23 Кастрычнік, панядзелак

Вы тут

Прэзідэнт зацвердзіў задуму беларуска-расійскіх вучэнняў


Ужо ў верасні гэтага года маюць адбыцца сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2017». Яны традыцыйна праводзяцца раз на два гады па чарзе на тэрыторыі абедзвюх краін. Гэтым разам наша чарга прымаць вучэнні. З гэтай нагоды ўчора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб задуме вучэнняў Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».


Зараз на заходнім напрамку ў Беларусі і Расіі створана моцная групоўка Узброеных Сіл, аснову якіх складаюць Узброеныя Сілы нашай краіны. «У выпадку канфлікту і, не дай бог, вайны існуе вызначаны план вядзення баявых дзеянняў сіламі беларускіх Узброеных Сіл, якія неадкладна падмацоўваюцца адпаведнымі Узброенымі Сіламі Расійскай Федэрацыі. Таму мы ні ад каго ніколі не ўтойвалі і не ўтойваем, што ў мірны час порах трэба трымаць сухім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам маючае адбыцца вучэнне з'яўляецца лепшым спосабам праверыць гатоўнасць ваеннаслужачых дзвюх краін да ўзаемадзеяння.

Апошнія падзеі насцярожваюць і вымушаюць казаць пра тое, што самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга. І гэта не значыць, што ў Беларусі шмат праблем у частцы супрацьстаяння беларуска-расійскай групоўкі і падраздзяленняў блока НАТА, які сёння ажывіўся, умацоўваецца, узмацняецца, размяшчае дадатковыя кантынгенты войскаў каля межаў краіны. «Нас гэта, шчыра кажучы, хвалюе менш. Нас больш хвалююць спробы сучаснымі метадамі проціборства, супрацьстаяння нагнятаць абстаноўку ўнутры Беларусі і весці супраць яе адпаведныя дзеянні», — сказаў Прэзідэнт. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, маецца на ўвазе спроба «пятай калоны» пры падтрымцы і фінансаванні заходніх фондаў, кіраўніцтве заходнімі спецслужбамі, нагнятаць сітуацыю ў Беларусі.

Нягледзячы на існуючыя на гэты момант супярэчнасці ў беларуска-расійскіх адносінах, гэта ніяк не датычыцца пытанняў бяспекі. Акурат наадварот, вучэнне — гэта дэманстрацыя пастаянства ў забеспячэнні бяспекі двух братэрскіх народаў. «Як бы не складваліся нашы адносіны ў вобласці нафты, газу, харчавання і іншага — гэта пытанні вырашаемыя. А вось жартаваць з бяспекай, абараназдольнасцю нашых рубяжоў ні ў якім разе нельга. Гэта не падлягае ніякаму віду гандлю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паставіў адной з галоўных мэт забяспечыць празрыстасць падзеі, запрасіць папрысутнічаць на ёй усіх ахвотных. Каб вучэнні былі даступныя не толькі для сяброў Беларусі па АДКБ, ЕАЭС, СНД, але і для прадстаўнікоў Паўночнаатлантычнага блока — НАТА. «Мы нічога не хаваем і хаваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэнні, калі ласка», — прапанаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў удзельнікаў абмеркавання задумы вучэнняў «Захад-2017» даць ацэнку эфектыўнасці двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва з Расіяй, бо ў хуткім часе мусіць адбыцца Вышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы. «Калі ёсць нейкія праблемы, каб я мог іх пазначыць перад кіраўніцтвам Расіі і прыцягнуць увагу да больш эфектыўнага супрацоўніцтва ў рамках нашых пагадненняў па абароне Саюзнай дзяржавы», — растлумачыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму сумеснага стратэгічнага вучэння Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».

Таксама падчас абмеркавання Прэзідэнт адзначыў факты супрацьпраўных дзеянняў на дзяржаўнай граніцы, якія адбываюцца час ад часу: спробы правезці зброю і іншыя небяспечныя прадметы. Ён расказаў пра начную падзею на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі давялося ўжыць зброю. «І на заходнім напрамку выяўленыя былі нядобрыя дзеянні, звязаныя з гранатамі, начыненымі нейкім парашком (зараз праводзяцца даследаванні)», — паведаміў Прэзідэнт. Яшчэ адзін інцыдэнт звязаны са знаходкай радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які рухаўся транзітам цераз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін. Кіраўнік дзяржавы даручыў праінфармаваць яго па выніках расследавання.

* * *

Пра падрабязнасці маючых адбыцца вучэнняў журналістам расказаў міністр абароны Беларусі Андрэй РАЎКОЎ. Ён падкрэсліў, што яны, хутчэй, гэта спосаб падрыхтоўкі рэгіянальнай групоўкі войскаў, якая з'яўляецца гарантам Саюзнай дзяржавы на заходнім напрамку. Пры гэтым прасторавы размах «Захаду» ўражвае — ад Кольскага напрамку ў арктычнай зоне да Беларусі. На тэрыторыі нашай краіны будзе задзейнічана 7 палігонаў і ўчасткаў мясцовасці для рэгіянальнай групоўкі войскаў. Галоўная тэматыка вучэння, падкрэсліў міністр, — абарончая. Іх задача — гэта падрыхтаваць і праверыць гатоўнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў. І тут ключавы складнік — абараняльны.

Пры гэтым агульная колькасць прыцягнутых войскаў не будзе перавышаць тых параметраў, што вызначаны Венскім дакументам 2011 года. Гэта не больш за 13000 ваенных па асабістым складзе. Ад расійскага боку плануецца каля 3000 ваеннаслужачых і каля 280 адзінак тэхнікі.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бяспека перш за ўсё

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.