30 Сакавік, чацвер

Вы тут

Чаму Анкара «атакуе» Стары Свет?


Дыпламатычны скандал паміж Турцыяй і краінамі Еўрапейскага саюза не змяншае абароты. У адказ на рашэнне Нідэрландаў адмяніць перадвыбарчыя мерапрыемствы турэцкіх палітыкаў абражаная Анкара прыстрашыла разарваць пагадненне з ЕС аб высылцы нелегальных мігрантаў. Калі гэтая краіна насамрэч захоча пайсці на абвастрэнне, Стары Свет можа сутыкнуцца з наплывам бежанцаў, які на парадак перасягне той, які здарыўся ў 2015—2016 гадах. Чым выклікана такая агрэсіўная рыторыка Турцыі?


Карабель плыве на скалы

16 красавіка ў Турцыі адбудзецца гістарычны рэферэндум — грамадзянам трэба будзе зацвердзіць або адхіліць праект новай канстытуцыі, які прадугледжвае пераход ад парламенцкай да прэзідэнцкай рэспублікі. Калі плебісцыт будзе мець станоўчы вынік, перамены чакаюцца грандыёзныя: меркаваная рэформа стане адной з самых значных змен у кіраванні краінай за апошнія сто гадоў. Крытыкі называюць яе «недэмакратычнай» і нават кажуць пра «захоп улады», у той час як прыхільнікі сцвярджаюць, што перамены нададуць краіне стабільнасці ў гэты неспакойны час. Напярэдадні рэферэндуму былі запланаваны сустрэчы палітыкаў з Анкары з турэцкай дыяспарай шэрагу краін Старога Свету (напрыклад, у Германіі па розных ацэнках пражывае ад 2,5 да 4        млн туркаў, у Францыі — звыш 600 тысяч, у Галандыі — 400 тыс, у Аўстрыі — каля 200 тысяч), што і прывяло ў выніку да абвастрэння адносін.

У Еўропе і турэцкі рэферэндум, і ідэю агітацыі за яго ўспрынялі негатыўна. Канфлікт паміж Турцыяй і чатырма еўрапейскімі краінамі — Нідэрландамі, Германіяй, Аўстрыяй і Швейцарыяй — разгортваўся яшчэ ў першых чыслах сакавіка, але стартаваў павольна і доўгі час здаваўся толькі чарадой тэхнічных інцыдэнтаў. У пачатку сакавіка ўлады зямлі Бадэн-Вюртэмберг абвясцілі, што сустрэча міністра юстыцыі Турцыі Бекіра Боздага з выбаршчыкамі не адбудзецца з-за... недахопу парковачных месцаў. Тады ж горад Кёльн не знайшоў для міністра эканомікі Ніхата Зейбекчы месца ў ратушы, а яшчэ адну сустрэчу адмянілі з-за няспраўнасці супрацьпажарнай сістэмы. Сітуацыя змянілася да горшага, калі ўлады Аўстрыі абвясцілі, што перадвыбарчыя сустрэчы туркаў у іх краіне наогул не адбудуцца. Гэтым разам — па прынцыповых прычынах — у альпійскай рэспубліцы палічылі, што замежным мерапрыемствам такога кшталту ў ёй не месца.

Да пункта кіпення агульная канфрантацыя дайшла ў Нідэрландах. Улады гэтага каралеўства не толькі забаранілі мітынгі, але і пайшлі на беспрэцэдэнтны крок, выдварылі ўжо прыбыўшага турэцкага палітыка — міністра па справах сям'і Фатму Бецюль Саям Каю. Прадстаўніца адміністрацыі Эрдагана дарэмна спрабавала знайсці прытулак у турэцкім консульстве ў Ротэрдаме: дама была затрымана і дэпартавана дадому.

Анкара ў адказ рэзкіх слоў не пашкадавала. Нідэрландскія (і нямецкія) улады прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган параўнаў з нацыстамі, а само каралеўства цюльпанаў — з «бананавымі рэспублікамі». Галандскага пасла папрасілі не вяртацца ў Турцыю пасля адпачынку. І нарэшце міністр па еўрапейскіх справах Омер Чэлік выступіў з галоўнай пагрозай: пагадненне аб высылцы мігрантаў можа быць перагледжана. На думку кіраўніка турэцкага МЗС Мэўлюта Чавушаглу, «карабель Еўропы плыве проста на скалы. Вось убачыце, хутка там пачнуцца рэлігійныя войны. Гэта сённяшняя тэндэнцыя».

Тэст на сяброўства

Між тым канфлікт Анкары з Бруселем наспяваў даўно. Дзесяцігоддзямі краіна застаецца кандыдатам на членства ў ЕС, але многія лідары Еўропы, у тым ліку канцлер Германіі Ангела Меркель, неаднаразова выступалі супраць прыняцця Турцыі. Крытыка парушэнняў правоў чалавека, арыштаў апазіцыйных журналістаў і курдскіх дэпутатаў у Турцыі, галасаванне парламентаў краін Еўропы за прызнанне генацыду армян у Асманскай імперыі — усё гэта азмрочвала адносіны і раней. Аднак апошнімі гадамі намецілася тэндэнцыя манапалізацыі ўлады турэцкім прэзідэнтам, што ўзмацніла крытыку з боку еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў. Спроба ваеннага перавароту ў ліпені 2016 года дала магчымасць Эрдагану ўчыніць масавыя чысткі сярод чыноўнікаў, у войску, універсітэтах і школах. Па падазрэнні ў прыналежнасці або сімпатыях да арганізацыі прапаведніка Фетхулаха Гюлена, якога турэцкія ўлады лічаць арганізатарам спробы перавароту, былі арыштаваныя і звольненыя дзясяткі тысяч людзей. Акрамя таго, з ліпеня 2015 года ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны рэгулярна адбываюцца баі з паўстанцамі з Рабочай партыі Курдыстана, якую ў Турцыі лічаць тэрарыстычнай, у лістападзе 2016-га былі арыштаваныя лідары легальнай Партыі дэмакратыі народаў, якая прадстаўляе інтарэсы курдаў.

Адметна, што Эрдаган яшчэ ў пачатку свайго кіравання абвясціў курс на інтэграцыю ў ЕС. У 2005 годзе краіна пачала афіцыйны перагаворны працэс на гэтую тэму. Аднак паступова турэцкі лідар пачаў астываць да гэтай ідэі, як, зрэшты, і вялікая частка турэцкага грамадства. Да 2015 года колькасць жадаючых уступіць у ЕС скарацілася з 75 да 20%.

Новыя супраць старых

Паводле апытання, праведзенага Грамадскім даследчым цэнтрам Еўразіі ў перыяд з 3 па 9 сакавіка, 57,57% турэцкіх выбаршчыкаў не падтрымаюць змены ў Канстытуцыі, «за» прагаласуюць 42,43%. Зараз сітуацыя можа змяніцца. Папулярнасць Эрдагана сярод турэцкай дыяспары ў Еўропе расце. «Чым больш еўрапейскія лідары крытыкуюць Эрдагана, тым больш туркаў яго падтрымліваюць», — растлумачыў адзін з членаў турэцкай абшчыны ФРГ. Мільёны еўрапейскіх выбаршчыкаў — важны электаральны рэсурс для Эрдагана і крыніца збянтэжанасці для заходніх палітыкаў. На практыцы атрымліваецца так, што краіны ЕС ператвараюцца ў знешнюю пляцоўку — або, як трапна заўважыў адзін з экспертаў, задні двор — мусульманскай палітыкі.

Між тым Анкара дасягнула поспеху яшчэ і ў расколе самога Еўрасаюза. Супраць палітыкі старых членаў ЕС у дачыненні да Турцыі рэзка выступіла Венгрыя. Кіраўнік МЗС рэспублікі Петэр Сіярта здзекліва заўважыў, што краіны Заходняй Еўропы, не даючы турэцкім міністрам выступаць перад дыяспарай, дэманструюць «палітыку падвойных стандартаў». Еўрасаюзу, на думку венгерскіх улад, трэба ўмацоўваць сувязі з Анкарой, у поўнай меры выконваць свае абавязацельствы па пагадненні аб мігрантах і даць нарэшце станоўчы адказ на турэцкую заяўку аб прыёме ў ЕС. Венгрыю падтрымала Польшча: кіраўнік МЗС краіны Вітольд Вашчыкоўскі заявіў, што «галандцы зрабілі памылку, дзейнічаючы занадта жорстка». Міністр нагадаў, што разрыў адносін з Анкарой вельмі нявыгадны Бруселю: калі Турцыя зноў адкрые межы для бежанцаў, хваля мігрантаў захлісне Еўропу.

Раскол паміж старымі і новымі членамі ЕС па турэцкім пытанні вельмі заўважны яшчэ і таму, што Францыя, пры Аландзе настроеная досыць пратурэцкі, гэтым разам адмаўчалася. Хоць французскі МЗС дазволіў Чавушаглу выступіць у горадзе Мец, ключавыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта адрэагавалі на гэта досыць жорстка. Эмануэль Макрон абвінаваціў Анкару ў правакацыях і заклікаў падтрымаць саюзнікаў па Еўрасаюзе, даўшы туркам «узгоднены адказ ад імя ўсяго ЕС», а Франсуа Фіён і ўвогуле заявіў, што Францыя павінна па прыкладзе Нідэрландаў забараніць усе мітынгі ў падтрымку красавіцкага рэферэндуму.

Эканоміка і палітыка

Цяпер у Турцыі знаходзіцца па меншай меры 3 мільёны бежанцаў з Сірыі, Афганістана, Ірака, Емена і іншых краін. Усе яны мелі намер трапіць у Еўропу па так званым «балканскім шляху». Пакуль Турцыя з'яўляецца адносна надзейным шлюзам на шляху мігрантаў. Але калі дагавор з ЕС будзе дэнансаваны, мільёны бежанцаў могуць распачаць новую спробу пранікнуць у Еўропу. Гаворка ідзе аб пагадненні, якога Турцыя і ЕС дасягнулі ў 2016 годзе. Згодна з ім нелегальныя мігранты з Блізкага Усходу, якія прыбываюць у ЕС праз тэрыторыю Турцыі, але не атрымліваюць прытулку, высылаюцца ў Турцыю. Пры гэтым за кожнага высланага нелегала ЕС будзе прымаць аднаго бежанца, ужо зарэгістраванага ў Турцыі.

Пагадненне таксама прадугледжвае вылучэнне Еўрасаюзам сродкаў на ўтрыманне бежанцаў у памеры да €6 млрд. Аднак пакуль было пералічана толькі $677 млн. Часткай здзелкі з боку ЕС таксама было абяцанне ўвядзення бязвізавага рэжыму для Турцыі ў абмен на выкананне 72 умоў, з якіх пакуль выканана толькі палова. Эксперт Дэвід Філіпс у інтэрв'ю часопісу Fоrеіgn Роlісу выказаў меркаванне, што «здзелка была мёртванароджаная», паколькі ЕС і не збіраўся даваць краіне магчымасць бязвізавага ўезду. Большасць еўрапейцаў не хоча бачыць Турцыю ў шэрагах аб'яднання. Паводле даных сацыялагічнага апытання, дзве трэці немцаў выступаюць за тое, каб урад Германіі ініцыяваў спыненне перагавораў з Турцыяй наконт яе ўступлення ў Еўрасаюз. Дзеля гэтага жыхары ФРГ гатовы прыняць рызыкі, звязаныя з разрывам міграцыйнага пагаднення. У сваю чаргу, турэцкі ўрад змог «прадаць» пагадненне сваім грамадзянам, толькі паабяцаўшы ім бязвізавы ўезд у ЕС, паколькі ўнутры краіны шмат тых, хто незадаволены знаходжаннем у краіне мігрантаў. Турцыя сцвярджае, што выдаткавала на іх утрыманне больш за €7 млрд.

Што да цяперашняй канфрантацыі, то з гэтай нагоды нямецкая газета Suddеutsсhе Zеіtung пісала, што пры дыягностыцы сітуацыі неабходна дакладна расставіць акцэнты адносна таго, хто і як ставіць задачы і дамагаецца іх рашэння ў Еўропе і ў Турцыі праз эскалацыю адносін. На думку выдання, адносіны «ў хуткай будучыні будуць нармалізаваныя». Варта згадаць асобныя красамоўныя лічбы. Згодна са статыстыкай, на долю ЕС у Турцыі прыпадае амаль 65% тавараабароту. Стары Свет таксама не мае намеру губляць для сябе гэтую краіну. Турцыя — пяты найбуйнейшы гандлёвы партнёр ЕС пры аб'ёме аперацый у памеры €140 млрд. «Якімі б непрымальнымі ні былі некаторыя рэчы, не ў нашых знешнепалітычных і геапалітычных інтарэсах разрываць адносіны з Турцыяй», — заявіла раней канцлер Германіі Ангела Меркель. З іншага боку, пакуль немагчыма дакладна сказаць, што на гэта адкажа Анкара.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Турэцкі «каталізатар»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як і чым бацька можа заняць дзіця?

Як і чым бацька можа заняць дзіця?

Што рабіць, застаўшыся з дзіцем сам-насам? Часта гэта становіцца праблемай нават для самых упэўненых у сабе мужчын.

Грамадства

Як дапамагчы асаблівым сем'ям перамяшчацца па горадзе

Як дапамагчы асаблівым сем'ям перамяшчацца па горадзе

У мінчаніна Дзмітрыя Кухціна ёсць уласная сям'я, бізнес, захапленні. А таксама вялікае і добрае сэрца.

Грамадства

«Калі жонка не адказвае ўзаемнасцю, прыгатуйце ёй страву з хрэнам»

«Калі жонка не адказвае ўзаемнасцю, прыгатуйце ёй страву з хрэнам»

У бізнес-лэдзі і шэф-кухара Алены Мікульчык у жыцці два захапленні — кулінарыя і мода.

Грамадства

З гісторыі першага парламента Расійскай імперыі

З гісторыі першага парламента Расійскай імперыі

Пра што даведалася наш карэспандэнт падчас прэс-тура «Друзья-Сябры» ў Санкт-Пецярбург.