаць, што можа адбыцца».

«Калі мы не зможам знайсці дадатковыя магчымасці для павелічэння паставак беларускай прадукцыі за мяжу, то цяжка будзе падняць нашу эканоміку на новы ўзровень. Таму трэба задзейнічаць усе рычагі для вытворчасці якасных, канкурэнтаздольных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паралельна неабходна ажыццяўляць дыверсіфікацыю экспарту, як бы ні было гэта складана. «Аднак рабіць гэта трэба без шкоды для нашых пазіцый на традыцыйных рынках, перш за ўсё ў Расійскай Федэрацыі. Дастаткова сказаць аб праграмах па імпартазамяшчэнні, да ўдзелу ў якіх нядаўна ў Санкт-Пецярбургу запрасіў нас і Прэзідэнт Расіі. Гэта ўпершыню прагучала з яго вуснаў. Калі ўвялі санкцыі, Расія зразумела каштоўнасць Беларусі ў тым плане, што беларуская эканоміка можа быць запатрабавана ў Расіі, у тым ліку па імпартазамяшчэнні», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Дыялог трэба наладжваць з усімі

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі таксама гаварыў пра магчымасць з'яўлення новых ліній падзелу ўнутры і вакол Еўрасаюза. «Міграцыйныя пагрозы прастымулявалі сур'ёзныя трансфармацыйныя працэсы ўнутры ЕС. Возьмем той жа «брэксіт», які азнаменаваў сабой якасна новыя рэаліі на кантыненце, палітычныя і эканамічныя наступствы якіх еўрапейцам яшчэ трэба асэнсаваць. Яго прамым следствам становіцца выпрацоўка Еўрасаюзам мадэлі свайго будучага ўстройства, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Зноў паўстала цікавасць да ідэй разнахуткаснай інтэграцыі. Пасля яе не выключана, што мы можам стаць сведкамі новых ліній падзелу ўнутры ЕС і вакол яго. Усе гэтыя праблемы Еўрасаюз вымушаны вырашаць літаральна «на маршы».

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час ідэя разнахуткаснай інтэграцыі была вылучана, калі зараджаўся ЕўрАзЭС і калі былі спробы адкінуць саюзнае будаўніцтва з Расіяй. «Тады мы прапанавалі разнахуткасную інтэграцыю, што пацвердзіла на практыцы жыццяздольнасць гэтай ідэі», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, усё больш выразна праступаюць контуры знешняй палітыкі новай адміністрацыі ЗША. «Апошнія дзеянні ў Сірыі, рост напружанасці на Карэйскім паўвостраве ўсяляюць, хутчэй, трывогу з нагоды таго, ці пераадолее Вашынгтон спакусу зноў спрабаваць дыктаваць сваю волю астатняму свету. Шчыра спадзяюся, што розум у дзеяннях усіх геапалітычных гульцоў гэтым разам возьме верх», — адзначыў беларускі лідар.

Беларусь гатовая і далей садзейнічаць правядзенню перагавораў па канфлікце ва Украіне. Прэзідэнт канстатаваў, што ў Данбасе не сціхаюць ваенныя дзеянні. Поўнасцю не выкананы ніводны пункт мінскіх пагадненняў.

«Працягваюць гінуць людзі, у тым ліку ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары. Рэгіён фактычна пагружаны ў сацыяльны і эканамічны хаос. Украіна не проста наш сусед. Гэта братэрская нам краіна, братэрскі народ. Мы прынялі ў сябе больш за 160 тысяч перасяленцаў. Мы гатовыя і далей садзейнічаць няпростым перагаворам, таму што гэта ўжо непасрэдна адбіваецца на жыцці нашага народа і функцыянаванні нашай дзяржавы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Працягваецца працэс наладжвання адносін Беларусі з Еўрасаюзам і ЗША. «Гэта ключ да інвестыцый, сучасных тэхналогій, рэсурсаў, ёмістых рынкаў. Дыялог, які намеціўся, адпавядае не толькі ўзаемавыгадным эканамічным інтарэсам, але і накіраваны на падтрыманне палітычнай стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Бо Беларусь як была, так і працягвае заставацца надзейным партнёрам у барацьбе з асноўнымі трансгранічнымі пагрозамі. І тут можна дасягнуць вялікага поспеху. Галоўнае — пазбавіцца ад звычкі глядзець адзін на аднаго з прадузятасцю і недаверам, прытрымлівацца падвойных стандартаў, павучаць, ставіць папярэднія ўмовы. Гэта для нас непрымальна, як і для любой іншай краіны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, беларуска-амерыканскія адносіны доўгія гады заставаліся практычна ў спячцы. «Шмат што трэба будзе нагнаць. Аднак важна тое, што сёння мы размаўляем і слухаем адзін аднаго», — адзначыў Прэзідэнт.

«Што тычыцца Еўрапейскага саюза, то нам жыццёва неабходна ўжо сёлета істотна рушыць наперад у дасягненні паўнавартаснага ўзаемадзеяння з ім па ўсіх кірунках. Мы цэнім, што адменены абмежавальныя меры ў дачыненні да нашай краіны. Развіваюцца розныя двухбаковыя інструменты палітычнага дыялогу», — сказаў беларускі лідар.

Беларусь таксама заўсёды займала актыўную пазіцыю ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. «І таму асабліва ганарымся, што нам даверана правядзенне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Важна, што да нас у госці прыедуць сотні еўрапейскіх парламентарыяў, якія на ўласныя вочы пабачаць, як жыве і развіваецца сучасная Беларусь, чым дыхае беларускі народ. Хаваць нам няма чаго. Мы адкрыем дзверы для ўсіх ахвотных прыехаць і паглядзець на нашу краіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў адысці ад ранейшых прынцыпаў у адносінах з Беларуссю. «Перастаньце намі панукваць! Вось (у Беларусі) ужылі празмерную нейкую сілу. Мы ж бачым, што адбываецца ў самім Еўрапейскім саюзе. Мы што, вадзіцай палівалі, газам труцілі людзей, яшчэ нешта рабілі? Не! А вы гэта рабілі, і ў гэты ж час! І тыя краіны, якія труцілі слёзатачывым газам дэманстрантаў, пачынаюць нас папракаць, што мы ўжылі нядаўна нейкую сілу. Дзіўныя падыходы», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў некаторых заходніх краінах ёсць істотныя недахопы ў пытаннях забеспячэння бяспекі. «Хіба гэта дапушчальна, што б'юць, ламаюць, грузавікамі душаць. І дзе — у цывілізаваных квітнеючых краінах. Вы даскачацеся, што хутка гэтыя сілы, якіх вы баіцеся (мы таксама іх не вітаем), будуць ва ўладзе. Вось тады вы зразумееце, што вы страцілі», — падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў сітуацыю, звязаную з адбываннем пакарання за тэракт, здзейснены нарвежцам Андэрсам Брэйвікам. «І ён яшчэ кажа, што дрэнна яму там у турме жывецца. У трохпакаёвай кватэры камп'ютар не той паставілі... Мы вас не разумеем. Вы што, нас да гэтага штурхаеце?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць праблемныя пытанні і ў сферы гандлёва-эканамічных адносін: «Дайце нармальны крэдыт пад абсталяванне. Гэта ж вам пойдуць грошы. Не, узнімаюць цану на гэтыя грошы... Пазачыняліся. Немагчыма ні тэкстыль прадаць нармальна, ні па іншых таварных групах». «А калі я заўтра вас прыкрыю на гэтай мяжы? Вы па якіх дарогах будзеце перамяшчацца? Але мы ж гэтага не робім. Дык і вы разумейце нас», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў жыць дружна і заявіў пра гатоўнасць да гэтага беларускага боку. «Але не трэба нас увесь час у спіну штурхаць, — сказаў ён. — Вы скажыце, што вы ад нас хочаце. Мы вам скажам, на што мы здольныя сёння».

«Калі вы хочаце са мной паспрачацца па дэмакратыі, давайце адкрыта правядзём у вашых СМІ дыскусію. Давайце, я адзін — вы ўсе. І я дакажу вашым народам, і яны зробяць пэўную выснову, мае рацыю Лукашэнка ці не. Мы выстаім, не хвалюйцеся, праўда заўсёды пераможа. Але што вы будзеце мець на гэтым кавалку зямлі, які вам яшчэ ой як спатрэбіцца? Таму, еўрапейцы, вы адумайцеся, і давайце разам працаваць над стабілізацыяй абстаноўкі ў Еўропе. Мы шмат што вам можам прапанаваць і ў шматлікіх працэсах на карысць вам паўдзельнічаць», — заявіў беларускі лідар.

Супрацоўніцтва і стваральная праца

Гаворачы аб адносінах Беларусі з Расіяй, Прэзідэнт адзначыў, што яны традыцыйна носяць асаблівы стратэгічны характар. «Дасягнуты ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі, даверныя асабістыя адносіны паміж прэзідэнтамі дазваляюць нам адкрыта абмяркоўваць усе адчувальныя праблемы, знаходзіць кампраміс. Гэтак жа было і на апошняй сустрэчы, калі мы знайшлі развязкі па ўсіх адчувальных для нашых краін пытаннях. І, галоўнае, у інтарэсах народаў Беларусі і Расіі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта не значыць, што ў бакоў больш не засталося абсалютна ніякіх праблем. Але вырашаны тыя пытанні, якія наспелі ў цяперашні час. «Жыццё ідзе, усякае магчыма. Цяжкасцяў у нас вельмі шмат і ў Расіі, і ў Беларусі. Але мудрасць і задача дзяржаўнага служачага на ўсіх узроўнях і павінна заключацца ў тым, каб гэтыя праблемы не назапашваліся. Яны павінны вырашацца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што супрацьстаяць выклікам сучаснага свету ў адзіночку складана. Беларусь будзе гэта рабіць калектыўна, «узаемадзейнічаючы ў АДКБ і на саюзным узроўні з Расійскай Федэрацыяй». Штогод Беларусь і Расія праводзяць больш за 40 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, у тым ліку маштабныя вучэнні з прыцягненнем многіх родаў войскаў.

Чарговыя буйныя манеўры «Захад-2017» пройдуць восенню. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэтыя вучэнні некаторымі еўрапейскімі партнёрамі былі ўспрынятыя як выпад. Такая пазіцыя выклікала здзіўленне беларускага боку. Прэзідэнт звярнуў увагу, што на вучэннях у якасці назіральнікаў змогуць прысутнічаць замежныя эксперты.

«Інтарэсам Беларусі адпавядае і пакрокавае паглыбленне дыялогу з ваенным блокам НАТА. Гэта важна для зніжэння патэнцыйных рызык з улікам, што натаўскія структуры знаходзяцца ўжо каля нашых межаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што ў гэтым плане бакам трэба рабіць крокі насустрач адзін аднаму. «У нас ёсць праблемы, якія трэба вырашаць. Эканомікай трэба займацца», — заўважыў Прэзідэнт.

Беларусь гатовая ў любы момант стаць пляцоўкай для дыялогу па падабенстве з Хельсінкскім працэсам. «Падзеі, што адбываюцца сёння ў свеце і на кантыненце, зноў і зноў дэманструюць актуальнасць беларускай ініцыятывы па наладжванні новага маштабнага дыялогу паміж Усходам і Захадам, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу. Яшчэ раз хачу пацвердзіць: калі ў гэтым будзе неабходнасць, і свет у гэтым зацікаўлены, Мінск гатовы ў любы момант стаць месцам для дыялогу, накіраванага на асэнсаванне новых правілаў светабудовы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сучасны свет імкліва змяняецца, прычым не ў бок стабільнасці і бяспекі. «Сёння на планеце адбываюцца ўсё больш трывожныя працэсы. Узмацняюцца вядомыя нам выклікі і пагрозы, узнікаюць і якасна новыя. На жаль, хваравітая выпрацоўка новай светабудовы ідзе не столькі за сталом перагавораў, колькі ў гарачых кропках. Небяспечнымі тэндэнцыямі становяцца дэфіцыт гатоўнасці ўплывовых сусветных гульцоў да кампрамісаў, разбалансіроўка ранейшай сістэмы стрымлівання і проціваг, імкненне асобных дзяржаў «пагуляць мускуламі», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, па сутнасці, адбываецца дрэйф да новага блокавага супрацьстаяння. «Сёння ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Хто яшчэ нядаўна мог уявіць сабе, што цэлыя раёны асобных дзяржаў патрапяць пад кантроль тэрарыстаў? Што ў шчаслівай Еўропе людзі будуць гінуць ад выбухаў або пад коламі грузавікоў, якімі кіруюць фанатыкі? Як паказалі трагічныя падзеі апошняга года, з тэрарыстычнай пагрозай можа сутыкнуцца любы грамадзянін любой дзяржавы ў любым месцы свету. Толькі за апошнія тыдні — крывавыя тэракты ў Піцеры, Стакгольме, Танце, Александрыі. Усё гэта — рэаліі сённяшняга дня», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на праблемы ў сферы міграцыі. «Мільёны бежанцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі хлынулі на Еўрапейскі кантынент. Маштабы нелегальнай міграцыі прымушаюць еўрапейцаў усур'ёз хвалявацца аб захаванні сваёй ідэнтычнасці. Краіны Еўрасаюза аказаліся не гатовыя да такога масіраванага патоку і з пераменным поспехам спрабуюць выпрацаваць сістэмныя меры па яго ўпарадкаванні. Нелегальная міграцыя цягне за сабой злачыннасць, падсілкоўвае тэрарызм», — адзначыў ён.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ў сусветнай эканоміцы адбываюцца фундаментальныя трансфармацыі. Нароўні з магутнымі сацыяльна-эканамічнымі выклікамі і дысбалансамі ўзнікаюць і новыя глабальныя праекты супрацоўніцтва з адкрытай архітэктурай, такія як эканамічны пояс Шаўковага шляху. «Беларусь не можа застацца ў баку ад гэтых працэсаў. Мы павінны стаць адной з вузлавых платформаў новага Шаўковага шляху ў Еўразійскім рэгіёне. Тым больш, нам прапануюць гэта нашы кітайскія партнёры. Максімальна выкарыстоўваць усе стымулы, якія дае Кітай, прасоўваючы гэтую ініцыятыву», — заявіў беларускі лідар.

«Прытым яе адметная асаблівасць (як бы яе ні крытыкавалі і як бы ні перашкаджалі гэтай ідэі ў ЗША ці асабліва ў Еўрапейскім саюзе) у тым, што гэта, скажу па-народнаму, не «жлобства» з боку буйной дзяржавы. Ідучы ў гэтыя рэгіёны, КНР на шляху інвестуе каласальныя сродкі ў развіццё тых дзяржаў, праз якія праляжа Шаўковы шлях, — сказаў Прэзідэнт. — Мудрыя кітайцы зрабілі правільны вывад з існуючай сітуацыі. Не нахрапам, не бульдозерам прайсціся, не з дапамогай нейкіх крылатых ракет пракласці шлях на новыя рынкі, а падымаючы і падтрымліваючы тыя народы, якія будуць падтрымліваць гэты Шаўковы шлях».

«Беларусь — краіна, адкрытая ўсім геапалітычным і эканамічным «вятрам», і тое, што адбываецца вакол нас, аказвае сур'ёзны ўплыў на развіццё нашай дзяржавы. Мы не можам і не павінны ізаляваць сябе ад навакольнага свету. Бо вялікая частка вырабленай у нас прадукцыі адпраўляецца на экспарт. Таму, хочам мы таго ці не, але вымушаны трымаць дзверы адкрытымі. Ды і не ў характары прыязных, гасцінных беларусаў узводзіць раздзяляльныя сцены, адгароджвацца ад каго б там ні было. У нас іншыя прынцыпы. Супрацоўніцтва і стваральная праца — вось сутнасць нашай палітыкі», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Па прынцыпе нацыянальнага пратэкцыянізму

«У сусветнай эканоміцы ўсё больш умацоўваецца прынцып нацыянальнага пратэкцыянізму — кожны сам за сябе! Гэткі эканамічны нацыяналізм. Гэта ўскладняе прасоўванне нашай прадукцыі. Напрыклад, Еўропа хоць і пайшла з намі на некаторае збліжэнне, па-ранейшаму не дае ходу шэрагу беларускіх вырабаў. Рынкі краін так званай далёкай дугі даўно падзелены, і ўлезці туды цяжэй, чым вярблюду прайсці праз вушка іголкі», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў спадчыну ад Савецкага Саюза Беларусі дасталася вельмі спецыфічная гаспадарка. «Наша прамысловасць уяўляла сабой фінішны, завяршальны этап вытворчасці цэлых галін велізарнай дзяржавы. Стаўшы незалежнай, рэспубліка была асуджаная на тое, каб большую частку таго, што вырабляецца тут, вывозіць за мяжу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Вынікам гэтага стала залежнасць ад знешніх рынкаў. «Дастаткова аднаму з важных партнёраў на чымсьці спатыкнуцца, гэта тут жа адчуваецца ў нас. Санкцыйныя адносіны падкасілі многіх. Тыя, хто раней заўжды купляў нашы трактары, грузавікі, сельгастэхніку, бытавую тэхніку, мэблю, вопратку, абутак і іншае, самі ледзь зводзілі канцы з канцамі. Таму не маглі плаціць і купляць нашы тавары», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Патрабаванні да ўсіх галін улады будуць толькі ўзмацняцца, заявіў Прэзідэнт. «На сённяшні дзень наша жыццёвая неабходнасць — гэта нарошчванне экспарту і прыцягненне інвестыцый. Я вельмі жорстка патрабую выканання гэтых задач, бо ведаю, што гэтыя пытанні сёння можна вырашыць. Калі б нельга было вырашыць, не было б такога ціску, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Націск на выканаўчыя органы, усе галіны ўлады будзе толькі ўзмацняцца. Мы павінны паказаць усяму свету, што здольныя функцыянаваць як суверэнная незалежная дзяржава. Калі нехта хоча падняўшы рукі ісці здавацца — калі ласка».

«Я яшчэ глыбока не вывучаў, не глядзеў вынікі першага квартала гэтага года, але думаю, што ўсё разумеюць службовыя асобы, у тым ліку вышэйшыя, што хлусіць небяспечна. Намецілася нейкая тэндэнцыя наперад, як яны заяўляюць. Гатовы ў гэта паверыць. І гэта мы зрабілі літаральна за сакавік і некалькі дзён красавіка. Таму што студзень-люты цалкам правалілі і праспалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы

«Першае, што нам трэба зрабіць, — змяніць стаўленне да інвестараў. Не ўладальнік капіталу павінен хадзіць па кабінетах, каб укласці ў Беларусь свае грошы, а мы абавязаны забяспечыць яму зялёную вуліцу ў краіне. Усе пытанні павінны вырашацца аператыўна!» — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы для інвеставання. Атрымалася дамагчыся макраэканамічнай стабілізацыі, няма палітычных узрушэнняў, дзейнічае адпаведнае заканадаўства. Не робіцца ніякіх адрозненняў паміж айчыннымі і замежнымі інвестарамі. «Узнікае пытанне: калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб'ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?» — спытаў беларускі лідар.

«Сёння на пазіцыю найбуйнейшага інвестара ў свеце выходзіць дружалюбны нам Кітай. Усе рэгіёны рэспублікі ўстанавілі з правінцыямі Кітая пабрацімскія сувязі, дамовіліся аб рэалізацыі шэрагу праектаў. Чаму не відаць канкрэтных спраў? За гэта таксама спытаем», — сказаў Прэзідэнт.

Работа з інвестарамі стане вызначальнай у ацэнцы эфектыўнасці кіраўнікоў усёй мясцовай вертыкалі. «З гэтага часу якасць работы з замежным інвестарам і аб'ём прыцягнутых сродкаў будуць разглядацца як вызначальныя паказчыкі эфектыўнасці кіраўнікоў усёй мясцовай вертыкалі. Рабіце высновы», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што задачу губернатарам аб штогадовым прыцягненні ў кожную вобласць не менш як $100 млн прамых кітайскіх інвестыцый ніхто не адмяняў. Больш за тое, Беларусі прадастаўлена велізарная крэдытная лінія Кітайскай Народнай Рэспублікі.

«Зноў жа, сустракаючыся нядаўна з прадстаўнікамі КНР, мы закраналі гэта пытанне, і яны кажуць: давайце нам праекты, мы гатовыя іх фінансаваць на выгадных для краіны ўмовах. Чаму марудзім? Але трэба ўлічыць, што гэтыя грошы мы не можам укладаць у сацыяльныя ці доўгаакупныя праекты, нават у дарогі. Гэтыя грошы трэба ўкладаць у хуткаакупныя праекты — у вытворчасць», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Замежныя інвестыцыі — рэальны паток недаўгавога знешняга фінансавання, які мог бы быць накіраваны на стварэнне новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў для зніжэння напружанасці на рынку працы, скарачэння беспрацоўя і павелічэння занятых у эканоміцы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Больш дэталёва сітуацыя ў эканоміцы краіны ў найбліжэйшы час будзе разгледжана на рэспубліканскай нарадзе з удзелам урада, Нацыянальнага банка, усёй вертыкалі ўлады і кіраўнікоў найважнейшых арганізацый. «Усе павінны быць нацэлены на вынік. А сёння гэта перш за ўсё пытанні занятасці, росту заработнай платы, стабільнасці цэн», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб рабоце Еўразійскага эканамічнага саюза, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Несумненна, была надзея на створаны Еўразійскі эканамічны саюз. Усё ж такі шмат аб чым дамовіліся, каб аблегчыць рух тавараў, капіталаў, рабочай сілы, падраўняць умовы гаспадарання. Заставалася толькі наладзіць сістэмную работу і рухацца наперад па намечаным шляху. Пакуль не зусім атрымліваецца», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, заключаць дамовы аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з той ці іншай дзяржавай прасцей. «Быццам і гучыць прыгожа. А вось займацца руціннай дзейнасцю па выбудоўванні роўных, узаемапаважлівых адносін, заснаваных на ўжо падпісаных дзяржавамі-членамі дакументах, — задача, як аказалася, значна больш складаная», — заўважыў ён.

«Мы пастаянна высвятляем адносіны, то папракаем адзін аднаго ў дэмпінгу, то не можам падзяліць агульны крэдытны фонд. Нам усім неабходна зразумець галоўнае: рынак Еўразійскага эканамічнага саюза — гэта не рынак якой-небудзь адной ці другой краіны і саюзнікаў, якія далучыліся да іх. Гэта наш агульны, самадастатковы рынак, развіваючы які мы зможам справіцца з любымі санкцыямі і выйсці з гэтага эканамічнага супрацьстаяння пераможцамі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пратэкцыянізм негатыўна адбіўся і ў рамках ЕАЭС, што прывяло да скарачэння тавараабароту паміж яго членамі.

Знайсці сваё месца на рынку тавараў і паслуг

У нейкай меры з-за гэтага Беларусь па выніках 2016 года не змагла выйсці на прагнозныя паказчыкі па экспарце. Валавы ўнутраны прадукт зменшыўся на некалькі працэнтаў, знізіўся прыток інвестыцый, узмацнілася напружанасць на рынку працы, не ўдалося ўтрымаць на ранейшым узроўні рэальныя даходы насельніцтва.

«Выхад адзін: закасаўшы рукавы ўсім народам узяцца за вырашэнне надзённых праблем. Бо няўдачы, якія праследавалі нас апошнім часам, былі не толькі следствам знешніх фактараў, іх нямала і ўнутры», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Нас не пускаюць на рынак Еўрасаюза. А мы чаму не адказваем? Чаму не абараняемся? Чаму мы аналагічна ім абсалютна сіметрычна і адэкватна не паказалі каштоўнасць Беларусі? Я чакаю ад урада ў гэтым кірунку канкрэтных дзеянняў», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэаліі такія, што на планеце непадзеленых рынкаў не засталося. «Прыходзячы ў любую краіну, нават на якім-небудзь аддаленым кантыненце, мы сутыкаемся не толькі з мясцовымі вытворцамі, але і з канкурэнтамі, перш за ўсё з ЗША, Еўрапейскага саюза, Японіі і асабліва з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яны малайцы, умеюць працаваць на рынках і ўмеюць сябе зарэкамендаваць, перш за ўсё дзякуючы таму, што не выкарыстоўваюць ніякія папярэднія ўмовы і сілавыя кампаненты, яны ідуць з грашыма, ствараюць працоўныя месцы і цывілізаваным эканамічным метадам, мякка кажучы, захопліваюць гэтыя рынкі — так, як і павінна быць у цывілізаваным свеце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму, каб хоць неяк зачапіцца за гэтыя рынкі, у іх даводзіцца літаральна ўгрызацца зубамі: у Афрыку, Лацінскую Амерыку, Паўднёва-Усходнюю Азію і Блізкі Усход. І такія задачы даўно пастаўленыя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры для нарошчвання экспарту паслуг. «Да гэтага часу не рэалізаваны патэнцыял, звязаны з экспартам паслуг. А на ім мы заўсёды нядрэнна зараблялі. Трэба вярнуць страчаныя пазіцыі і ў далейшым з году ў год ўмацоўваць. Асаблівая ўвага — найбольш перспектыўным відам паслуг: інжынірынгавым, турыстычным», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў прыкметнае прасоўванне Беларусі апошнім часам у развіцці турыстычнай галіны: варта было звярнуць крыху больш увагі на гэты сектар эканомікі — і ўжо прыкметныя зрухі.

«Ёсць перспектывы ў развіцці экспарту будаўнічых паслуг. Нашы пазіцыі тут значна ўмацаваліся пасля ўзвядзення горна-ўзбагачальнага камбіната ў Туркменістане. Упэўнены, цяпер прафесіяналізм нашых будаўнікоў будзе яшчэ больш запатрабаваны на сусветных рынках», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Адкрыю невялікі сакрэт: падчас прыёмкі горна-ўзбагачальнага камбіната Прэзідэнт Туркменістана папрасіў пабудаваць другі такі камбінат. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што ўжо абвешчаны конкурс на яго будаўніцтва. Мне абяцана, што будуць прынятыя ўсе меры для таго, каб беларусам даверыць будаўніцтва другога камбіната. Я сказаў, што калі мы захочам, то і так выйграем гэты тэндар», — распавёў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што трэба ўсё прадумаць, паколькі база там створана: месца будучага будаўніцтва знаходзіцца за 40 або 60 км ад дзеючага камбіната. «Калі ўмовы будуць прымальныя, то не трэба прадаваць гэтую базу: трактары, бульдозеры, экскаватары і іншую тэхніку, а перамясціць іх на 40 км і будаваць, калі акажамся пераможцамі, другі горна-ўзбагачальны камбінат. Але яшчэ раз падкрэсліваю: трэба ўлічыць усе памылкі, якія былі намі дапушчаныя пры будаўніцтве першага Гарлыкскага камбіната», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Людзей працаўладкаваць, зарплату — зарабіць

Гаворачы аб пытаннях працаўладкавання, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Трэба прывыкаць да таго, што не работа павінна ісці да людзей, а людзі ісці за работай. Так прынята ва ўсім свеце».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што варта клапаціцца пра матэрыяльную падтрымку беспрацоўных. «Важна, каб яны былі сацыяльна абаронены, але перш за ўсё неабходна, каб чалавек сам імкнуўся ўладкавацца на працу. А наша задача — дапамагчы яму ў гэтым», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнікам на месцах дадзена даручэнне: да 1 мая бягучага года прадаставіць магчымасць працаўладкавацца ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу і хто хоча працаваць. «Будзеце асабіста перада мной за гэта даваць справаздачу», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

«Як мяне інфармуюць, сёння такая дзейнасць у краіне разгорнута, — сказаў Прэзідэнт. — У выканкамах створаны камісіі па працаўладкаванні, у якія можа звярнуцца любы грамадзянін і атрымаць садзейнічанне. Чалавек можа звярнуцца не толькі на біржу працы — у органы ўлады. І я ўпэўнены, яму прапануюць работу».

Кажучы пра заработную плату, Прэзідэнт адзначыў: «Ураду пастаўлена задача (усім, не толькі ўраду): забяспечыць сёлета сярэдні заробак па краіне не менш за Br1000. Некаторыя адказныя асобы ў размовах паміж сабой называюць гэтую лічбу непад'ёмнай. Хачу перасцерагчы кагосьці ад упадніцкіх заяў. Хто не можа падымаць — трэба сыходзіць на больш лёгкую работу. Вы не дзеля таго займаеце высокія дзяржаўныя пасады, каб адмахвацца ад жыццёва важных праблем».

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што амаль усё залежыць ад кіраўніка. «Там, дзе людзі не цягнуць, там, дзе людзі не могуць (кіраўнікі прадпрыемстваў), — трэба тэрмінова вырашыць кадравыя праблемы. Час сыходзіць», — дадаў ён.

Што датычыцца найбольш праблемных прадпрыемстваў, то падыходы да іх фінансавага аздараўлення павінны быць гнуткімі. Асабліва там, дзе вытворчыя аб'екты з'яўляюцца горадаўтваральнымі. «У такіх выпадках упор трэба рабіць на перапрафіляванне і аптымізацыю колькасці работнікаў, — сказаў беларускі лідар. — Але перш — паклапаціцца аб перанавучанні людзей і прадастаўленні ім іншых месцаў, калі гэта трэба». Задача адказная і вельмі неабходная, падкрэсліў ён.

«Ашуканства ў гэтай справе недапушчальнае. Нават не думайце без уліку прадукцыйнасці працы выдаць па Br1000. Яны павінны быць заробленыя». Прафесіяналізм кіраўнікоў у тым і заключаецца, каб стварыць для гэтага ўмовы, знайсці рэзервы, перш за ўсё ў арганізацыі працы.

«Гэта задача комплексная. Тут завязаныя такія праблемы, як далейшае пераўзбраенне старых і стварэнне новых вытворчасцяў, укараненне сучасных тэхналогій, паўсюдная аўтаматызацыя. Патрэбна падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў высокага класа, здольных стаць галоўнай рухальнай сілай прагрэсу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але такія маштабныя зрухі — справа не аднаго года. А вось у чым мы зможам атрымаць імгненную аддачу, дык гэта ў паляпшэнні арганізацыі працы. Маецца на ўвазе комплекс мер, пачынаючы са скарачэння залішняй колькасці працуючых там, дзе гэта магчыма (ні ў якім разе людзей з прадпрыемстваў на вуліцу не выкідваць — пытанне павінна ўзгадняцца з органамі ўлады, чалавека трэба перавесці праз вуліцу і накіраваць на іншую работу), захавання працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны і заканчваючы сістэмай стымулявання працы. Варта прытрымлівацца зразумелай схемы: вырабіў — прадаў — атрымаў. Няма якаснага, ліквіднага тавару — няма зарплаты».

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў Беларусі да гэтага часу не ўдалося падняць прэстыж дзяржаўнай службы. «Адказнасць вялізная, праца на знос часам у некаторых, а стымулаў не так ужо і шмат. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб дзяржслужба стала адной з самых прывабных», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На гэта нацэлена аптымізацыя дзяржапарату, якая праводзіцца ў Беларусі. «Трэба дакладна вызначыць, хто будзе дзяржслужачым, а хто будзе працаваць па найме ў тых ці іншых дзяржаўных структурах, не з'яўляючыся дзяржслужачым», — растлумачыў Прэзідэнт. Неабходна таксама прыняць усе законы па дзяржаўнай службе.

«Дзяржаўная служба павінна быць роўная ваеннай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржаўных служачых павінна быць столькі, колькі трэба, — няшмат».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: аптымізацыя дзяржапарату, якая праводзіцца ў краіне, — гэта не механічнае скарачэнне колькасці, а рацыянальны перагляд функцый, выключэнне іх дубліравання, дэлегаванне на месцы паўнамоцтваў, правоў на прыняцце рашэнняў, але разам з гэтым і адказнасці за стан спраў у рэгіёнах.

Адным з ключавых крытэрыяў сталасці дзяржаўнага апарату з'яўляецца ўменне працаваць з людзьмі, чуйна і ўважліва ставіцца да кожнага чалавека. Такі падыход павінен быць уласцівы ўсім галінам улады, перакананы Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы даручыў новаму беларускаму парламенту, які абраны мінулай восенню, актыўна працаваць у гэтым кірунку. «Сустрэчы з насельніцтвам, у акругах і працоўных калектывах, рэальная дапамога людзям у вырашэнні іх праблемных пытанняў — вось
галоўныя задачы народных абраннікаў. Трэба разам — мясцовай вертыкалі, дэпутатам усіх узроўняў, грамадскім арганізацыям — забяспечыць прамую, аператыўную сувязь улады і народа. Мы павінны ўмець слухаць і чуць людзей, якія даверылі нам кіраванне дзяржавай!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў зрабіць высновы з сітуацыі па Дэкрэце №3. У краіне налічваецца каля 350 тысяч чалавек, якія не былі заняты на рынку працы. «Што будзем з імі рабіць? Калі вы прапануеце іншую альтэрнатыву (Дэкрэта №3), як прымусіць іх працаваць, я адступлю. 350 тысяч чалавек павінны працаваць, таму што яны нам ствараюць велізарную праблему, перш за ўсё праваахоўнай сістэме. А наогул гэта 500 тысяч чалавек — 150 тысяч мы з розных прычын вызвалілі ад «цяжару» працаваць».

Беларускі лідар падкрэсліў, што трэба рабіць высновы з таго, што адбылося. «Так, мы дрэнна на месцах рэалізавалі. Але ківаць толькі на месцы, скідаючы з сябе адказнасць, — не той шлях. У нас вертыкаль улады, і мы нясем за гэта адказнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуўся да парламентарыяў: «Праблема ёсць, яе трэба вырашаць. Як будзем дзейнічаць? Ізноў прапісаць, як мне прапанавалі: не працуеш — павінен нейкую суму ўнесці. Але вы ж разумееце, што 10 тысяч чалавек унясуць гэтыя грошы і забудуць. А астатнія да лютага або сакавіка наступнага года ні капейкі не ўнясуць. Яны і працаваць не пойдуць, калі іх не прымусіць. Ім прасцей выйсці на вуліцы, на плошчы і крычаць гвалтам. А яшчэ падсунуць нейкую капейку за тое, што выйшаў на вуліцы, — бо так было. Таму патрэбна новая канцэпцыя — прымусіць кожнага працаваць».

Самае важнае — захаваць кваліфікаваныя кадры. Прэзідэнт спадзяецца, што «адказныя за гэта кіраўнікі і спецыялісты не падвядуць».

Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі сур'ёзнай праблему занятасці грамадзян, перш за ўсё неканкурэнтаздольных на рынку працы. Для іх прадугледжаны браніраванне працоўных месцаў у розных арганізацыях, прыярытэтнае накіраванне на навучанне. «Мы і надалей будзем трымаць гэтае пытанне на кантролі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Праверкі добрасумленным не патрэбныя

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі заявіў: «Трэба сур'ёзна паглядзець на работу кантрольных органаў. Залішніх праверак, якія паралізуюць бізнес, быць не павінна. Прадпрыемствы, якія нармальна працуюць, не трэба пастаянна правяраць. А вось нядобранадзейныя, якія трапілі ў гэты шэраг, павінны знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы. Яшчэ больш пільным, чым ёсць цяпер».

Паводле яго слоў, сумленная праца з'яўляецца залогам таго, што кантрольныя органы не прыйдуць на прадпрыемства. «А калі прыйдуць, самым жорсткім чынам будзем з гэтым разбірацца. Хадзіць на прадпрыемствы, дзе кіраўнікі працуюць добрасумленна, не трэба. І не чакайце ніякіх дэкрэтаў — працуйце па жыцці сумленна і прыстойна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі сапраўды шмат адміністрацыйных бар'ераў. «Яны тармозяць развіццё любой дзелавой ініцыятывы, а часам проста нішчаць усё на корані. Як мне расказваюць, чалавеку неабходна здзейсніць каля 12 адміністрацыйных працэдур, каб адкрыць невялікую кавяраньку. На іх, па самых сціплых падліках, патрэбна каля 6 месяцаў. А ў гэты ж час прадпрымальнік мог бы сам працаваць, ствараць працоўныя месцы для іншых. Не лепшым чынам ідуць справы ў будаўнічай сферы. Каб атрымаць рашэнні выканкама аб прадастаўленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва, суб'ектам гаспадарання даводзіцца чакаць паўтара года, а то і больш. І гэта мы змагаемся з бюракратызмам і валакітай?!» — задаўся пытаннем Прэзідэнт. Ён звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай: «Вы адказваеце за гэтае пытанне. Дырэктыву Прэзідэнта ў гэтым плане ніхто не адмяняў».

Кантроль дзяржавы і адказнасць бізнесу за сваю работу павінны захавацца. «Мне дакладвалі, што многія прадстаўнікі дзяржорганаў, бізнесу пярэчылі супраць мер адказнасці, пра што я толькі што сказаў. Пытацца будзем з усіх — і з дзяржструктур, і з бізнесу па поўнай праграме. І найважнейшая задача кантролю ляжыць на Прэзідэнце і дэпутатах, таму што нас выбраў народ, і ён мае права з нас патрабаваць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з бізнесу будзе знятая залішняя нагрузка. «Мы здымем гнёт, гарантыя — здымем, але адказнасць за ўсё будзе несці бізнес. Яны, дарэчы, гэтага не хочуць, я ўжо атрымліваю аб'ёмную інфармацыю. Маўляў, так, дзяржава робіць буйныя крокі, абмяркоўваючы гэтыя праблемы, але яна перакладае больш адказнасці на нас — за калектыў, прадпрыемства, работу, а мы гэтага не хочам. Не, дарагія мае, хочаце вы гэтага ці не, калі пайшлі ў бізнес — несці адказнасць будзеце перш за ўсё за людзей», — заявіў ён.

Пакет дакументаў, падрыхтаваны рабочай групай, створанай для стымулявання дзелавой актыўнасці і выключэння залішніх патрабаванняў, што прад'яўляюцца да суб'ектаў гаспадарання, а таксама далейшага ўдасканалення кантрольнай і нагляднай дзейнасці, павінен адсекчы ўсё лішняе. «І гэтыя дакументы ў найбліжэйшы час павінны паступіць на разгляд Прэзідэнта. Разглядаць канчатковы варыянт таксама будзем публічна, я вам гэта абяцаю. Па выніках работы правядзём дэталёвы аналіз, наколькі адказна зацікаўленыя органы паставіліся да майго даручэння», — заявіў ён.

Захаваць чалавечы і інтэлектуальны капітал

«Чалавечы капітал з'яўляецца для нас самай высокай каштоўнасцю. Бо гэта інвестыцыі ў будучыню. Здаровая, адукаваная нацыя з багатай культурай — аснова паспяховай дзяржавы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што незалежная Беларусь была і застаецца дзяржавай для народа, дзе ўсе намаганні ўлады павінны быць сканцэнтраваны на дасягненні галоўных мэт — сацыяльнай справядлівасці, павышэння якасці жыцця людзей і іх дабрабыту. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важнай задачай з'яўляецца павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця ў краіне. «У бягучым годзе яна павінна набліжацца да 75 гадоў. 74 — жалезна. Але гэта для нас не мяжа», — сказаў ён.

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, ні адна дзяржаўная сацыяльная праграма не была і не будзе спыненая. Будуць пастаянна ўдасканальвацца метады работы ў адносінах да пажылых грамадзян. «Нашы ветэраны вайны і працы, якія баранілі Радзіму, якія паднялі прамысловасць і сельскую гаспадарку, не застануцца без дапамогі дзяржавы. Ім і надалей будзе забяспечана своечасовая выплата пенсій, памер якіх будзе павышацца разам з ростам заработнай платы», — адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, працягнецца падтрымка сем'яў, малазабяспечаных і пажылых грамадзян, а таксама тых, хто страціў працаздольнасць.

«Мы павінны стварыць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі такія ўмовы, каб яны ў далейшым маглі атрымліваць добрую адукацыю, прафесійныя навыкі і быць запатрабаванымі на рынку працы. Свет вакол гэтых людзей павінен стаць іншым», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Яшчэ адной кропкай росту з'яўляецца паўсюднае ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій. Яны ўжо шырока прымяняюцца ў ахове здароўя, адукацыі, банкаўскай сферы, на мытні. Ва ўжытак увайшлі электронны рэцэпт, школьны электронны дзённік, электронны банкінг, — адзначыў Прэзідэнт. — Але свет не стаіць на месцы. Нам трэба больш актыўна ўкараняць інфарматызацыю ў сферы бытавых паслуг, гандлю, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на транспарце, скарачаць папяровы дакументаабарот за кошт паўсюднага выкарыстання тэхналогій электроннага ўрада». Аляксандр Лукашэнка даручыў да стварэння электроннага ўрада прыцягнуць Парк высокіх тэхналогій.

Прэзідэнт патрабуе стварыць умовы для прыцягнення сусветных ІТ-лідараў у краіну. «Наша задача — даць такія ўмовы, каб сусветныя лідары ў гэтай сферы адкрывалі ў Беларусі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Сёння нашым Паркам высокіх тэхналогій, ІТ-супольнасцю вядзецца абагульненне найлепшай сусветнай практыкі, збіраюцца ўсе ідэі, якія дазволяць прыбраць любыя перашкоды на шляху развіцця ІТ-сферы. Ураду, Адміністрацыі Прэзідэнта трэба актыўна падтрымаць гэтую працу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што падобная работа ў Беларусі вядзецца і па разняволенні бізнесу. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна наведваў адну з беларускіх ІТ-кампаній. «Тады мы дамовіліся, што наступным этапам развіцця будзе будаўніцтва ІТ-краіны. Усё, што рэалізуецца ў сферы высокіх тэхналогій у свеце, павінна знайсці прымяненне ў Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што да такіх тэхналогій можна аднесці штучны інтэлект, дапоўненую рэальнасць, беспілотныя аўтамабілі, тэхналогію блокчэйн, лічбавыя валюты.

Ліміт для цэнаўтварэння

У краіне створана Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у абавязак якога пастаўлены маніторынг цэн на спажывецкім рынку. «Але кантраляваць цэны павінны ўсе, каб не дапусціць іх неабгрунтаванага росту! Тым больш што працуе спецыяльная гарачая лінія па гэтых пытаннях, куды можа звярнуцца кожны чалавек. І мы павінны адрэагаваць на любую заўвагу грамадзян», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мяне насцярожвае, што нядаўна міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якому была пастаўлена дакладная задача, адышоўшы ад гэтай задачы, заявіў: «Мы не будзем, напэўна, кантраляваць цэны, мы больш будзем арыентавацца на развіццё канкурэнцыі». Ці, можа, я дрэнна пачуў, ці не зразумеў чагосьці. Паўтараю вам публічна: ваша задача — кантроль за цэнаўтварэннем, як калісьці вы пачалі гэта рабіць на заранку сваіх першых крокаў на гэтай пасадзе. І вы гэта ўмееце і павінны рабіць. І ніякія рэфарматары і МВФ вам не ўказ, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча. — Кантралюйце цэнаўтварэнне, асабліва па тых таварах, якія падлягаюць кантролю».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адыход ад гэтай задачы прывёў да таго, што кошт цукру неабгрунтавана павялічыўся на 25%. «Цукровыя буракі — адзін з самых рэнтабельных прадуктаў, якія мы вырошчваем у сельскай гаспадарцы, усе хочуць іх апрацоўваць. Гродзенцы гэта лепш за ўсё ведаюць. Перапрацоўшчыкі цукровых буракоў працуюць з добрым прыбыткам. На рынку патрэба ў цукры даволі вялікая — мы ўсё прадаём, што вырошчваем і нават па экспарце. Дык чаму падскочылі цэны?» — задаўся пытаннем Прэзідэнт. Ён выказаў сумненне ў тым, што канкурэнцыя паміж цукровымі заводамі дасць адваротны эфект. «Таму ваша галоўная задача, а я на вас вельмі разлічваў і разлічваю пакуль, — цэнаўтварэнне. Рабіце так, як вы гэта ўмееце рабіць. Яшчэ раз падкрэсліваю: не слухайце нікога, хто будзе вас пераконваць у нейкай лібералізацыі. Лібералізацыя добрая для таго, хто не мае праблем і ў каго ў кішэні добрыя грошы. А ў нас мільёны людзей, якія сёння грошай шмат не маюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Уладзіміра Калтовіча.

Гаворачы аб будаўніцтве жылля, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кошт квадратнага метра не павінен быць вышэйшы за сярэднямесячны заробак. «Калі весці падлік у цвёрдай валюце, то сёння будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў сярэднім па краіне абыходзіцца ў $500, трохі вышэй. Але гэта вышэй, чым сярэдні заробак. І дзяржава абавязана рэагаваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«У цяперашні час павялічваецца попыт на арэнднае жыллё, які перавышае прапанову, асабліва ў Мінску і іншых буйных гарадах. Ураду і губернатарам даручаю павялічыць аб'ёмы такога будаўніцтва як за кошт дзяржавы і ўласных сродкаў арганізацый, так і з прыцягненнем прыватнага капіталу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за апошнія гады нямала кватэр і дамоў пабудавана з дзяржпадтрымкай, у асноўным для шматдзетных сем'яў, а таксама сацыяльна неабароненых грамадзян. «Сёлета такі падыход павінен захавацца ў большым аб'ёме, але пераважная большасць беларусаў павінна разлічваць і на ўласныя сілы. Для гэтага дзяржава дае нямала варыянтаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, іх павышэнне можа быць апраўдана толькі пры ўмове павышэння якасці абслугоўвання і зніжэння выдаткаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. «Мною даручана яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае гэтая сістэма. Калі трэба, прымем дадатковыя меры», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што тарыфы на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі — пытанне, якое сёння ў найбольшай ступені хвалюе людзей. «Мы вымушаны іх паступова павышаць, інакш рэальнага аздараўлення эканомікі не дамагчыся. Я маю на ўвазе, што сёння тое, што насельніцтва не даплачвае, за яго плацяць прадпрыемствы — так званае перакрыжаванае субсідзіраванне», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі МВФ падчас перагавораў пагадзіліся, што Беларусь не зможа за 1—1,5 года выйсці на поўнае пакрыццё насельніцтвам кошту ЖКП. «Па-першае, будуць велізарныя плацяжы, па-другое, гэта дэстабілізуе абстаноўку ў грамадстве. Таму мы будзем гэта рабіць спакойна. Мы кожны год на $5 павышаем, людзі прывыклі да таго, што кожны год павышаем тарыфы, каб дасягнуць 100%. Зробім не за 1,5 года, а за 4—5 гадоў», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, зламаць існуючую сістэму проста, але значна больш складана стварыць новую. Прэзідэнт перасцярог сферу ЖКГ ад перадачы аказання паслуг у прыватныя рукі, як гэта адбылося ў Расіі. «Яны даручылі прыватнікам, а цяпер не ведаюць, што рабіць, а паралельна або да гэтага разбурылі тую савецкую, або, як яшчэ называюць, кансерватыўную сістэму», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў наладзіць эфектыўную работу цяперашняй сістэмы.

Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву пастаўлена задача яшчэ раз прааналізаваць кошт ЖКП. «Вы гэта павінны зрабіць аператыўна, каб я яшчэ раз, вярнуўшыся да гэтага пытання, падпісаў указ па тарыфах на гэтыя паслугі, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка КДК. — Трэба яшчэ апусціць гэтыя тарыфы на 10% да таго, што вы ўбачыце. Няхай арганізацыі жывуць «без тлушчу», па сабекошце працуюць з невялікім рэзервам». Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што пасля аналізу паслуг і прынятых мер па зніжэнні сабекошту працэнт кампенсавання насельніцтвам кошту аказання ЖКП істотна вырасце.

Нацыянальнай бяспецы — асаблівая ўвага

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі немагчыма без надзейнай абароны ад дэструктыўных інфармацыйных нападаў, якія сталі сродкам умяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. «Падобныя дыверсіі наносяць незаменны ўрон, бо іх мэтай з'яўляецца свядомасць людзей. Замбіраваныя грамадзяне — гэта чужыя сярод сваіх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі прыняты канкрэтныя меры па зніжэнні ўзроўню інфармацыйных пагроз, у тым ліку тых, што паходзяць з інтэрнэту. Створаны Нацыянальны цэнтр рэагавання на хакерскія ўзломы, крадзеж інфармацыі і іншыя незаконныя дзеянні такога характару. Асаблівае значэнне ў гэтай справе набывае комплексная сістэма інфармацыйнай бяспекі Беларусі.

За забеспячэнне стабільнасці ў грамадстве нясуць адказнасць таксама СМІ: тэлебачанне, радыё, газеты, сеткавыя і іншыя сродкі масавай камунікацыі. «У барацьбе за сваю аўдыторыю нельга забываць, што толькі аб'ектыўная і дакладная інфармацыя з'яўляецца галоўным іх інструментам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба спрабаваць нешта згладзіць або прыўкрасіць — гэта толькі падарве давер да вас. Бо атрыманне праўдзівай, поўнай і своечасовай інфармацыі — канстытуцыйнае права нашых грамадзян. І вы павінны яго забяспечыць. Гэта адзін з асноўных фактараў нацыянальнай бяспекі краіны».

Мірнае жыццё ў Беларусі і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы надзейна абаронены, заявіў Прэзідэнт. «Робячы стаўку на дыпламатыю, мы, тым не менш, не можам выключыць любога павароту падзей. Абвастрэнне міжнароднага становішча вылучае на першы план пытанні знешняй і ўнутранай бяспекі нашай міралюбівай дзяржавы. Найбольш важкім аргументам, здольным астудзіць гарачыя галовы, з'яўляецца беларуская армія. Яна мабільная, добра навучаная і ўзброена сучаснымі сродкамі вядзення бою. Народ Беларусі можа быць упэўнены, што мірнае жыццё ў нашай дзяржаве, яе тэрытарыяльная цэласнасць надзейна абароненыя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Важны той факт, што павысіць свой абаронны патэнцыял Беларусь шмат у чым змагла ўласнымі сіламі. Абноўленыя сродкі сувязі і навігацыі, парк вучэбна-баявых самалётаў. «У краіне створана новая ваенна-прамысловая галіна ракетабудавання, якая, дарэчы, развіваецца вельмі бурна. У 2016 годзе прайшла паспяховыя выпрабаванні і пастаўлена ў войскі айчынная ракетная сістэма залпавага агню «Паланэз», якая з'яўляецца эфектыўнай зброяй стрымлівання», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў больш актыўна прыцягваць сродкі прыватнага бізнесу для стварэння ваеннай прадукцыі. Гэта дазволіць разлічваць на сур'ёзнае павелічэнне экспарту падобнай прадукцыі і ўдзельнічаць у развіцці міжнароднай кааперацыі. Сёння асартымент абароннага сектара Беларусі — адзін з самых шырокіх у Еўропе: ад сістэм паражэння да сродкаў разведкі і радыёэлектроннай барацьбы, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Аднак якой бы дасканалай ні была сучасная зброя, для арміі асабліва важныя добра навучаныя, верныя Радзіме, моцныя духам салдаты і афіцэры. Варта ўдзяляць яшчэ большую ўвагу якасці падрыхтоўкі асабовага складу, яго патрыятычнаму выхаванню. Кожны павінен глыбока ўсведамляць асабістую датычнасць да абароны Айчыны і адказнасць за ўмацаванне яе рубяжоў», — дадаў Прэзідэнт.

Дзеля будучыні

Паводле слоў Прэзідэнта, у апошнія гады беларуская ахова здароўя зрабіла значны крок наперад. Па якасці аказання медыцынскіх паслуг Беларусь выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце. У краіне створана стройная сістэма аказання меддапамогі: абласныя, гарадскія клінікі, участковыя бальніцы і ФАПы — для кожнага ўзроўню вызначаны пералік умяшанняў. У РНПЦ прымяняюцца найноўшыя тэхналогіі, якія і падцягваюць за сабой усю медыцынскую галіну. У такіх спецыялістаў, як, напрыклад, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, пачынаюць вучыцца іншыя, моладзь, якая прыходзіць з ВНУ.

У рэспубліцы створана эфектыўная сістэма аховы здароўя маці і дзіцяці. «Дзіцячая і мацярынская смяротнасць у нас настолькі нізкая, што Беларусь па гэтым паказчыку стаіць у адным шэрагу з самымі развітымі дзяржавамі. І мы гэтым па праве ганарымся. Варта далей укараняць высокія тэхналогіі ў радзільных дамах і перынатальных цэнтрах», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нельга выпускаць з-пад увагі першаснае звяно, дзе яшчэ ёсць праблемы. Напрыклад, абслугоўванне жыхароў вёсак, шэрагу райцэнтраў, сярэдняя працягласць жыцця ў якіх меншая, чым у гарадах. «Таму, па-першае, неабходна забяспечыць больш якасную ўрачэбную і сястрынскую дапамогу. Варта больш актыўна ўкараняць перадавыя медыцынскія тэхналогіі. Па-другое, укамплектаваць штаты ўстаноў аховы здароўя кваліфікаванымі медыцынскімі работнікамі. Па-трэцяе, хуткая медыцынская дапамога ўсюды, а перш за ўсё на вёсцы, павінна аказвацца аператыўна і ў поўным аб'ёме», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Пільная ўвага павінна быць удзелена таксама павышэнню даступнасці дыягнастычных паслуг, у тым ліку ў глыбінцы.

Дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць таленавітых і творчых асоб, заявіў Прэзідэнт, «асабліва тых, хто сваімі работамі натхняе мільёны людзей, праслаўляе нашу краіну». «Няпраўда, што ў нас няма грошай на падтрымку таленавітых людзей. Скажу шчыра, можа, гэта камусьці не спадабаецца: талентаў не хапае, якім трэба заплаціць. Давайце гэтых людзей, мы будзем іх падтрымліваць, але толькі таленавітых. Таленавіты — пакладзі на стол вынік, атрымай і грошы, і прызнанне. Так павінна быць заўсёды. Для таленавітага чалавека грошы не галоўнае. Гэта важна, але не галоўнае. Яму трэба прызнанне, павага, яго павінны ведаць у грамадстве. Але чаму толькі з падачы Прэзідэнта мы пачынаем раскручваць нашы таленты і высокія дасягненні?»

У беларускага народа выдатная літаратура, музыка, жывапіс, архітэктура, якія сілкуюць і якія вартыя захаплення. «Нам дарагая наша выразная мова, якую трэба берагчы, вывучаць і развіваць. Нам пакінутая ў спадчыну гераічная гісторыя, якую неабходна памятаць і напаўняць новымі здзяйсненнямі, каб з годнасцю перадаць наступным пакаленням беларусаў. Гэта каштоўныя складнікі, якія дазваляюць не згубіцца сярод мноства нацый і народнасцяў, адчуваць сябе адзінай самабытнай сям'ёй, шанаваць сваю свабоду і незалежнасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Для ўсіх Беларусь стала прыкладам міралюбнасці, талерантнасці і міжнацыянальнага братэрства. І тут мы павінны выказаць шчырую ўдзячнасць усім рэлігійным канфесіям, прадстаўнікам нацыянальных дыяспар, якія сваёй канструктыўнай, гуманістычнай пазіцыяй кансалідуюць наша грамадства», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Такая культурная і рэлігійная разнастайнасць не з'яўляецца яблыкам разладу, як у іншых кропках планеты, а служыць узаемнаму ўзбагачэнню. Гэтага ўдаецца дасягнуць дзякуючы ўзважанай, мэтанакіраванай палітыцы дзяржавы, і ў гэтым плане нам зайздросцяць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Каб захаваць у недатыкальнасці суверэнітэт маладой беларускай дзяржавы, трэба шмат чаго. Але ў першую чаргу — адзінства і яшчэ раз адзінства ўсіх нас, усяго беларускага народа. Гэта не проста словы. Гэта няўхільны закон, выпрацаваны на аснове нашага гістарычнага вопыту», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Калі нацыя адзіная, яна ў стане вырашыць важнейшыя задачы, таму што яна можа мабілізавацца і сканцэнтраваць намаганні на прыярытэтных кірунках. За чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці мы не раз пераконваліся ў гэтым».

Завяршаючы свой зварот да народа і парламента, беларускі лідар сказаў пра тое, што яго хвалюе як кіраўніка дзяржавы. «Стагоддзямі наш народ раздзіралі, рабавалі, знішчалі, у лепшым выпадку проста не заўважалі. Таму ён заўсёды марыў аб свабодзе. Каб, ні на кога не аглядваючыся, жыць сваім розумам, акультурваць родную зямлю, каб развіваць нацыянальныя традыцыі і культуру, мірна працаваць дзеля сябе і сваіх дзяцей, на карысць шматпакутнай Радзімы, — адзначыў Прэзідэнт. — І вось мара спраўдзілася. Мы жывём у незалежнай дзяржаве. Неймаверна цяжка было заваяваць гэтую свабоду. Але значна цяжэй будзе адстаяць яе. Сёння, калі свет счапіўся ў новай геапалітычнай схватцы, мы гэта разумеем з асаблівай вастрынёй. І не толькі разумеем, але ўжо адчуваем».

Беларусь валодае моцным эканамічным патэнцыялам, які выстаяў пад ударамі сусветных крызісаў. «Нягледзячы ні на што, мы заўсёды працягвалі ісці наперад, укладвалі сродкі ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў, сацыяльнае развіццё, знаходзілі сяброў і партнёраў па ўсім свеце, асвойвалі новыя рынкі збыту для нашай прадукцыі. Таму сёння маем усё, каб падняць эканоміку, запусціць найважнейшыя праекты, надаць новы імпульс дзелавой ініцыятыве і творчай энергіі людзей, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — мець волю да перамогі, веру ва ўласныя сілы. Гэта значыць, што ўсё ў нашых руках. І мы ўсё ўмеем рабіць. І мы з вамі гэта зробім».

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА і Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

Альманах маладых рэжысёраў нацыянальнай кінастудыі: чаго чакаць?

«Беларусьфільм» загаварыў пра зборнік кароткаметражак маладых рэжысёраў яшчэ тады, калі гэта было толькі ідэяй.

Грамадства

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

Сямейныя пары з Глыбокага ў новым праекце расказваюць свае гісторыі

​Тут ўжо паўгода доўжыцца сямейны праект «Заўтра было каханне». 

У свеце

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Чаму «закіпела» Зімбабвэ?

Сёлетні лістапад у Зімбабвэ насамрэч увайшоў у гісторыю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў.