Вы тут

Сюй Чжымо: беларускае гучанне кітайскага паэта-рамантыка


Усё часцей беларускія паэты-перакладчыкі звяртаюцца да пераўвасаблення кітайскай паэзіі на беларускую мову.


У шэрагі добра вядомых перакладчыкаў, да якіх належаць Уладзімір Дубоўка, Рыгор Барадулін, Мікола Аўрамчык, Сяргей Дзяргай, Анэля Тулупава, Валянціна Коўтун, Вольга Іпатава, дадаюцца новыя і новыя рупліўцы, якія натхнёна пранікаюць у глыбіні кітайскага паэтычнага Космаса. Зараз актыўна ідзе праца па прадстаўленню беларускаму чытачу кітайскага паэта-рамантыка пачатку дваццатага стагоддзя Сюй Чжымо (загінуў у авіяцыйнай катастрофе ў 1931 годзе, маючы за плячыма крыху болей за трыццаць гадоў жыцця). Рыхтуецца да выдання яго кніга ў Выдавецкім доме "Звязда" у вядомай серыі "Светлыя знакі. Паэты Кітая". Былі публікацыі ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

Сярод перакладчыкаў Сюй Чжымо – вядомы беларускі паэт Навум Гальпяровіч. Ён добра ведае кітайскую літаратуру. Некалькі разоў быў у Кітаі. Бачыў на свае вочы жыццё ў вялікай краіне, бачыў памкненні кітайцаў да пераабсталяванняў. Бачыў і іх даўнія і глыбінныя традыцыі ў дзеянні. Грунтоўны цыкл нарысаў Навума Якаўлевіча пра Кітай друкаваўся ў газеце "Літаратура і мастацтва". Ведаючы вершы Сюй Чжымо і ў арыгінале, я лічу, што з прадстаўленнем беларускаму чытачу яркага, сімпатычнага паэта з Паднябеснай Навум Гальпяровіч выдатна справіўся.

"Пакідай мяне ўсё, што прайшло,/ Я да новых вяршыняў лячу./ Пакідай мяне ўсё, пакідай,/ Бо бясконца віруе жыццё", – чытаю следам за перакладчыкам і мне ўжо падаецца, што Сюй Чжымо – гэта наш Максім Багдановіч, Аркадзь Куляшоў, Міхась Стральцоў… Чую плёскат крынічных словаў, які народжаны творамі са стральцоўскіх кніг "Цень ад вясла", "Мой свеце ясны", "Ядлоўцавы куст"… Магчыма, я памыляюся, але ў адным пераканана дакладна: Сюй Чжымо патрэбен беларускай паэзіі, яго творчасць вартая параўнання са зробленым нашымі класікамі. А дзеля гэтага, пэўна, варта не аднаму Навуму Гальпяровічу спрычыніцца да перакладчыцкай работы ў гэтым накірунку.

Спадзяюся на тое, што па падрадкоўніках і арыгіналах будуць падрыхтаваны новыя беларускія кнігі Сюй Чжымо. Гэта, упэўнена, будзе толькі на карысць – і беларускай школе мастацкага перакладу, і нашаму роднаум слову.

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ


Сюй Чжымо

Пакідай

Пакідай жа хутчэй, пакідай!

Сярод розных людзей пакідай!

Я адзін на вяршыні гары!

Пакідай жа хутчэй, пакідай!

Нада мною адзін небасхіл,

Я адзін, пакідай, маладосць!

І знікай у высокай траве.

Пакідай жа мяне, маладосць!

Вунь вароны гергечуць ўначы,

Пакідай мяне, сцішаны сон!

Вунь знікаюць ужо міражы,

Ты таксама, мой сон, пакідай!

Я сустрэну з усмешкай цяпло,

Што мне дорыць увечары свет,

Хваляванне салёнай вады

І лісточак на хвалях марскіх.

Пакідай мяне ўсё, што прайшло,

Я да новых вяршыняў лячу.

Пакідай мяне ўсё, пакідай,

Бо бясконца віруе жыццё.

Райская навіна

Ах, які на світанні пейзаж!

Лістапад, што бясшумна плыве,

І высокі бамбукавы плот.

А за ім лёгкі чуецца смех.

Ён ад вуснаў дзявочых ляціць

І я чую дыханне яго.

А з вясковай хаціны цяпло

Прабіваецца ў ранішні свет.

Птушка кліча прачнуцца мяне.

О, якое адхланне ізноў!

І хоць бачыў усё у жыцці:

Перамогі, самоту, бяду,

Мне праз смех гэты бачыцца рай,

Мора думак, бы велічных хваль,

Нібы часу таемнага пульс.

Карал

Ты больш не жадаеш, каб я гаварыў,

Маё сэрца даўно ўжо на дне.

Ты, прашу, мяне, болей не кліч,

Бо адказу на гэта няма.

Калі толькі таксама на дно,

Дзе чароўны каралавы куст,

Ты захочаш спусціцца, пакуль

Сціхне вецер і хваляў прыліў.

Мы пачуем дыханне сваё,

Што зліецца з дыханнем вады.

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме…

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме.

Я сплю.

У сне я ў віры светлага мора.

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме.

Я сплю.

Я зачараваны тваёй пяшчотай.

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме.

Я сплю.

Мілосць – гэта ззяне праз сон.

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме.

Я сплю.

Твая здрада – мая пакута.

Я не ведаю, вецер з якога напрамку дзьме.

У самоце сну маё сэрца разбіваецца.

Я не ведаю, вецер з якога напрмку дзьме.

Я сплю.

Маркота – гэта колер сну.

Вандроўка

У той дзень ты вандравала ў небе,

А на зямлі быў горны ручай.

І ты не заўважыла, што твая прыгажосць

Адбілася ў яго вадзе.

І ён захацеў абняць твой чароўны стан.

Але ты ўжо ляцела далей.

Прыгажосць не стаіць на месцы.

Твой цень паляцеў таксама

На вялікія моры і азёры

І ручай стаў засыхаць без надзеі,

Што ты вернешся зноў.

Горы, я не ўслаўляю вашу сілу,

Мора, я не ўслаўляю тваё бязмежжа,

Вецер і хвалі, я не ўслаўляю вашу магутнасць,

Я слаўлю кветачку на заснежаным полі,

Я слаўлю птушачку, што вяртаецца дамоў.

Я хачу прынесці ў ахвяру цяпло майго сэрца,

Кроў, што цячэ ў маіх жылах, святло маёй душы,

Мае песні. Іх панясуць аблокі, сплятаючы радасць,

Малюючы ў небе вясёлку.

У іх  чыстых  гуках  знікнуць усе беды,

Бо ў іх і каханне, і прыгажосць.

З кітайскай. Пераклад Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум

Як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля?

Грамадства

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Час змяняць стэрэатыпы ў сістэме ЖКГ

Спажывец — не скаржнік, а кліент.

Грамадства

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Чаму ў Беларусі такія актуальныя праблемы воднай гаспадаркі?

Cпецыялісты б'юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням.