29 Чэрвень, чацвер

Вы тут

Першае працоўнае месца: чым вабіць і чым палохае?


Вясной у ВНУ традыцыйна пачынаецца размеркаванне. Для выпускнікоў, што вучыліся на бюджэце, працэдура хвалюючая: з першым працоўным месцам звязаны і страхі, і надзеі. Для прадпрыемстваў маладыя спецыялісты таксама латарэя. Наколькі наймальнікі зацікаўлены прадастаўляць першае працоўнае месца выпускнікам? Чаго чакаюць ад нядаўніх студэнтаў? Якія прывілеі дае статус маладога спецыяліста?

Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні мы абмеркавалі разам з начальнікам упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алегам ТОКУНАМ, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лагойскага райвыканкама Аленай ПАЗУХІНАЙ і намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Азярыцкае-Агра» Нінай ЖАЛЯЗНОВАЙ, намеснікам начальніка ўпраўлення персаналу холдынга «Інтэграл» Аленай САВЕНЯЙ і дырэктарам Цэнтра прафесійнага навучання персаналу прадпрыемства «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынга» Ірынай ВЯЗІЦКАЙ.


Для прадаўцоў і фармацэўтаў усе дзверы адкрыты

«Звязда»: Сёлета на некаторыя спецыяльнасці чакаецца двайны выпуск. Ці гатовы рынак працы прыняць усіх выпускнікоў? Якія прафесіі цяпер карыстаюцца попытам, а з якімі знайсці работу будзе праблематычна?

Алег ТОКУН

Алег ТОКУН:

— На біржы працы чакаюць усіх. Незалежна ад таго, ёсць у іх спецыяльнасць ці не. На сёння ў краіне 40 тысяч вакансій. Прыкладна палова з іх па рабочых прафесіях, палова — спецыялісты і служачыя. Шмат вакансій у сферы аховы здароўя: гэта датычыцца і ўрачоў, і сярэдняга медыцынскага персаналу, і правізараў, фармацэўтаў. Акрамя таго, мы бачым, што стала ажыўляцца і галіна будаўніцтва. Зноў неабходны бетоншчыкі, арматуршчыкі.

На жаль, менш патрабуюцца рабочыя для прамысловых прадпрыемстваў. І, вядома, гэта праблема не першага года — практычна няма попыту на эканамістаў, менеджараў, юрыстаў, юрысконсультаў, бухгалтараў.

Алена ПАЗУХІНА

Алена ПАЗУХІНА:

— У Лагойскім раёне на сёння патрэбны прадаўцы, хімікі, фармацэўты і ветурачы. А вось вакансіі ўрачоў практычна закрыты. Пэўны час у Лагойскім раёне была сур'ёзная праблема з вузкімі спецыялістамі: не было лора, акуліста, неўрапатолага. Але наша цэнтральная раённая бальніца актыўна папрацавала з навучальнымі ўстановамі і, у тым ліку з дапамогай працэдуры размеркавання, палепшыла сітуацыю.

Летась да нас прыбылі 100 маладых спецыялістаў. Добры паказчык, бо раён невялікі — каля 37 тысяч насельніцтва. У асноўным прыйшлі ў адукацыю — 20 чалавек. У сельскую гаспадарку размеркавалі 13 чалавек, у сферу аховы здароўя — 12. Яшчэ 9 выпускнікоў прыбылі ў лясгас, 8 — у гандаль. Каля 20 чалавек з ліку маладых спецыялістаў мелі мэтавае накіраванне на вучобу.

Алена САВЕНЯ

Алена САВЕНЯ:

— Летась мы прынялі 314 маладых спецыялістаў, з іх 82 — выпускнікі ВНУ, астатнія атрымалі сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю. На сёлета запланаваны прыём 92 маладых спецыялістаў з універсітэтаў і каля 250 — з каледжаў і вучылішчаў. У цэлым мы стараемся захоўваць нашы дагаворныя адносіны з навучальнымі ўстановамі. Як бачыце, на 2017 год запланаваны амаль тыя ж лічбы па прыёме, што і ў 2016-м.

Сярэдні ўзрост персаналу на «Інтэграле» — 44 гады. Мы цяпер амалоджваем калектыў, стараемся даваць месцы выпускнікам. Прыкладна на сем працэнтаў аднаўляем склад кадраў.

Ірына ВЯЗІЦКАЯ

Ірына ВЯЗІЦКАЯ:

— Асноўныя спецыялісты з навучальных устаноў, якіх мы бяром, — гэта інжынеры-канструктары, інжынеры-тэхнолагі. Летась у кіруючую кампанію холдынга былі прыняты 36 маладых спецыялістаў. Выконваем усе абавязацельствы, якія намецілі, і ў гэтым годзе. Ужо падрыхтаваны лісты на размеркаванне 15 выпускнікоў універсітэтаў: гэта інжынеры-канструктары, метролагі, інжынеры вузкай накіраванасці. З каледжаў і ліцэяў у кіруючую кампанію чакаем пакуль 5 чалавек. А ўсяго па холдынгу запланаваны прыём яшчэ 32 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і 24 — з вышэйшай.

Ніна ЖАЛЯЗНОВА

Ніна ЖАЛЯЗНОВА:

— Маладыя спецыялісты, якіх мы прымалі ў апошнія гады, працуюць па прафесіях агранома, інжынера, эканаміста, юрыста. Так, эканамісты і юрысты ў гаспадарках патрэбны. Але гэта не значыць, што ўсе выпускнікі з адпаведным дыпломам змогуць тут працаваць. Трэба, каб спецыяльнасць мела сельскагаспадарчы кірунак, бо спецыфіка работы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах адрозніваецца ад іншых галін.

Работа ў адпаведнасці з адукацыяй — ужо прывілея

«Звязда»: Размеркаванне студэнтамі ўспрымаецца, як правіла, негатыўна. Маўляў, адправяць у глухую вёску на мізэрны заробак. Разам з тым на дзяржаўным узроўні лічаць важным захаваць практыку размеркавання. А ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі магчымасць гарантаванага працаўладкавання збіраюцца замацаваць і за студэнтамі-платнікамі. Якія прывілеі дае статус маладога спецыяліста і які «сацыяльны пакет» гатовы прадаставіць прадпрыемствы выпускнікам?

Ніна ЖАЛЯЗНОВА:

— Па калектыўным дагаворы, калі малады спецыяліст толькі прыехаў на работу, мы выплачваем яму пяць базавых велічынь (каля 100 рублёў), месячную стыпендыю. Кампенсацыя расходаў па найме жылля — да чатырох базавых. Але мы стараемся самі забяспечыць жыллём. 36 з 70 нашых маладых работнікаў маюць хто пакой у інтэрнаце, хто трохпакаёвую кватэру. Калі хлопцы вяртаюцца з арміі ў гаспадарку, выплачваем ім 40 базавых велічынь з той дамовай, што яны абавязкова адпрацуюць у нас не менш за адзін год.

Выпускнікам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якіх размеркавалі ў сельскую гаспадарку, на працягу двух гадоў таксама даплачваецца да заробку адна тарыфная стаўка першага разраду. А ў наступныя тры гады робіцца даплата ў трохразовым памеры гэтай тарыфнай стаўкі за дзяржаўныя сродкі.

Маладыя спецыялісты ў нас атрымліваюць не менш, чым у сярэднім па гаспадарцы. Сярэдняя заработная плата складае 750 рублёў.

Ірына ВЯЗІЦКАЯ:

— Самае галоўнае — мы даём выпускнікам працоўнае месца ў адпаведнасці з іх адукацыяй і кваліфікацыяй. Акрамя ўсіх нормаў, што замацаваны заканадаўствам, у нас на прадпрыемстве дзейнічае палажэнне па маладых рабочых. Першыя паўгода ім выплачваецца адна стаўка па тарыфным разрадзе, каб матэрыяльна стымуляваць іх працу. У нас ёсць інтэрнат: на жаль, няма магчымасці адразу засяліць усіх ахвотных, але мы ставім у чаргу і па меры вызвалення стараемся даць месца. Плануем у цэхах вывешваць фота маладога спецыяліста, каб яго ведалі і аказвалі дапамогу. Вялікую ўвагу ўдзяляем адаптацыі на новым месцы. Замацоўваем куратара за нядаўнім студэнтам. На стадыі распрацоўкі аўдыягід, з дапамогай якога можна самастойна зрабіць экскурсію па прадпрыемстве. Традыцыйнымі ў нас з'яўляюцца дні навічка. Гэта важна, каб выпускнік, які прыйшоў працаўладкоўвацца на прадпрыемства, адчуваў, што ён не сам-насам, а быццам у сям'і.

Алена САВЕНЯ:

— Маладым спецыялістам на «Інтэграле» таксама прадастаўляюць інтэрнат. Прычым чарга ў нас толькі на сямейныя пакоі — ложка-месца даём адразу. Увялі сістэму матэрыяльнага заахвочвання, разлічаную на пяць гадоў. Пры залічэнні маладому спецыялісту ўстанаўліваецца даплата ў 20 працэнтаў ад службовага акладу, калі скончыў навучальную ўстанову з адзнакай — то плюс яшчэ 10 працэнтаў. Пасля першага года работы выпускнік можа павысіць сваю надбаўку з 20 да 80 працэнтаў: у залежнасці ад укладу ў работу, ведання лакальных дакументаў, атрыманых адзнак. А за другі год надбаўку можна павялічыць да 150 працэнтаў. Гэта ўжо адчувальна. Кіраўніцтва свядома пайшло на такі крок, бо два-тры гады таму быў моцны адток моладзі. У нас сфера мікраэлектронікі, ёсць шмат прыватных замежных фірмаў, дзе такія спецыялісты запатрабаваны. Але ўжо другі год запар, з увядзеннем стажыровак і матэрыяльнага стымулявання для моладзі, у нас назіраецца станоўчая тэндэнцыя: выпускнікі замацоўваюцца на месцах пасля абавязковай адпрацоўкі.

«Звязда»: Якім чынам на прадпрыемствах вырашаецца пытанне аб тым, каго запрасіць? Ці мае значэнне для наймальнікаў паспяховасць студэнтаў? Самі выпускнікі нярэдка кажуць, што на сумоўях іх адзнакамі ў дыпломе ніхто не цікавіцца.

Алена САВЕНЯ:

— У гэтым годзе склалася такая сітуацыя, што мы ўжо можам самі выбіраць маладых спецыялістаў. Усё больш выпускнікоў, нават з такога факультэта, як механіка-матэматычны БДУ, сталі звяртацца з просьбай працаўладкавацца. Таму, мяркуючы па званках студэнтаў, я разумею, што праблема з размеркаваннем ёсць. Многія прадпрыемствы сталі адмаўляцца ад маладых спецыялістаў.

Мы прыглядаемся да тых, у каго больш высокі сярэдні бал, хто хоча ісці менавіта да нас. Вывучаем таксама справаздачы аб праходжанні практыкі і тым навучэнцам, якія дрэнна сябе зарэкамендавалі (напрыклад, парушалі дысцыпліну або не хацелі працаваць), адмаўляем ва ўладкаванні. Такія выпадкі былі.

Непатрэбных кадраў павінна быць менш

«Звязда»: Наколькі наймальнікі задаволены ўзроўнем падрыхтоўкі маладых спецыялістаў? І ці вядзецца работа па прафарыентацыі, каб збалансаваць попыт
і прапанову?

Ірына ВЯЗІЦКАЯ:

— Ёсць праблема з тым, што навучальныя ўстановы, калі яны не профільныя, мала ўвагі ўдзяляюць замежнай мове. Хацелася б, каб веды выпускнікоў выходзілі на іншы ўзровень. Гэта сусветныя стандарты, ад іх не сыдзеш.

Алег ТОКУН:

— Хацеў бы «напасці» на прадпрыемствы. Мы ўвесь час кажам сістэме адукацыі: навошта вы рыхтуеце столькі непатрэбных кадраў? А праблема насамрэч унізе. Прадпрыемствы рэальна не плануюць на перспектыву. Я ведаю, што ў асноўнай масе наймальнікі пачынаюць цікавіцца маладымі людзьмі толькі на перадапошнім курсе. А пэўны час сістэма адукацыі сама вырашае, хто патрэбны, а хто не. Сістэма дзяржаўнага заказу для падрыхтоўкі кадраў дрэнна спрацоўвае. Можа, і з боку органаў дзяржаўнага кіравання ёсць прабелы ў рабоце, але і мае месца вельмі нізкая актыўнасць наймальнікаў. Мы цяпер будзем пераглядаць гэту сістэму.

Ірына ВЯЗІЦКАЯ:

— Я тут гатова паспрачацца. Супрацоўніцтва паміж «АМКАДОРАМ» і навучальнымі ўстановамі наладжана даўно. Мы заключалі дагаворы з кафедрамі БНТУ, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Не так даўно паўдзельнічалі ў кірмашы вакансій, які ладзіў машынабудаўнічы факультэт БНТУ. Мы ідзём насустрач установам адукацыі. Летась заключылі Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і кіруючай кампаніяй холдынга. Плануецца стварэнне адукацыйнага кластара паміж каледжамі і прадпрыемствам, што дазволіць амаладзіць і структураваць наш персанал. Універсітэты ў сваю чаргу ідуць да нас паглядзець нашу базу. І на стажыроўку выкладчыкаў стараемся браць.

Алена САВЕНЯ:

— У нас ёсць тры філіялы кафедры — у БДУ, БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Можна сказаць, рыхтуем студэнтаў пад сябе. У сакавіку, дарэчы, «Інтэграл» аднавіў пагадненне з БДУІРам да 2028 года. Універсітэт, адкрываючы новыя спецыяльнасці, прапрацоўвае пытанне, наколькі яны для нас актуальныя.

Ніна ЖАЛЯЗНОВА:

— Хачу дадаць, што кожнае прадпрыемства здае статыстычную справаздачу, колькі на пяцігодку патрэбна будзе інжынераў, ветурачоў, аграномаў. Зразумела, гэтыя лічбы могуць карэкціравацца, але арыенцір для навучальных устаноў ёсць.

Алена ПАЗУХІНА:

— Разам з тым прафарыентацыю ў школах трэба праводзіць шырэй. Мы агітуем за гэта наймальнікаў. У нас, напрыклад, з'явілася некалькі паліграфічных і фармацэўтычных прадпрыемстваў, і яны прывозяць спецыялістаў з іншых раёнаў. Гэта, вядома, добра, але атрымліваецца, што нашы выпускнікі не заўсёды ведаюць пра магчымыя працоўныя месцы. Дыялог паміж школьнікамі і прадпрыемствамі таксама важны.

Алег ТОКУН:

— Ва ўстаноў адукацыі, зразумела, свой інтарэс. Ім трэба набраць людзей, таму што ад гэтага залежыць фінансаванне. Але адвучылі групу, напрыклад, бухгалтараў, і куды іх падзець? Сваю работу ўстанова адукацыі быццам выканала, але яна аказалася нікому не патрэбнай...

Ніна ЖАЛЯЗНОВА:

— А з іншага боку, як абітурыентаў могуць не ўзяць? Кожны чалавек мае права атрымаць прафесійную адукацыю, тым больш за свае грошы. А ці хопіць у яго здольнасцяў і ведаў на тую ці іншую прафесію, гэта іншая справа.

У цане — настойлівасць і працавітасць

«Звязда»: Як не застацца без работы студэнтам-платнікам? Па ацэнках аднаго з парталаў па працаўладкаванні, на адну вакансію для моладзі прыпадае 44 рэзюмэ... Як зарэкамендаваць сябе, калі не маеш вопыту?

Алена ПАЗУХІНА:

— А для гэтага можна пачаць працаваць падчас вучобы, на апошніх курсах, каб да моманту выпуску падысці ўжо з вопытам і нават рэкамендацыяй.

Алена САВЕНЯ:

— Адна справа, калі бабуля ці мама просяць аб выпускніку, іншая — калі мне сам малады спецыяліст 20 разоў патэлефануе. І на 20-ы раз я яго вазьму за настойлівасць.

Ніна ЖАЛЯЗНОВА:

— У сельскай гаспадарцы, апроч таго, што патрэбны прафесіяналізм, павінна быць любоў да вёскі, сялянскай справы, інакш не атрымаецца. На полі будзе і пыльна, і брудна. Трэба рана ўстаць, позна легчы, працаваць і пад дажджом, і пад снегам. І таму галоўнае для мяне як для кіраўніка пры прыёме на работу — ці любіць чалавек тую зямлю? Яшчэ важны паказчык: калі ты аграном, але гатовы, калі трэба, узяць лапату і разам кідаць зерне, будзеш добрым спецыялістам.

Сумоўі я праводжу асабіста з кожным. Бяру пад увагу адносіны ў сям'і, камунікабельнасць, добразычлівасць. Праблема, на маю думку, не ў працаўладкаванні маладых спецыялістаў, а ў іх патэнцыяле. І запытах. Ёсць тыя, хто атрымаў свой дыплом і ўжо лічыць, што яму ўсе павінны. Дыплом — гэта дакумент, які дае права займацца той ці іншай справай. Усё астатняе табе пакуль падаравалі авансам тыя, хто працуе тут даўно.

Алег ТОКУН:

— Сёння якраз разглядаў зварот маладога спецыяліста. Ён адвучыўся платна, скончыў універсітэт з чырвоным дыпломам, але ніхто яго працаваць не бярэ. Піша: мне ж шмат не трэба, я не прэтэндую на тыя 500 долараў, пра якія кажуць, згодны на 400, дайце мне работу.

«Звязда»: Ці часта моладзі патрэбна дапамога службаў занятасці? Што органы па працы могуць прапанаваць тым, хто пасля вучобы не атрымаў гарантаванага месца?

Алег ТОКУН:

— З моладдзю мець справу нам даводзіцца дастаткова часта. Прыкладна 35 працэнтаў тых, хто звяртаецца ў службу занятасці, — ва ўзросце да 30 гадоў. З маладымі лёгка працаваць: яны мабільныя, актыўныя, згаджаюцца навучацца новым прафесіям. Таму асаблівых праблем у іх працаўладкаванні няма. Не сказаць, што ў службы занятасці звяртаецца процьма выпускнікоў. Паколькі ёсць працэдура размеркавання, многія атрымліваюць першае працоўнае месца. Да нас даходзяць адзінкі.

Алена ПАЗУХІНА:

— У жніўні—верасні ў раённы цэнтр занятасці звярнуліся чатыры чалавекі, якія скончылі ўніверсітэт і тэхнікумы. Аднаго з іх мы накіравалі на «Маладзёжную практыку». Цяпер, трэба сказаць, мы да гэтай праграмы не так актыўна звяртаемся, як, напрыклад, пяць гадоў таму. Летась у нас праходзілі «Маладзёжную практыку» ўсяго тры чалавекі. Па заканчэнні праграмы два з іх замацаваліся на месцах.

Алег ТОКУН:

— Давайце рэальна глядзець на рэчы: не кожны наймальнік хоча браць маладога спецыяліста без вопыту. Таму мы спрабуем матэрыяльна стымуляваць прадпрыемствы прымаць іх на работу з дапамогай праграмы «Маладзёжная практыка». Хоць бы часова: па нашым палажэнні можна да года заключаць дагавор. У гэты час службы занятасці часткова кампенсуюць наймальніку заработную плату маладога работніка. Нехта пасля гэтага тэрміну застаецца на прадпрыемстве, нехта, атрымаўшы вопыт, выходзіць на свабодны рынак. Сітуацыя прыкладна 50 на 50. Лічу, «Маладзёжная практыка» — неабходная праграма. У бягучым годзе па ёй прадугледжана працаўладкаваць 540 чалавек.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.

Грамадства

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Трэба не змагацца з бар'ерамі, а пашыраць даступнасць.

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.