30 Сакавік, чацвер

Вы тут

Апошні спачын вядомых беларусаў, або Не самая звычайная экскурсія


Ведаеце, а такіх дзівакоў, што любяць хадзіць на могілкі, зусім нямала. Бо гэта не толькі месца апошняга спачыну, а значыць, суму аб памерлым, але яшчэ і месца памяці. Тут перакрыжоўваюцца лёсы самых розных людзей і ставіцца апошняя кропка на іх жыццёвым шляху. Кім яны былі, што паспелі зрабіць?..

У беларускай сталіцы адразу трое могілак можна аднесці да ліку агульнанацыянальных некропаляў — Кальварыйскія, Усходнія і Вайсковыя. Пра іх адметнасць, у межах адукацыйных лекцый, якія ладзяцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, расказаў гісторык, экскурсавод Павел Дзюсекаў.


На Усходніх могілках можна ўбачыць арыгінальны помнік кампазітару  Іосіфу Жыновічу.

Кальварыя

Самыя старыя могілкі ў Мінску, якія захаваліся да нашых дзён, — Кальварыйскія. Хаваць на Кальварыі пачалі яшчэ ў 1796 годзе. Аднак на сёння самая старая магіла — сясцёр Юзэфы і Тэафіліі — 1808 і 1824 гадоў пахавання — іх помнік дайшоў да нашагу часу. Адразу за ім можна ўбачыць яўрэйскую надмагільную пліту — мацэву.

Варта згадаць пра паходжанне гістарычнай назвы Кальварыя. Па-лацінску гэта тое ж, што па-грэчаску Галгофа — месца, дзе ўкрыжавалі Хрыста. Увогуле, этымалогія слова «кальварыя» — «лысы чэрап, лысая гара».

Могілкі часткова размяшчаюцца на зямлі Базыля Макаровіча, які нарадзіўся ў 1878 годзе. Таму ён пахаваны ў адной са сцен касцёла Узвіжання Святога Крыжа, які стаіць тут.

Побач з касцёлам захавалася аўтэнтычная плітка XІX стагоддзя. Па ёй і сёння ходзяць людзі. А ў склепе, які знаходзіцца побач, па-ранейшаму ўстаўлены сапраўдныя металічныя дзверы.

Тут жа размяшчаюцца і два падземныя склепы. Адзін з іх цалкам засыпаны зямлёй, а другі толькі часткова.

Мастакі і не толькі...

Адна з адметных асоб, пахаваных на Кальварыі, — гэта мінскі мастак першай паловы XІX стагоддзя Ян Дамель. Ён завяшчаў быць пахаваным пад алтаром Кальварыйскага касцёла — так і адбылося.

Першую палову жыцця творца правёў у Вільні, выкладаў мастацтва. Аднак яго сябар вырашыў заняцца падробкай асігнацый, а паколькі абодва былі таленавітымі мастакамі, фальшывыя грошы яны ў прамым сэнсе малявалі. Іх махінацыі раскрылі, Яна Дамеля даставілі ў Мінск, дзе ён пэўны час знаходзіўся пад вартай. З тых часоў пачаў жыць і маляваць у цяперашняй беларускай сталіцы.

Арыгінальная карціна гэтага творцы і сёння захоўваецца ў доме-музеі Ваньковічаў, яна называецца «Павел І вызваляе Тадэвуша Касцюшку з турмы».

Цікавая гісторыя стварэння карціны «Святая Канстанцыя з крыжом», якая знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Аднойчы Радзівілы заказалі ў Дамеля ікону Святой Канстанцыі — у той час акурат памерла Канстанцыя Чудоўская. Заказчык акуратна паклаў партрэт побач з мастаком і сказаў: «А давай Святая Канстанцыя будзе крыху падобнай да гэтай Канстанцыі». Створаную ікону прынеслі ў касцёл, каб асвяціць. Аднак ксёндз катэгарычна адмовіўся зрабіць гэта. Так яна і засталася проста карцінай.

Яшчэ адзін арыгінал выпадкова знайшлі ў Вішневе, за алтаром. Там дзясяткі гадоў стаяла штосьці чорнае і незразумелае. А калі прадпрымальнік з Гомеля нарэшце ўзяўся прафінансаваць рэстаўрацыю і вядомую рэч пачысцілі ад бруду, высветлілася, што гэта работа Яна Дамеля — карціна «Святы Юзаф з дзіцяткам Езусам». Цяпер яна ўпрыгожвае галоўны алтар вішнеўскага касцёла.

Свой апошні спачын на Кальварыі знайшлі і іншыя слынныя мастакі. Напрыклад, Адам Шэмеш, пра якога згадвае ў сваіх нататках Уладзіслаў Сыракомля. Магіла не захавалася. Затое можна ўбачыць пахаванне Яўгена Куліка — творцы, які разам з мастаком Уладзімірам Крукоўскім распрацоўваў эталон першага беларускага герба.

Пахаванне сясцёр Рудольфа Пішчалы на Кальварыі.

Паэты і іх пляменнікі

У пачатку XX стагоддзя найлепшым доктарам у ваколіцах Мінска быў Зыгмунт Свянціцкі. Гэты чалавек першым здзейсніў пераліванне крыві, прывёз сюды рэнтгенаўскі апарат. Ён бясплатна лячыў бедных — у тых самых старых карпусах 2-й бальніцы ля Траецкага прадмесця.

У канцы XІX стагоддзя Свянціцкі сватаўся да Элізы Ажэшкі, з якой меў раман. Аднак штосьці не склалася, і Ажэшка засталася ў Гродне, доктар вярнуўся ў Мінск і пабудаваў дом. Варта дадаць, што сын доктара распачаў работу першага ў сталіцы таксі — у 1913 годзе тут з'явіўся таксаматор №1.

Цікава, як па-асабліваму Свянціцкага цягнула да літаратуры. Калі прыгледзецца да помніка, пад якім ён пахаваны, то можна ўбачыць, што разам з ім ляжыць Марыя з роду... Міцкевічаў. Такім чынам, на Кальварыі пахавана яшчэ і пляменніца нашага паэта Адама Міцкевіча.

На Кальварыі пахаваны Аляксандр Сіпайла — святар, які калісьці ўзначальваў кафедральны касцёл. Памёр ён вельмі рана, у 32 гады.

Ёсць тут і магіла Клацільды Вайніловіч — прыёркі кляштара бенедыктынак. Яна з тых самых Вайніловічаў, Эдвард з якіх праз паўстагоддзя пабудуе новы касцёл. Клацільда ж 32 гады ўзначальвала жаночы кляштар, які калісьці стаяў на месцы кінатэатра «Перамога». На сённяшні дзень ад яго засталіся толькі падмуркі...

Знайшоў тут свой апошні спачын і беларускі паэт-дэмакрат Янка Лучына. Самым важным яго ўчынкам з'яўляецца тое, што праз 25 гадоў пасля паўстання Каліноўскага ў газеце «Минский листок» ён змог апублікаваць верш на беларускай мове, які называўся «Вясновай парой». Да гэтага нічога на роднай мове не друкавалі ўжо чвэрць стагоддзя.

У 1903 годзе, ужо пасмяротна, выйшла першая кніга Янкі Лучыны «Вязанка». Але ж да 1905 года друкаваць па-беларуску было забаронена. Браты Луцкевічы вазілі гэту кнігу для адабрэння цэнзарамі ў Пецярбург і там прадставілі яе як кнігу на балгарскай мове. Цэнзары не разабраліся, на якой мове насамрэч напісана кніга, і толькі дзякуючы гэтаму яна пабачыла свет.

На могілках ёсць свой прывід — белая панна Кальварыі. Ходзіць легенда, што ў склепе ў XІX стагоддзі была пахаваная паненка, якая насамрэч не памерла, а заснула летаргічным сном. З тых часоў па могілках блукае яе прывід.

Кальварыя зазнала некалькі хваляў руйнавання. Самая сур'ёзная была ў 1997 годзе, калі знеслі палову могілак, бо патрэбна было месца для камерцыйных пахаванняў. Старыя пліты проста выкідалі на сметнік.

Многія крыжы калісьці былі спілаваныя і здадзены на металалом.

У 1999 годзе здарылася трагедыя на Нямізе. Тады сярод іншых загінула дачка славутага скульптара Міхася Інькова. Ён адліў выяву дачкі Марыі, а таксама велічны мемарыял усім загінулым.

Апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які нядаўна памёр, таксама пахаваны на Кальварыі, бо там яго чакала жонка. Магілу паэта можна знайсці, калі, стоячы злева ад касцёла (гледзячы ад уваходу), да ўпору ісці па сцяжыне — яна і прывядзе да пахавання.

Вайсковыя могілкі

Вайсковыя могілкі — другія па старажытнасці, пачалі дзейнічаць яшчэ з 1895 года.

На іх пахавана вельмі шмат славутых беларусаў — Усевалад Ігнатоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Паўлюк Трус, Кузьма Чорны, Аляксандр Чарвякоў.

Гэтыя могілкі планавалі зрабіць агульнанацыянальным некропалем. Але яны досыць невялікія, таму з часам пахаванні на іх спынілі. Цяпер вядомых беларусаў хаваюць на Усходніх могілках.

У цэнтры тэрыторыі размяшчаецца царква Аляксандра Неўскага, у якой пахаваны салдаты руска-турэцкай вайны. Захоўваецца ў будынку і ўнікальны артэфакт — драўляная пераносная царква, якую вайскоўцы бралі з сабой у паход. Яе можна ўбачыць злева ад царскай брамы.

Усходнія могілкі

Усходнія могілкі ў пэўным сэнсе самыя загадкавыя. Яны з'яўляюцца «працягам» Вайсковых могілак. З 1952 года там пачалі хаваць славутых асоб. Тут знайшлі спачын Кандрат Крапіва, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Мулявін, Іван Шамякін, Стэфанія Станюта, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў. Каб у адным месцы было пахавана так шмат пісьменнікаў, журналістаў, паэтаў — гэта сапраўды знакава.

З апошніх пахаванняў — Генадзь Бураўкін, Аляксандр Ціхановіч.

Мала хто ведае, што насупраць могілак, у лесе, у часы Вялікай Айчыннай вайны хавалі забітых нямецкіх вайскоўцаў. Пасля вайны ўсе памятныя знакі былі знесены. Толькі ў нядаўнія часы пачалі праводзіцца перазахаванні.

«Калі прыходзіш на могілкі, адразу апаноўвае пэўны смутак, — заўважае Павел Дзесюкаў. — Аднак для заходніх людзей могілкі — гэта месца памяці. І месца адукацыі, бо тамтэйшых школьнікаў прыводзяць на вялікія некропалі, дзе расказваюць, хто там пахаваны і што вартага зрабілі гэтыя людзі. З красавіка і ў нас аднаўляюцца экскурсіі па сталічных некропалях. Кожную суботу і нядзелю ў 11 раніцы па чарзе будзем наведваць Кальварыю, Вайсковыя і Усходнія могілкі. Запрашаю ўсіх ахвотных далучацца».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як і чым бацька можа заняць дзіця?

Як і чым бацька можа заняць дзіця?

Што рабіць, застаўшыся з дзіцем сам-насам? Часта гэта становіцца праблемай нават для самых упэўненых у сабе мужчын.

Грамадства

Як дапамагчы асаблівым сем'ям перамяшчацца па горадзе

Як дапамагчы асаблівым сем'ям перамяшчацца па горадзе

У мінчаніна Дзмітрыя Кухціна ёсць уласная сям'я, бізнес, захапленні. А таксама вялікае і добрае сэрца.

Грамадства

«Калі жонка не адказвае ўзаемнасцю, прыгатуйце ёй страву з хрэнам»

«Калі жонка не адказвае ўзаемнасцю, прыгатуйце ёй страву з хрэнам»

У бізнес-лэдзі і шэф-кухара Алены Мікульчык у жыцці два захапленні — кулінарыя і мода.

Грамадства

З гісторыі першага парламента Расійскай імперыі

З гісторыі першага парламента Расійскай імперыі

Пра што даведалася наш карэспандэнт падчас прэс-тура «Друзья-Сябры» ў Санкт-Пецярбург.