23 Май, аўторак

Вы тут

У Пінску працуе выстаўка першай беларускай разьбяркі Гелены Скірмунт


У Пінскім музеі беларускага Палесся паспяхова працуе выстаўка ўраджэнкі вёскі Калоднае слыннай мастачкі і першай беларускай разьбяркі Гелены Скірмунт, прысвечаная 190-годдзю са дня яе нараджэння, што будзе адзначацца сёлета 5 лістапада.


Да­кра­нуц­ца да твор­час­ці сла­ву­тай зям­ляч­кі.

У экспазіцыі пад назвай «Творчая мазаіка Гелены Скірмунт» упершыню ў наш час прадстаўлены ўнікальны альбом фотаработ славутай паляшучкі — самы поўны з трох, што ёсць у свеце. Побач са здымкамі Гелены дэманструюцца і 14 арыгінальных літаграфій яе настаўніка і роднага дзядзькі Напалеона Орды, сусветна вядомага мастака, скульптара, літаратара і кампазітара, якога лічаць сваім і беларусы, і палякі, і літоўцы.

Нарадзілася Гелена ў тагачасным Пінскім павеце, у маёнтку Калоднае, уладальнікам якога быў яе бацька — прадстаўнік моцнага магнацкага польскага рода Аляксандр Скірмунт. Маці таксама паходзіла з вядомага рода Ордаў і даводзілася сястрой Напалеону Ордзе.

Ужо ў дзяцінстве дзяўчынка зацікавілася мастацтвам, з задавальненнем малявала родную прыроду. Бацькі заўважылі і падтрымалі яе захапленне, і з іхняй згоды яна паехала вучыцца ў Вільню. Значны ўплыў на яе творчасць, як ужо адзначалася, аказаў Напалеон Орда, што часта прыязджаў у Пінск, а адтуль — да сястры ў Калоднае, якое знаходзіцца ад Пінска ўсяго за 36 кіламетраў.

Атрымаўшы патрэбныя веды, Гелена вярнулася ў родны маёнтак, пабралася шлюбам з архітэктарам Казімірам Скірмунтам, пачала стала займацца мастацтвам. Рабіла замалёўкі прыгожых мясцін, ляпіла скульптуры з гліны, выразала з дрэва медальёны з выявамі сваякоў і славутых людзей. Адначасова актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці гміны, адчыніла дзве школы для сялянскіх дзяцей. Шчыра вітала адмену прыгоннага права і ў гонар гэтай падзеі нават устанавіла крыж у суседняй вёсцы Радчыцк.

Скірмунты з сімпатыяй успрынялі паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, і, калі праз палескія вёскі ў бок Валыні рухаўся атрад пад камандаваннем Рамуальда Траўгута, Гелена ўзялася перадаць паўстанцам ліст з важнымі звесткамі. Аднак па дарозе была затрымана расійскімі салдатамі і адпраўлена на допыт у Пінск. Даказаць яе віну ў падтрымцы паўстання следчым не ўдалося, але жанчыну, у якой на той час было ўжо трое дзяцей, саслалі ў Тамбоў.

Ссылка моцна падарвала яе здароўе, і Гелена была вымушана паехаць на лячэнне за мяжу, дзе 1 лютага 1874 года яе не стала. Пахавана наша слынная зямлячка на могілках па вул. Спакойнай у Пінску. І можна казаць, што выстаўка твораў — гэта своеасаблівае наведванне мастачкай родных мясцін.

Не забыліся пра «Алену» — так яе называюць у Калодным — і непасрэдна на малой радзіме. У 2003-м, праз 129 гадоў пасля яе смерці, тут з'явілася мемарыяльная пліта з надпісам: «У памяць знакамітай мастачкі Гелены Скірмунт (1827—1874), ураджэнкі вёскі Калоднае, устаноўлена на месцы сядзібы Скірмунтаў».

Значнай цікавасцю ў аматараў і спецыялістаў карыстаюцца таксама дзённікавыя запісы Гелены Скірмунт, якія леглі ў аснову кнігі Б. Залескага, выдадзенай у 1876 г. на польскай мове. У 2009 годзе — з той жа назвай, але ўжо на мове беларускай — яна ўбачыла свет у мінскім выдавецтве Віктара Хурсіка.

Міхась КАРСЕКА

Фота Сцяпана ГАРЫНЦА

Загаловак у газеце: Вяртанне Гелены Скірмунт

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясновыя палы на Оталава

Вясновыя палы на Оталава

Адно з найпрыгажэйшых азёр Беларусі — Оталава —  знаходзіцца ва Ушацкім раёне. 

Грамадства

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Чаму рыбакі супраць арэнды ўчастка Прыпяці

Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць, у чым заключаюцца прычыны канфлікту.

Грамадства

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?

Гэтае і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі ХІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму.

Культура

Прайшоў VІІІ фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак»

Прайшоў VІІІ фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак»

Фестываль у аграгарадку Гальшаны, што на Ашмяншчыне, хоць і валодае статусам рэгіянальнага, ужо каторы год аб'ядноўвае аматараў айчыннай гісторыі з усёй краіны.