Вы тут

Дзяўчынка і воблака


Дзяўчынка і воблака

Патрэбен вельмі харошы малюнак

Перад вачыма ўсё яшчэ стаяў вобраз бацькі з апухлым тварам і непаголенай барадой. З яго рота зноў пахла быццам дзядуліным адэкалонам, і час ад часу ён выдыхаў цыгарэтны дым, нібыта хворы дракон.

Толькі што ён сказаў сваё сямігадовай дачцэ Дашы, што ў яго зноў моцна баліць галава і ёй прыйдзецца пагуляць адной. Самотная Даша, з паніклай галавой і слёзкамі на шчаках, нетаропка пайшла па дарозе да поля.

Стаяў водар апошніх дзён лета. Вясковае поле было ўсыпана стагамі сена, якія ўзвышаліся на пажоўклай траве. Даша села на траўку, падабрала каласок і сціснула яго ў вуснах, нібы цыгарэту. Зусім, як бацька.

— Не хачу быць дзіцёнкам, хутчэй бы стаць дарослай, — з горыччу сказала дзяўчынка ўголас.

Даша паглядзела ў неба, усыпанае разнастайнымі бялюткімі аблокамі. Раней яна любіла разам з мамай доўга глядзець на іх, але два гады таму мама з’ехала ў далёкае-далёкае падарожжа. Так сказаў ёй бацька.

Нешта глыбока ўнутры падказавала Дашы, што маці не вернецца ніколі. Ад гэтых думак дзяўчынка заплакала яшчэ больш горка.

Раптам з неба пачало апускацца маленькае воблачка. Яно прызямлілася, распрасталася і стала падобнае да беласнежнага дыванка. І вось гэты дыванок падхапіў напалоханую Дашу і пачаў ўздымаць яе ўверх.

Полезмяншалася ў памерах і хутка стала нагадваць зялёную мапу, а стагі сена здаваліся жоўтымі кропачкамі на ёй. Даша ляцела ў небе на сваім чароўным воблачку, але замест страху адчувала бязмежную радасць.

Вось каля яе праплыў вушасты зайка, а за ім следам пагналася пашча цмока. Тут воблака падобнае да сэрца, тут — кіт з крывой усмешкай, певень з маленькім клювам. А гэта — нейкая рагатая, д’ябальская істота.

Даша глядзела на аблокі, як на даўно знаёмых сяброў, і час ад часу пазірала ўніз, каб палюбавацца краявідамі з вышыні птушынага палёту.

Шмат часу прайшло, пачало цямнець — воблачка павярнула назад.

Тым часам па полю хадзіў усхваляваны бацька, клікаў Дашу, зазіраючы ў пошуках дачкі за кожны стог сена.

Чароўнае воблачка прызямлілася акурат у тое самае месца, дзе падхапіла дзяўчынку. Шчаслівая, яна падбегла да бацькі.

— Дзе ты была? — з трывогай спытаў ён.

— Татачка, я каталася на воблачку, уяўляеш?

Бацька не паверыў, але моцна абняў.

— Прабач, мая даражэнькая. Гэта мая віна. Заўтра паедзем у горад, пойдзем у цырк, у заапарк. Хочаш?..

 

Гэта быў самы шчаслівы дзень за апошнія два гады.

Бацька і Даша ішлі дамоў, дзе іх чакала кніга казак.

Даша паглядзела ў неба, і маленькае воблачка падміргнула ёй.

Ці гэта проста так падалося? 

 

Таццяна Казановіч

 

 

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» пісала гісторыю: 1954—1964

Як «Звязда» пісала гісторыю: 1954—1964

У публікацыях 50-х гадоў шмат нараканняў, што ў крамах няма самага неабходнага для насельніцтва. А неабходна літаральна ўсё...

Грамадства

«Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма»

«Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма»

Пра ашмянскіх дзядулю і бабулю, дзяцей, што ні ў чым не вінаватыя, ды дырэктара, які не задзірае нос.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі «Дом без насілля!»

Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі «Дом без насілля!»

Акцыя — частка Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады, зацверджанага пастановай урада. 

Грамадства

Дзе лечаць злачынцаў, прызнаных судом псiхiчна хворымi?

Дзе лечаць злачынцаў, прызнаных судом псiхiчна хворымi?

Жонка два гады труцiла мужа. У прамым сэнсе: падсыпала атруту яму ў ежу.