29 красавіка, субота

Вы тут

Кірыл Краснеўскі: Калі выступаеш за краіну, гэта ідзе ад сэрца


Валейбаліста нацыянальнай зборнай Кірыла Краснеўскага можна назваць самым вядомым беларускім «вандроўнікам» у гэтым відзе спорту. Да сваіх 29 гадоў ён паспеў пагуляць у васьмі краінах свету і выступіць за зборную роднай Беларусі на розных міжнародных турнірах. Дзе працягне сваю кар'еру далей, Кірыл яшчэ не вырашыў, ну а падчас аднаго са сваіх рэдкіх візітаў на радзіму ён расказаў у інтэрв'ю пра тое, ці лёгка спартсмену штогод мяняць месца жыхарства, прыгадаў, як прыйшоў у валейбол, і падзяліўся некалькімі гісторыямі з легіянерскага жыцця.


— Кірыл, ты з'ехаў гуляць за мяжу даволі рана...

— Так, мне было 18. Тады вельмі хацелася паспрабаваць сябе ў замежным валейболе. Мне прапанаваў кантракт адзін з клубаў Балгарыі, было страшна, але вырашыў ехаць. Напэўна, гэты першы вопыт і стаў для мяне самым складаным годам у кар'еры. У першую чаргу таму, што не ведаў мовы, але хутка яе вывучыў і зараз, дарэчы, выдатна памятаю балгарскую.

А пасля ў маёй кар'еры з'явіліся Грэцыя, Турцыя, Казахстан, Эстонія, Аўстрыя. У сёлетнім сезоне аказаўся ў Катары, а потым у Ізраілі. Пасля ад'езду ў 18 толькі год гуляў дома і не шкадую, на новым месцы мне падабаецца неяк больш — новыя людзі, новыя эмоцыі, новыя ўражанні.

Ад кожнага трэнера я браў нешта карыснае для сябе, мне здаецца, менавіта так і фарміруецца вопыт у спартсмена.

— Якая краіна найбольш запомнілася?

— Шмат гуляў у Еўропе, жыццё там у асноўным падобнае, а вось сёлетні сезон, як ужо казаў, пачынаў у Катары. Здавалася часам, што знаходжуся ў іншым свеце. На вуліцах у любы час сутак вельмі мала людзей, усе ў асноўным ездзяць на вельмі дарагіх машынах. Мясцовыя не працуюць, такое адчуванне, што грошы з'яўляюцца ў іх з нараджэння. Таму ўвесь дзень яны могуць проста пракатацца на машыне. У крамах, рэстаранах працуюць выключна прыезджыя — выхадцы з Пакістана, Інданезіі, Шры-Ланкі, краін Афрыкі.

Катарскі клімат прыйшоўся крыху не па мне — пастаянная спякота. Прыроды як такой няма, уся зеляніна пасаджана ў пясок. Хоць ёсць і ў Катара адзін вялікі плюс — Персідскі заліў, ён неймаверна прыгожы, вада мае блакітны колер, а яе тэмпература каля 35 градусаў.

— У Казахстане, напэўна, сутыкнуўся зусім з іншым кліматам?

— Так, вось там было нерэальна шмат снегу і вельмі холадна. Памятаю, неяк ехалі па трасе і снегу было столькі, што здавалася, быццам едзем у тунэлі, па баках якога пяціметровыя гурбы.

Уразіў клімат у Аўстрыі. Я жыў каля падножжа гор, надвор'е змянялася так кардынальна, што ўвечары на дварэ магло быць +15, а раніцай на зямлі я бачыў пласт снегу сантыметраў 40.

— Вернемся да Катара. Узровень развіцця спорту моцна адрозніваецца ад беларускага?

— Там шмат грошай укладваецца цяпер у гэтую сферу, але ствараецца ўсё неяк штучна, запрашаюць шмат замежнікаў ва ўсе віды спорту. Адносіны да нас, легіянераў, і мясцовых, вядома, розныя. Катарцы могуць спазняцца на трэніроўку, размаўляць па тэлефоне падчас прагляду відэа матчаў. У самы разгар трэніроўкі некалькі мясцовых гульцоў спакойна могуць адысці ў куток на малітву. Гэта здавалася мне дзіўным, асабліва напачатку. Але і яны не разумелі нешта ўва мне. Напрыклад, для нас звыкла хадзіць у саўну, каб лепш аднаўляцца пасля цяжкіх гульняў і трэніровак, а яны заходзяць туды раз у месяц на 5 хвілін. На мяне там глядзелі як на ненармальнага, маўляў, нешта ён усё ў саўну ходзіць праз 3-4 дні, парыцца, сядзіць там, выходзіць чырвоны. А я прыходзіў, ставіў сабе тэмпературу на 95 градусаў і адчуваў, што Беларусь дзесьці блізка (смяецца).

— За гэтыя дзесяць гадоў дзе падабалася гуляць больш за ўсё?

— Вельмі камфортна было ў Аўстрыі, гэта развітая краіна, зручная для жыцця. Плюс там я мог гуляць у валейбол на нядрэнным узроўні. Самая высокая якасць гульні была ў Турцыі, там выступаюць адны з найлепшых легіянераў, напружаныя гульні, добры чэмпіянат. Атрымаў задавальненне ад працы ў гэтай краіне, але не атрымаў грошай, запазычанасць да гэтага часу не выплачана і складае сур'ёзную суму, яе хапіла б, напэўна, на палову аднапакаёвай кватэры ў Мінску.

— Як хутка зразумеў, што валейбол — гэта справа твайго жыцця?

— Я рос у спартыўнай сям'і: і мама, і тата — майстры спорту па фехтаванні. Бацька да гэтага часу ў справе — цяпер працуе ў інваспорце, трэніруе спартсменаў-калясачнікаў. А ў валейбол я трапіў дзякуючы дзядулю. Ён сказаў мне: «Выбірай, альбо на варотах будзеш стаяць, альбо ў валейбол гуляць».

У дзяцінстве я быў вельмі неспакойны: раніцай хадзіў гуляць у футбол, увечары ў валейбол. Спыніўся ўсё ж на другім, пачаў займацца ім у восем гадоў, атрымліваецца, што ўжо 21 год я ў валейболе.

— Спорт немагчымы без траўмаў, у цябе былі сур'ёзныя праблемы са здароўем?

— У нашым відзе пад ударам спіна, плечы і калені, таму што шмат скачкоў, падзенняў. Цяпер якраз аднаўляюся пасля траўмы калена, спадзяюся, што ўсё наладзіцца.

А наогул свае першыя траўмы я атрымаў у два гады, быў вельмі актыўным дзіцем, браў крэсла, дастаткова сур'ёзнае па вазе, і цягаў яго за сабой па кватэры. Не ведаю, як мне гэта ўдавалася, але ад такіх старанняў атрымаў дзве пахавыя грыжы. Ногі, дарэчы, таксама ўсе ў шнарах: вельмі любіў дражніць сабак, а яны мяне адпаведна кусалі.

— Чым цяпер звычайна займаешся ў вольны час?

— У мяне няма ніякіх асаблівых захапленняў, нават у вольны ад трэніровак і гульняў час шмат увагі ўдзяляю сваёй фізічнай падрыхтоўцы — фітнес, трэнажорная зала, аднаўленне. Цяпер мне 29, для валейбаліста гэта дастаткова сталы ўзрост, калі ты павінен паказваць добрую гульню, але наогул мне б хацелася пагуляць даўжэй, да 40, напрыклад, таму пастаянна трымаю сябе ў форме.

Што датычыцца адпачынку, то, паколькі гуляў сёлета ў Катары і Ізраілі, на мора нават не цягне, хачу проста пабыць дома, на дачы. Мару схадзіць на рыбалку, у грыбы, ужо нават не памятаю, калі апошні раз выбіраўся ў лес.

— Плануецца, што ў маі ты будзеш выступаць за зборную Беларусі ў адборачным турніры да чэмпіянату свету. Гульні за нацыянальную каманду і клуб адрозніваюцца?

— Так, гэта розныя рэчы. Выступаць за сваю краіну заўсёды пачэсна, таму, калі ў маёй дапамозе мае патрэбу зборная, я заўсёды прыязджаю з задавальненнем. Гучыць твой гімн, ты выступаеш пад сваім сцягам. Можна сказаць, што ў клубе гуляеш за грошы, а калі выступаеш за сваю краіну, гэта ідзе ад сэрца.

Дарэчы, акрамя беларускага пашпарта, у мяне ёсць яшчэ і від на жыхарства ў Балгарыі, але думкі змяніць спартыўнае грамадзянства ніколі не было, хоць падобная практыка цяпер распаўсюджана ў свеце. Я стаўлюся да гэтага без асуджэння, але сам хачу выступаць толькі за сваю родную краіну.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» пісала гісторыю: 1954—1964

Як «Звязда» пісала гісторыю: 1954—1964

У публікацыях 50-х гадоў шмат нараканняў, што ў крамах няма самага неабходнага для насельніцтва. А неабходна літаральна ўсё...

Грамадства

«Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма»

«Столькі ўнукаў, колькі ў нас, ні ў кога няма»

Пра ашмянскіх дзядулю і бабулю, дзяцей, што ні ў чым не вінаватыя, ды дырэктара, які не задзірае нос.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі «Дом без насілля!»

Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да акцыі «Дом без насілля!»

Акцыя — частка Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады, зацверджанага пастановай урада. 

Грамадства

Дзе лечаць злачынцаў, прызнаных судом псiхiчна хворымi?

Дзе лечаць злачынцаў, прызнаных судом псiхiчна хворымi?

Жонка два гады труцiла мужа. У прамым сэнсе: падсыпала атруту яму ў ежу.