Вы тут

Як выкарыстаць беларускую міфалогію ў турызме


Што ні кажыце, але за апошнія гады Беларусь турыстычная значна прырасла, з'явіліся новыя паслугі—прынады для гасцей нашай краіны: анімацыйныя экскурсіі, разнастайныя фестывалі, адраджэнне старых традыцый і рамёстваў, агратурызм. Што далей?


Чаму б не папоўніць наш турыстычны арсенал новай «зброяй»— міфалагічнай? Пакуль беларускія легенды і паданні недастаткова выкарыстоўваюцца ў гэтай галіне. Можна прыгадаць толькі маленькі музей міфалогіі і лесу ў Заслаўі, міфалагічную сцежку ў Бярэзінскім запаведніку, фестываль Цмока на Лепельшчыне.

Гаючыя крыніцы, зачараваныя камяні, паселішчы, у якіх царква нібыта правалілася пад зямлю, ці цэлыя вёскі, якія пайшлі пад ваду, мясціны, дзе можна шукаць зданяў і розных пачвар, — вось той «зачараваны» патэнцыял, які пакуль яшчэ недастаткова выкарыстоўваецца ў турыстычнай галіне. Трэба толькі прыдумаць, як гэта прыпаднесці. Пагадзіцеся, мала проста расказаць паданні. Можна выкарыстоўваць анімацыйныя экскурсіі (сёння пры іх дапамозе турыстам «падаюць» гісторыю Беларусі). А можа, знойдуцца крэатыўныя людзі, якія створаць квэсты на аснове сюжэтаў з беларускіх казак і паданняў.

Так, народ паехаў на Дзеда Мароза, але ж падобныя зімовыя чараўнікі ёсць і ў іншых краінах. Чаму б нам не пашукаць у сваёй міфалогіі і іншых персанажаў? Прычым выкарыстоўваць іх не толькі для заваблівання замежных гасцей, а найперш для развіцця ўнутранага турызму. Не кожны беларус можа сабе дазволіць паехаць у Румынію да Дракулы, ці ў Вялікабрытанію, каб шукаць Лахнэскую пачвару. Але свае вампіры ды ваўкалакі сустракаюцца і ў беларускіх легендах. Праўда, яны не такія крыважэрныя, як у суседзяў — на Беларусі няма паданняў і казак пра вёскі, пакусаныя вампірамі. Ёсць у нас і пярэваратні, і нават кентаўры (напалову людзі, напалову коні — Вазіла і Кумяльган). Ды і русалкі і кікімары ў беларусаў з асаблівасцямі. Так, нашы русалкі не абавязкова з хвастом — яны бегаюць па палях, гушкаюцца на арэлях і качаюцца ў жыце. А кікімары — гэта не жахлівыя цёткі на балоце, а свавольныя дзяўчынкі (па паданнях імі становяцца памерлыя нехрышчоныя ці загубленыя дзеці), якія часта псуюць працу гаспадынь.

Трэба падумаць і куды пасяліць беларускага цмока. Насамрэч, на Беларусі ёсць мясціны, дзе па паданнях жыла гэта істота, напрыклад, у вёсцы Гогалеўка ў вялізным камені. Але перш, чым раскручваць міфалагічную тэму, трэба падумаць, як увязаць гэта з ужо існуючымі турыстычнымі маршрутамі.

А чаму не выкарыстоўваецца наш народны каляндар? Прыкметы, павер'і, святы — добрая крыніца, з якой можна чэрпаць «смачную» інфармацыю для аматараў чароўнага свету. Успомнім Узвіжанне, Русальчын тыдзень, і, канешне, Купалле. Тут і тэмы для цікавых расповедаў, і правядзенне самога свята, а якую шыкоўную можна зрабіць «сувенірку». На жаль, сярод падобнай прадукцыі тэма міфалогіі слаба прапрацавана. Турысты вязуць ад нас саламяных лялек і фігуркі зуброў, а ці трапляўся ім калі сувенір, прысвечаны адной з самых прыгожых і вядомых легендаў Беларусі — папараць-кветка?

Напэўна, да раскруткі міфалагічнай спадчыны трэба падключаць не толькі прадстаўнікоў турыстычнай галіны. Калі наша міфалогія будзе часцей «эксплуатавацца» беларускімі дзіцячымі пісьменнікамі і малыя будуць ведаць сваіх персанажаў, можа, бацькі павязуць іх знаёміцца з беларускім чароўным светам, а не нейкімі тролямі ці эльфамі ў замежных казачных музеях.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Цмок для турыста

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.