Вы тут

Міфы і праўда пра «Еўрабачанне» вачыма тых, хто ведае конкурс знутры


62-і міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2017», на жаль, не стане рэкордным па колькасці ўдзельнікаў — Украіна прыняла канчатковае рашэнне пра забарону ўезду расійскай удзельніцы, а Еўрапейскі вяшчальны саюз не знайшоў выйсця, якое задаволіла б усе бакі. У тэлевізійных і музычных кулуарах адразу пайшлі размовы: маўляў, усё, шоу скончылася, цяпер рэй вядзе палітыка, і ці трэба ў сённяшніх умовах выдаткоўваць столькі грошай, сіл і часу на той праект? Пра тое, што нам дае членства ў ЕВС, навошта беларусам «Еўрабачанне» і як насамрэч ставяцца да гэтага шоу ў свеце, «Звязда» распытала прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі — намесніка генеральнага прадзюсара медыяхолдынга Вольгу ШЛЯГЕР, якая з 2013 года курыруе нацыянальны адборачны тур «Еўрабачання» ў Беларусі, і намесніка кіраўніка галоўнай дырэкцыі «Беларусь 1», каардынатара праектаў Белтэлерадыёкампаніі і ЕВС Вольгу САЛАМАХУ.


Воль­га Са­ла­ма­ха з бе­ла­рус­кiм кан­кур­сан­там Са­шам Мi­нён­кам на дзi­ця­чым «Еў­ра­ба­чан­нi» 2016 го­да.

— «Еўрабачанне-2017» яшчэ не адбылося, але ўжо ўвайшло ў гісторыю з прэцэдэнтам: упершыню краіна-гаспадыня конкурсу не пусціла на яго аднаго з удзельнікаў. На ваш погляд, як гэта адаб'ецца на рэпутацыі і рэйтынгах шоу?

— Ніхто не спрагназуе, як павядуць сябе іншыя ўдзельнікі і што будзе з конкурсам налета — спад цікавасці або, наадварот, усплёск, — заўважае Вольга Шлягер. — Мы можам толькі шкадаваць, што не будзе аднаго з удзельнікаў.

Калі праца — задавальненне

Беларусы, са свайго боку, да конкурсу практычна гатовы — 1 мая нашы ўдзельнікі вылятаюць у Кіеў, а 3 і 6 мая ўжо правядуць першыя рэпетыцыі на сцэне і дадуць прэс-канферэнцыі для еўрапейскіх СМІ. Урачыстае адкрыццё «Еўрабачання» адбудзецца 7 мая, а 9, 11 і 13 пройдуць паўфіналы і фінал шоу. Падрабязны ж графік неабходных спраў і мерапрыемстваў складаецца ўжо непасрэдна падчас конкурсу, карэктуецца і ўзгадняецца з дэлегацыямі штодня і, як запэўніваюць у адзін голас Вольга Шлягер і Вольга Саламаха, звычайна атрымліваецца такі насычаны, што ледзь хапае часу на перакусы і тым больш экскурсіі па горадзе.

— За апошнія гады якая з краін-гаспадынь конкурсу найбольш парадавала арганізацыяй і камфортам для ўдзельнікаў?

— Вельмі добра было ў Мальмё, куды мы ездзлі з Алёнай Ланской (у 2013 годзе. — Аўт.). Усё было настолькі зладжана, дакладна і зразумела, што працавалася ў задавальненне. У прынцыпе, тое самае магу сказаць і пра Капенгаген, і пра Вену — арганізацыя шоу, якой займаецца міжнародная каманда спецыялістаў, заўжды на ўзроўні, хіба толькі па клімаце адны гарады больш прыемныя, другія менш камфортныя.

— Вельмі добра было ўсё арганізавана летась у Стакгольме, бо сама арэна знаходзілася за хвіліну хады ад гасцініцы — сцяна атэля, можна сказаць, плаўна пераходзіла ў арэну. Такая лагістыка дазваляла сэканоміць шмат часу. Акрамя таго, упершыню быў зроблены так званы праглядны пакой, дзе мы бачылі, як выглядае выступленне на тэлеэкране, і нават пасля генеральнай рэпетыцыі можна было ўнесці патрэбныя папраўкі.

— Беларусь удзельнічае ў «Еўрабачанні» ўжо 14-ы год, але спрэчкі вакол статусу конкурсу так і не сціхаюць. Адны заклікаюць перастаць збірацца на еўрасцэну, як на вайну, другія нагадваюць пра аўдыторыю ў некалькі соцень мільёнаў чалавек, трэція паблажліва заўважаюць, маўляў, ніхто, акрамя хатніх гаспадынь і гей-суполкі, даўно гэта шоу не глядзіць... З вашага досведу, як насамрэч еўрапейцы ставяцца да «Еўрабачання»?

— Асабіста я таксама мяркую, што «Еўрабачанне» — гэта не музычная Алімпіяда, а проста творчае спаборніцтва, безумоўна, вельмі папулярнае ў Еўропе, але не адзінае, а адно з шэрагу, — падкрэслівае Вольга Шлягер. — Прайсці падрыхтоўку з высокакласнымі спецыялістамі, убачыць, як працуюць міжнародныя піяр-механізмы, працаваць на сцэне такога ўзроўню, аснашчанай найсучаснейшым музычным і тэлевізійным абсталяваннем, — ад усяго гэтага, на мой погляд, трэба атрымліваць задавальненне. І яшчэ ўсмоктваць, як губка, новыя веды, бо па насычанасці гэтыя некалькі месяцаў — як вучоба ў некалькіх інстытутах. Што да стаўлення саміх еўрапейцаў, якое я бачыла, — яно заўжды вельмі цёплае і прыязнае.

— «Еўрабачанне» — вельмі сур'ёзны тэлевізійны праект. Можна гаварыць усё, што хочаце, але яго аўдыторыя — 204 мільёны гледачоў. А само шоу транслююць такія медыягіганты, як ВВС, французскія кампаніі TF1, TF2, яго глядзяць не толькі ў Еўропе, але і ў Аўстраліі, і ў ЗША. Рэйтынгі конкурсу, асабліва ў маленькіх краінах, найвялікшыя — напрыклад, на Мальце яго глядзяць 95% насельніцтва! І ў плане арганізацыі да гэтага музычнага праекта ставяцца надзвычай адказна, фактычна як да Алімпіяды — шэраг міжнародных спецыялістаў, якія працуюць у аргкамітэце, якраз і займаюцца Алімпійскімі гульнямі і Нобелеўскімі прэміямі. На «Еўрабачанні» заўжды прадстаўлены самыя крутыя тэхнічныя навінкі ў сэнсе гуку, святла, афармлення і г. д. Так што гэта мерапрыемства вельмі высокага ўзроўню.

Воль­га Шля­гер кi­руе пра­ек­там «Еў­ра­ба­чан­не» ў Бе­ла­ру­сi» ўжо 5 га­доў i ве­дае ўсе ню­ан­сы.

Чаму не перамагаем

— Што б мы ні казалі, але перамагчы на «Еўрабачанні» хочацца. Але пакуль што найвялікшым дасягненнем Беларусі застаецца выступленне Дзмітрыя Калдуна ў 2007-м. Чаму так — мы не трапляем у фармат (калі наогул выпадае казаць пра фармат гэтага конкурсу) або проста не шанцуе?

— Не ўсе ж краіны, якія едуць на конкурс, выйграюць яго, — па-філасофску паціскае плячыма кіраўнік нацыянальнага адбору. — Многія проста выходзяць, спяваюць на сваёй мове і атрымліваюць задавальненне, а вынік іх, прабачце, «не парыць». Перамагчы, безумоўна, хочацца, але мы маленькая краіна, і «Еўрабачанне» для нас — перш за ўсё добрая школа. Чаму не перамагаем? Напэўна, таму што многія не разумеюць, колькі насамрэч давядзецца вучыцца і працаваць. Тую ж Алёну Ланскую, да якой многія крытыкі выказвалі прэтэнзіі, я запомніла як працаздольнага і дысцыплінаванага артыста — да такой ступені аратага, што многім і не снілася. Юра Вашчук, Тэа, у якім спалучыліся высокі прафесіяналізм і найлепшыя чалавечыя якасці, — тая ж гісторыя, ён умее працаваць у камандзе. Як вынік — памятаем, абодва гэтыя ўдзельнікі прайші ў фінал конкурсу. Калі ж кантакту няма, ёсць толькі канфлікт, то на што можна разлічваць?

— Ці не час нешта змяніць у кансерваторыі — маю на ўвазе нацыянальны адбор? Можа, варта неяк падштурхнуць нашых артыстаў — дапусціць да адбору замежных легіянераў, як было калісьці, або ўлічваць ацэнкі міжнароднага журы, або наогул прызначыць удзельніка закрытым чынам?

— На працягу некалькіх гадоў Белтэлерадыёкампанія ў рэжыме анлайн транслюе праслухоўванне прэтэндэнтаў, якое, напэўна, вы таксама глядзелі і бачылі ўдзельнікаў. Многія з іх прыходзяць на адбор толькі дзеля піяру, блытаючы шоу, на якое яны прэтэндуюць, з «Хвілінай славы» ці нейкімі іншымі праектамі. Наогул, мы ўпіраемся ў тое, што ўсе чагосьці чакаюць: што нехта прыйдзе і зробіць іншы адбор, з іншымі правіламі і крытэрыямі — падладзіцца пад нас, пад тое, што мы можам. Не, спадарства, не конкурс трэба падцягваць да сябе, а самім цягнуцца да яго ўзроўню. Тады ў гэтым будзе сэнс. Займіцеся, у рэшце рэшт, справай, напішыце класную песню, а не абвінавачвайце журы, што ўсё загадзя падлічана і размеркавана. Але, на жаль, многім лягчэй дапякаць мяне бясконцымі званкамі, каментарыямі, словам, нейкімі глупствамі, а не паказаць сябе на справе. І хоць шкада марнаваць час на праслухоўванне некаторых «шэдэўраў», але вельмі хочацца не прапусціць кагосьці новага і перспектыўнага, як галасістая, зусім юная дзяўчына Саша Ткач або цікавы хлопец Мікіта Ходас, якія былі сёлета ў фінале.

Не бізнесам адзіным

— Раней Беларусь вельмі любіла рабіць шыкоўныя прома-пакеты і запрашаць міжнародную каманду для падрыхтоўкі сваіх артыстаў. Што цяпер?

— Белтэлерадыёкампанія ў гэтым годзе з'яўляецца адзіным прадзюсарам «Navіband», таму мы аплачваем усё. Ёсць тытульны партнёр, які прапанаваў прома-прадукцыю — чахлы для тэлефонаў, сумкі, майкі з беларускай сімволікай. Дарэчы, у адзіным нацыянальным стылі будзе апранута ўся дэлегацыя, каб нас было добра відаць на тэлекамеру. З намі таксама звязалася майстар, здаецца, з Полацка, якая вельмі прыгожа вышывае на аршанскім ільне, асобна заказалі ў рамеснікаў значкі з вышыўкай — сімвалы з арнаменту і лагатып «Navіband». Словам, вязём усё тое, што сярод прыхільнікаў «Еўрабачання» карыстаецца попытам і дакладна трапіць у іншыя краіны як добры напамін пра Беларусь. Што датычыцца каманды, то яна зноў інтэрнацыянальная, але гэтым разам хутчэй славянская. Праўда, нас зноў кансультаваў педагог па вакале з Кіпра Алекс Панаі: некаторыя беларускія словы ў песні пераклікаюцца з ненарматыўнымі слоўцамі з англійскай, і ён падказаў, што рабіць, каб вынішчыць гэта падабенства.

— Адно з балючых пытанняў, якое датычыцца «Еўрабачання», — фінансавае. Шмат разоў гучалі заклікі, маўляў, нічога не дасягаем, значыць, трэба эканоміць бюджэтныя сродкі і не ўдзельнічаць наогул. Ці насамрэч узнос у ЕВС аплачваецца з бюджэту і які, хоць бы прыблізна, яго памер?

— У ЕВС дзейнічае правіла: чым большая краіна, тым большы яе ўзнос. І, дарэчы, нават калі мы не будзем удзельнічаць у «Еўрабачанні», то павінны плаціць за трансляцыю конкурсу, — заўважае Вольга Шлягер. — А як інакш — калі мы не будзем гэтага бачыць, удзельнічаць, спрычыняцца да агульнаеўрапейскага руху, то дзе мы будзем вучыцца?

— Вялікую частку выдаткаў на «Еўрабачанне» выплачвае Белтэлерадыёкампанія са сваіх прыбыткаў ад камерцыйнай дзейнасці, — падкрэслівае Вольга Саламаха. — Узносы залежаць ад памеру тэлекампаніі, яе стабільнасці на рынку, яшчэ ад шэрагу фактараў, але яны насамрэч вялікія — для нас гэта сума ў еўра з пяццю нулямі. Ці варта Беларусі ў гэтым удзельнічаць? Мяркуйце самі: мы, як кампанія-вяшчальнік, член ЕВС, атрымліваем 6 гадзін прамога эфіру. Шоу мае высокія рэйтынгі, яго актыўна глядзяць па тэлебачанні і ў інтэрнэце, і для Беларусі гэта адна з самых сур'ёзных і важных культурных падзей. Акрамя таго, партнёрства з ЕВС — гэта далёка не толькі конкурсы, але і міжнародны абмен навінамі, і прафесійныя трэнінгі для юрыстаў і супрацоўнікаў тэлебачання, і шэраг іншых праектаў, па якіх мы супрацоўнічаем.


Ці ведалі вы, што...

  • У 2015 годзе «Еўрабачанне» трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса як доўгажыхар сярод штогадовых тэлевізійных конкурсаў.
  • «Еўрабачанне» — гэта не толькі дарослае і дзіцячае песенныя спаборніцтвы, але яшчэ і конкурсы маладых танцораў, музыкантаў і міжнароднае харавое шоу (у першых двух Беларусь удзельнічала, але яны выклікалі малую цікавасць у гледачоў і саміх артыстаў).
  • Пасля конкурсу 2017 года фанатэка «Еўрабачання» складзе 1479 песень агульнай працягласцю амаль у 72 гадзіны.
  • Лідары конкурсу па колькасці перамог — Ірландыя (7), Швецыя (6), Люксембург, Францыя і Вялікабрытанія (па 5).
  • «Наркаманам Еўрабачання» арганізатары шоу жартоўна прызналі нямецкага кампазітара-песенніка Ральфа Зігеля, чые песні гучалі на конкурсе 21 раз — а сёлета будзе 22-і.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шоу, бізнес і прафесійная школа

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.