21 Кастрычнік, субота

Вы тут

На мяжы фолу, або Смецце на нашы галовы


Вы, напэўна, ужо чулі пра 22-гадовага жыхара Магілёва, які здзекі з людзей запісваў на відэа і выкладваў у сацыяльныя сеткі. Як менавіта здзекаваўся — можна ўявіць нават чытаючы афіцыйныя словы міліцэйскай зводкі: «цынічна, з хуліганскіх памкненняў, прыніжаў чалавечую годнасць, абражаў людзей, выказваў яўную непавагу да грамадства. Дэманструючы ўсёдазволенасць і беспакаранасць, у прысутнасці іншых людзей, збіў 20-гадовага магіляўчаніна, а 53-гадоваму мясцоваму жыхару надзеў на галаву вядро са смеццем. Усе проціпраўныя дзеянні ён фіксаваў на відэа і размяшчаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце» для ўсеагульнага прагляду»...


Хутчэй за ўсё, гэта любоў да публічнасці хулігана і падвяла. Цяпер на яго завялі крымінальную справу і пасадзілі пад арышт. За «злоснае хуліганства» — а менавіта так кваліфікуюцца падобныя дзеянні — ён мае ўсе шанцы атрымаць некалькі гадоў зняволення. А магілёўскія следчыя, падазраючы, што ахвяр абразлівых слоў і дзеянняў гэтага маладога чалавека можа быць значна больш, заклікаюць пацярпелых пазваніць па азначанах нумарах і расказаць, як дасталося ім.

Толькі (папраўце мяне, калі я памыляюся) наўрад ці хто будзе званіць. У нашай сарамлівай свядомасці прызнацца ў тым, што цябе публічна абразілі (ці, калі больш дакладна — у тым, што ты не змог належным чынам на абразу адказаць) — гэта тое самае, напрыклад, як расказаць пра тое, што за табой падглядалі ў лазні. І справа не толькі ў гэтым канкрэтным выпадку: хлопец з Магілёва ўжо быў судзімы, цалкам магчыма, у яго праблемы з псіхікай. Праблема ў тым, што рабіць з паказным хамствам, якое ў асяроддзі маладых людзей апошнім часам ператварылася ў своеасаблівы культ і, як ні парадаксальна гэта гучыць, у правілы добрага тону.

Канешне, надзець вядро са смеццем на галаву нашмат старэйшаму чалавеку — гэта ўжо занадта, гэта і праўда ўжо прэтэндуе на візіт да псіхіятра. Але, калі быць шчырымі, хто з нас, дарослых, апошнім часам не сустракаўся з грубасцю, нахабствам, абразлівай бравадай пятнаццаці — сямнаццацігадовых, прычым абсалютна незнаёмых, чужых падлеткаў? Калі яны ідуць натоўпам па тратуары — дарогу лепш саступіць, інакш штурхнуць або ўвогуле саб'юць з ног. Паспрабуй зрабіць заўвагу за тое, што сядзяць на лаўцы з нагамі — пашлюць далёка, пад адабральны рогат астатніх (літаральна нядаўна была сведкай, як мацюкамі абклалі бабулю ў нашым парку). У транспарце яны, расштурхоўваючы ўсіх пры пасадцы, займаюць месцы для інвалідаў, а калі хтосьці робіць заўвагу, здзекліва перапытваюць: «А? Што?», нават не думаючы ўстаць. Я ўжо маўчу пра сезонны кашмар усіх маладых жанчын у спальных мікрараёнах — банды веласіпедыстаў. У нас па Сухараве, напрыклад, вясной і ўлетку трэба хадзіць насцярожана, бо ззаду можа наляцець гурма сексуальна заклапочаных падлеткаў на веласіпедах, аблапаць цябе на хаду за ўсе месцы і з пераможным рогатам памчацца далей.

І вось як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях? Вось ты і дарослы, і разумны, і самадастатковы, а стаіш, бы апляваны, натоўпам малых мярзотнікаў. Здаецца, даў бы асабліва «стараннаму» добрую поўху, каб запомніў на ўсё жыццё. Але спыняе менавіта гэта — што ты дарослы, разумны і самадастатковы, а гэты малалетні дурань — проста дзіця. Курчышся ад агіды на самога сябе — з-за таго, што нічога не робіш — і... нічога не робіш.

Вядома ж, дзядоўскі фізічны метад уздзеяння з мэтай выхавання добрых манер сёння не ў пашане. (Праўда, з уласнага досведу магу сказаць: што са старэйшымі трэба быць ветлівай, дакладна зразумела і на ўсё жыццё запомніла гадоў у восем. Тады некалькі разоў агрызнулася бабулі ў адказ, а бацька, пачуўшы гэта, узяў ладны дубчык...) Вядома ж, правы дзіцяці — гэта святое, і крый божа парушыць кволую дзіцячую псіхіку. Але, калі мы так апякуемся прававым полем вакол нашых дзяцей, можа, час зазірнуць і на іншы бок гэтага поля? Там, дзе не правы, а абавязкі і адказнасць — аж да крымінальнай.

Нехта запярэчыць: маўляў, грамадства ў нас іншага кшталту, чым на Захадзе, ніхто міліцыю выклікаць ці ў суд падаваць, ды яшчэ на дзяцей, не будзе. Што ж, тады давайце будзем цярпець. Пакуль праз пару гадоў гэты самы былы падлетак, які вас абклаў трохпавярховым матам або інакш абразіў і якога вы пашкадавалі, ужо дакладна ўпэўнены ў тым, што можна рабіць што заўгодна і нічога за гэта не будзе, не стукне вам па галаве проста таму, што вы не так на яго паглядзелі. Ці не надзене на тую ж галаву вядро са смеццем ці з якім іншым «напаўняльнікам».

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.