22 Кастрычнік, нядзеля

Вы тут

22 красавіка пройдзе рэспубліканскі суботнік


Як мінчане будуць добраўпарадкоўваць свой горад у гэтым годзе?

22 красавіка пройдзе рэспубліканскі суботнік, які традыцыйна аб'ядноўвае велізарную колькасць сацыяльна актыўнага насельніцтва краіны. Так, у мінулым годзе толькі ў сталіцы ў работах па навядзенні парадку прынялі ўдзел больш за 690 тысяч чалавек і было зароблена 20,75 мільярда недэнамінаваных рублёў (ці 2 мільёны 75 тысяч дэнамінаваных).

Палова заробленай сумы застаецца ў распараджэнні Мінгарвыканкама і ідзе на захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, месцаў баявой і воінскай славы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, другая палова — пералічваецца на рахунак Міністэрства фінансаў. Так летась Мінфін значную частку атрыманых сродкаў перанакіраваў Гомельскаму аблвыканкаму для праектавання і будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Дарэчы, заканчэнне работ на аб'екце запланавана ўжо на ліпень 2018 года. Плануецца, што сёлета 1,5 мільёна рублёў са сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, будуць накіраваныя на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

У сталіцы падчас суботніка ў гэтым годзе мінчане будуць задзейнічаны практычна ва ўсіх буйных скверах і парках, акрамя цэнтральных, а таксама на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Трасцянец («Вечны агонь»), урочышча Благаўшчына (вёска Малы Трасцянец), воінскага пахавання на Чыжоўскіх могілках, прымуць удзел у рэканструкцыі стадыёна «Дынама», дзе летась працаваў Прэзідэнт, і добраўпарадкаванні Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі.

Сярод асноўных відаў работ тыя, якія не патрабуюць спецыяльнай папярэдняй падрыхтоўкі, — вымятанне смецця, афарбоўка дзіцячага гульнявога абсталявання і малых архітэктурных формаў, апор асвятлення, пунктаў прыпынку, скрыняў, бягучы рамонт асфальтавых пакрыццяў, нанясенне разметкі на вулічна-дарожную сетку, прыборка ўнутрыквартальных тэрыторый, вуліц, зялёных зон, тэрыторый арганізацый, школ, дзіцячых дашкольных устаноў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by


Прыбяруць і цэнтральныя вуліцы, і ўскраіны

Кіраўнікі Віцебскага аблвыканкама запланавалі папрацаваць у гэту суботу на тэрыторыі Віцебскага раёна. У рамках праграмы «Чыстыя дарогі» зоймуцца прывядзеннем у парадак абочын каля трасы.

Летась першыя асобы мясцовай улады працавалі ва Ушацкім раёне. Эпіцэнтрам суботніка быў мемарыяльны комплекс «Прарыў». Ён прысвечаны выхаду з блакады атрадаў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Адкрыццё комплексу — сімвала гераізму партызан — адбылося ў 1974 годзе. Тады сярод ганаровых гасцей былі Героі Савецкага Саюза У. Лабанок і А. Марэсьеў. З часам, зразумела, спатрэбіўся капітальны рамонт. Што і было зроблена. Рэканструкцыя стала народнай будоўляй. І яе правялі ў параўнальна хуткі тэрмін. Грошы пералічалі грамадзяне, арганізацыі, прадпрыемствы, камерцыйныя структуры. Сродкі зараблялі падчас леташняга і пазалеташняга рэспубліканскіх суботнікаў. У 2016-м, у прыватнасці, накіравалі больш за 4,1 мільярда рублёў (сума да дэнамінацыі). І сёлета на гэтым значным у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны месцы плануецца добраўпарадкаванне.

У абласным цэнтры ў ліку іншага прыбяруць на ўскраіне — на комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (на балансе «Цэнтра культуры «Віцебск»).

Ахвотныя папрацуюць і ў месцы, дзе ўвекавечана памяць ахвяр лагера смерці «5-ы полк». Мемарыял знаходзіцца на мяжы з Віцебскім раёнам.

У сёлетняй сталіцы Дня пісьменства, Полацку, найбольш важнымі для правядзення суботніка выбраны праспект Скарыны і цэнтральная плошча — Свабоды.

Шмат чаго трэба зрабіць і ў будучай сталіцы абласных «Дажынак» — у Дуброўне. У гэтым райцэнтры будуць працаваць на галоўнай плошчы і ў наваколлях.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by


750 дрэў у гонар Магілёва

Больш за 700 тысяч рублёў плануецца зарабіць на рэспубліканскім суботніку ў Магілёўскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў Камітэце эканомікі Магілёўскага аблвыканкама.

Кіраўніцтва вобласці на чале з губернатарам Уладзімірам Даманеўскім будзе шчыраваць на тэрыторыі абласнога анкадыспансера. Тут плануецца пакласці плітку, разраўняць грунт і азеляніць тэрыторыю. Супрацоўнікі аблвыканкама таксама будуць працаваць на добраўпарадкаванні Падмікольскага і Пячэрскага паркаў, азяленяць вуліцы і скверы Магілёва. Працоўны дэсант адправіцца на загарадныя аб'екты дапамагаць прыводзіць у парадак аздараўленчыя лагеры, дамы-інтэрнаты, лясгас і іншыя аб'екты.

Галоўнай пляцоўкай для кіраўніцтва горада стане будучы парк у раёне Падміколля. Тут закладуць некалькі алей у гонар 750-годдзя Магілёва.

Дарэчы, падчас суботніка ў Падміколлі і іншых куточках Магілёва плануецца высадзіць 750 дрэў — роўна столькі, колькі гадоў спаўняецца сёлета гораду. Сіламі працоўных калектываў будзе наведзены марафет на прылеглых да прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў тэрыторыях, навучэнцы разам з настаўнікамі акультураць свае школьныя двары.

Палова заробленых на суботніку сродкаў па традыцыі будзе пералічана ў рэспубліканскі бюджэт. Другую накіруюць на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржустаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, стварэнне і развіццё суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона ў рэгіёнах. Толькі па Магілёве ў суботніку прымуць удзел не менш за 100 тысяч чалавек, уключаючы студэнтаў, школьнікаў, членаў грамадскіх арганізацый.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by


Загаловак у газеце: Сілы — на прыборку, грошы — на дзіцячыя лагеры

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.