Вы тут

Гара ідзе да Магамета


Памятаеце бігборды «Смак роднай мовы»? Вельмі цікавы быў праект. Ненавязліва і эфектыўна яго стваральнікі абуджалі ў беларусах моўную генетычную памяць. Якраз гэты праект згадваецца, калі бачыш кнігу «100 беларускіх назваў. Жывёлы», першую ў серыі, заснаванай выдавецтвам «Мастацкая літаратура». Укладальнікам першай кнігі і натхняльнікам серыі стаўся Алесь Бадак, якога ў першую чаргу варта згадаць як добрага пісьменніка і складальніка пазнавальных дзіцячых кніг, а затым ужо — як дырэктара названага выдавецтва.


— Алесь Мікалаевіч, найперш запытаюся, адкуль узнікла ідэя стварэння такой серыі? І чаму вы абралі менавіта такі фармат?

— Ёсць кніжкі і нават цэлыя серыі, якія нараджаюцца з асабістых прычынаў. Ёсць выданні, прымеркаваныя да пэўных датаў. А ёсць такія кнігі і серыі, якія падказваюцца збоку, і яны патрэбныя менавіта тут і цяпер. Ідэя серыі «100 беларускіх назваў» падказаная нашымі чытачамі. Не тое каб яны наўпрост пісалі лісты з прапановамі, не. Але мы бачым, калі сустракаемся з юнымі чытачамі ў бібліятэках, школах, цікаўнасць да беларускай мовы. Асабліва гэта датычыць гарадскіх дзяцей, якія не зусім добра валодаюць мовай, але ты бачыш, як яны стараюцца гаварыць па-беларуску, задаваць пытанні падчас такіх сустрэч. Тады й з’явілася ў душы, неяк нават падсвядома, ідэя: чаму б ім не дапамагчы?.. Чаму б не выпусціць па-мастацку зробленую кніжку, якая дапаможа вывучаць беларускую мову не толькі на школьных уроках, але і дома. Каб гэта быў не падручнік, а забаўляльнае выданне. Яшчэ на этапе распрацоўкі серыі часта чуліся пытанні: гэта будзе слоўнік? Не, гэта не беларуска-рускі слоўнік. Серыя, з аднаго боку, сапраўды ўключае яго элементы, але з іншага — яна нагадвае міні-энцыклапедыю, забаўляльна-пазнавальнае выданне. Вось дзіця бачыць, што «белка» па-беларуску — «вавёрка», і тут жа пра тую вавёрку чытае. Суправаджальныя тэксты змяшчаюць цікавую інфармацыю, а не сухія навуковыя вытрымкі кшталту «ў вавёркі такая вага, столькі лап і вачэй».

Чытач жыва адгукнуўся на з’яўленне серыі «100 беларускіх назваў». Яна карыстаецца попытам, гэта бачна на кніжных выстаўках, у крамах, дзе маладыя бацькі набываюць кнігу. Цяпер рыхтуецца выданне, прысвечанае хатнім рэчам, з якімі дзіця кожны дзень сутыкаецца дома, — той жа диван/канапа. І зноў жа, суправаджальныя тэксты маюць на мэце распавесці нешта цікавае пра самыя звыклыя рэчы. Прыкладам, ножницы/нажніцы, якія, аказваецца, прыдумалі не для таго, каб стрыгчы пазногці ці валасы: іх вынайшлі тыя, хто займаўся авечкагадоўляй.

— Назвы размяшчаюцца па алфавіце?

— Напачатку была такая ідэя, аднак на практыцы яна аказалася невыканальнай. Бо гэта вымагае, каб былі назвы жывёлаў на кожную з літар, а іх сабраць немагчыма. Цяжка спалучыць канцэпцыі 100 назваў і «алфавітнае, напаўненне», узяць тую ж літару «Ё». І так, напачатку мы даём рускі варыянт назвы, бо калі ўжо кніга адрасаваная тым, хто хоча вывучыць беларускую мову, лічыцца, што рускую мову яны ведаюць.

— А чаму менавіта 100? Я разумею, гэта прыгожая лічба, але ж магло быць і 30, і 50.

— Я ішоў ад таго, колькі ўвогуле можа быць арыгінальных слоў, адрозных ад рускага варыянта. Калі я пачаў рабіць для сябе слоўнічак назваў жывёл, не падобных па гучанні ў рускай і беларускай мовах, — вавёрка/белка, дзік/дикий кабан, бусел/аист — такіх слоў набралася каля сямідзесяці. Я падумаў, што лепш пашукаць і набраць сто назваў, чым скарачаць да тых жа трыццаці. Тое ж з хатнімі рэчамі: сто назваў збіраецца без праблем, і школьнымі, якім будзе прысвечаная трэцяя кніжка. Я спадзяюся, што яна будзе цікавая й дашкольнікам, якія, ідучы ў першы клас, ужо будуць ведаць, што ў руках у іх — сшыткі, падручнікі, алоўкі... Кніга пра хатнія рэчы павінна выйсці да першага верасня. У нас увогуле на гэты год запланавана некалькі «школьных» кніжак для маленькіх чытачоў. Згадаю «Забаўляльны каляндар школьніка», дзе мы распавядаем пра асноўныя беларускія святы і прапаноўваем дапаможныя матэрыялы для таго ж школьнага святкавання. У гэтай кнізе можна будзе знайсці, прыкладам, п’еску да Дня маці, каб развучыць у школе. Такіх п’есак для школьных ранішнікаў сёння вельмі не хапае. Вядома, шмат увагі надаём нашым нацыянальным святам, прыкладам, Каляды, Купалле: як мы сёння адзначаем, як адзначалі нашыя далёкія продкі. Будзе такі сабе дапаможнік з арыентацыяй на беларускую культуру.

— Ці робіць выдавецтва нейкія захады дзеля распаўсюду згаданых кніг у школах?

— Вядома, так, і найперш — падчас прэзентацый у школах. Але тут ёсць адзін нюанс: самі школы не могуць замаўляць кнігі, у іх на тое сродкаў няма, а займаецца гэтым раённы аддзел адукацыі. Мы, безумоўна, накіроўваем да іх лісты, але што датычыць «Забаўляльнага календара школьніка», разлічваем найперш на школьныя бібліятэкі.

— Колькі пакуль плануецца тэматычных выпускаў серыі «100 беларускіх назваў»?

 — Справа ў тым, што мы не задаёмся мэтай выдаць менавіта пяць кніжак ці дзесяць. Я не ведаю, шчыра кажучы, колькі іх будзе. Пакуль будуць пісацца, будуць выходзіць, бо яны запатрабаваныя. Але тут праблема ў іншым. Я зрабіў першую кніжку і цяпер рыхтую другую. Але я б не хацеў быць аўтарам цэлай серыі і перад сабой такой задачы не ставіў: нават на вокладцы не пазначана, што ўкладальнік кнігі я. Мы вельмі чакаем ахвочых, гатовых падтрымаць гэтую серыю, зрабіць некалькі кніжак. Чым больш будзе такіх апантаных, тым больш будзе кніжак у серыі. Калі размова ідзе пра пісьменнікаў, кожны імкнецца выдаць свае вершы, прозу... Я некаторым ужо прапаноўваў падтрымаць праект, але яны лічаць, што ў параўнанні з іх творчасцю гэта другасная справа, нявартая ўвагі. Між тым тое, што серыя вельмі патрэбная, неаспрэчна. Таму, калі нехта з чытачоў захоча падтрымаць наш праект, стаўшы аўтарам-укладальнікам, мы будзем вельмі радыя.

— Якім накладам, дарэчы, выйшла першая кніга?..

— Тысяча экзэмпляраў.

— І з іх засталося?..

 — На 1 судзеня 2017 г. заставалася сто з нечым экзэмпляраў.

— Аднак пэўная частка, як я разумею, ідзе адразу ў бібліятэкі?

 — Нейкая частка — так, іншую забірае «Белкніга». Для нас вельмі важна, каб кніжка была недарагая, і хочацца, каб яна ў першую чаргу трапляла якраз у хатнія зборы, у кватэры, дзе ёсць малыя дзеці, якія б маглі карыстацца кнігай як настольнай.

 — Дзеці таксама могуць самі прыдумляць гісторыі пра згаданых у кнізе жывёл, тым самым развіваючы моўныя навыкі, творчыя здольнасці і спалучаць гэта з гульнёй.

— Насамрэч, гэтыя словы вядомыя дзецям на генным узроўні, і варта ім патрапіць на лета ў вёску да бабулі-дзядулі, як усё ажывае ў памяці. Асабліва гэта актуальна для гарадскіх жыхароў. Ну дзе ён у горадзе пабачыць таго ж…

— Лася!

 — Ну так, таго ж лася, умоўна кажучы. І вядома, калі ты яго не бачыш і пра яго не чытаеш, самое слова можа забыцца. Шчыра кажучы, напачатку ў мяне была ідэя даваць побач са словамі літаратурныя творы, прысвечаныя пэўнай жывёле. Дзеці лепш запамінаюць інфармацыю, пададзеную ў выглядзе чатырохрадкоўяў, міні-казак. Але аказалася, што такія творы цяжка знайсці. Калі пра тую ж вавёрку ў беларускай літаратуры процьма тэкстаў, то пра некаторых… Пэўна, пісалася, але знайсці іх праблематычна. Таму вырашыў пайсці іншым шляхам, які, мне здаецца, таксама цікавы.

 — На будучыню можна было б задумаць серыю-спадарожнік з забаўляльна-творчымі матэрыяламі кшталту фарбаванак, зборнікаў загадак…

— Добрая ідэя, але, зноў жа, усё залежыць ад таго, наколькі вялікі будзе той актыў людзей, якія згодныя працаваць над серыяй. Калі збярэцца хаця б некалькі чалавек — я думаю, можна многае рэалізаваць.

Наста ГРЫШЧУК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.