Вы тут

Сэрцы, што поўняцца песнямі


Для выкладчыкаў, навучэнцаў і гасцей, якія завіталі ў Мінскі дзяржаўны каледж імя М. І. Глінкі, вясна пачалася з канцэрта «Народная песня ў маім сэрцы». Адна з найстарэйшых устаноў адукацыі, заснаваная ў 1924 годзе, Мінскі дзяржаўны каледж імя М. І. Глінкі вось ужо амаль сорак чытыры гады рыхтуе артыстаў і кіраўнікоў фальклорных калектываў.


Плённай працай у гэтым кірунку, падмурак якому быў закладзены кампазітарам Алесем Рашчынскім, вылучаецца дзейнасць цыклавой камісіі «Народны хор», якім кіруе таленавіты выкладчык, хормайстар Кіра Мікалаеўна Славінская. Менавіта дзякуючы дзейнасці гэтай жанчыны ўпершыню ў гісторыі каледжа ў сакавіку 2016 года загучала з новай сілай народная песня ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхась Дрынеўскі.

Творчы прафесійны калектыў каледжа «Народны хор» вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, выкананнем беларускіх народных песень, песень у апрацоўцы беларускіх кампазітараў, аўтарскіх твораў садзейнічае адраджэнню найбагацейшых традыцый беларускага музычнага фальклору, далучэнню слухачоў да аўтэнтычных скарбаў роднай культуры. Святочны канцэрт «Народная песня ў маім сэрцы» ладзіўся ў каледжы ўпершыню і стаў падмуркам культураадпаведнага выхаваўчага асяроддзя, якое аб’яднала лаўрэатаў II Мінскага адкрытага конкурсу харавых і сольных спеваў «Вясновы спеў».

Конкурс «Вясновы спеў», існаванне якога пачынаецца з 2014 года, праводзіцца сярод дзяцей ва ўзросце ад сямі да сямнаццаці годоў па намінацыях «Акадэмічныя сольныя спевы», «Акадэмічныя харавыя спевы», «Народныя харавыя спевы», «Народныя сольныя спевы». Летась у конкурсе ўзялі ўдзел 58 салістаў і 33 харавыя калектывы і харавыя ансамблі. Агульная колькасць выканаўцаў склала больш як паўтары тысячы чалавек! Па выніках конкурсу 21 саліст і 26 харавых калектываў сталі лаўрэатамі, сярод якіх першае месца ў намінацыі «Народныя сольныя спевы» атрымала Настасся Бекарэвіч, якая цяпер ужо навучэнка I курса каледжа імя Глінкі (выкладчык Г. Б. Мілавідава), у намінацыі «Народныя харавыя спевы» — ансамбль народнай музыкі «Медуніца» сярэдняй школы № 11 г. Мінска (кіраўнік І. А. Радзькова).

Асноўная ідэя правядзення канцэрта «Народная песня ў маім сэрцы» — стварэнне этнакультурнай прасторы, фарміраванне ў навучэнцаў каштоўнасных арыенціраў у напрамку ўсведамлення значнасці песеннай традыцыйнай культуры свайго народа, далучэнне навучэнцаў да роднай мовы, нацыянальных традыцый. На значнасць мерапрыемства звярнулі ўвагу ў сваёй прадмове да выканаўцаў і слухачоў старшыня цыклавой камісіі «Народны хор» Кіра Славінская і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аляксей Снітко, які адзначыў: «У Мінску і таксама за яго межамі харавая і вакальная спеўная культура, як акадэмічная, так і народная, жывуць і развіваюцца. Пакуль ёсць таленавітыя людзі, якія любяць музыку, дзяцей, педагогіку і з захапленнем укладваюць свае сілы ў выхаванне новых талентаў, народнае мастацтва будзе квітнець».

Вялікую каштоўнасць у гэтай сувязі маюць народныя калектывы, ансамблі народнай музыкі і фальклору дзяцей і моладзі, дзейнасць якіх прысвечана перайманню фальклорнага мастацтва.

З музычным прывітаннем адкрыў канцэрт народны хор і інструментальны ансамбль каледжа імя М. І. Глінкі з песняй «Ай, чалом, чалом» (кіраўнік І. У. Канцэвіч, канцэртмайстар Я. М. Мароз). У канцэрце ўзялі ўдзел салісты і ансамблі ўстаноў сярэдняй і дадатковай адукацыі г. Мінска, якія прадэманстравалі спецыфіку народнай манеры спеваў: акрамя вышэйзгаданай «Медуніцы», яшчэ ўзорны ансамбль народный музыкі «Бараўлянская крынічка» Бараўлянскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік А. Г. Горская); ансамбль народнай песні «Жывіца» дзіцячай музычна-мастацкай школы мастацтваў № 1 г. Мінска (кіраўнік Л. Н. Якімавец); фальклорны ансамбль «Праменьчык» дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя Я. А. Глебава г. Мінска (кіраўнік В. В. Лінко).

Жыццёвыя ўмовы змяняюцца і не спрыяюць захаванню фальклору. Але, нягледзячы на тое, што фалькларысты мінулага адзначалі знікненне фальклорных традыцый, народная спадчына жыве, хаця і не ў тых межах, як гэта было, напрыклад, сто гадоў таму. Важна зразумець, што, пакуль жыве народ, будзе працягваць існаванне і народная песня. Таму галоўная задача падобных сустрэч на базе вядучых устаноў адукацыі, адной з якіх з’яўляецца Мінскі дзяржаўны каледж імя М. І. Глінкі, — актыўна ўзнаўляць народныя музычныя традыцыі ў эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення на базе дзіцячых музычных школ мастацтва, сярэдніх школ і нават у дзіцячых садках.

Нездарма вядомы харавы дырыжор, грамадскi i музычны дзеяч Р. Р. Шырма адзначаў, што народ, якi перастае спяваць, перастае i жыць.

Наталля КАРДАШОВА

Загаловак у газеце: СЭРЦЫ, ШТО ПОЎНЯЦЦА ПЕСНЯМІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Калі гартаеш падшыўкі «Звязды», разумееш, як мала мы пра яе ведаем. 

Спорт

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Спартыўных поспехаў яна пачала дасягаць рана.

Грамадства

Як школьніку захаваць здароўе?

Як школьніку захаваць здароўе?

Днямі на базе 32-й сталічнай школы прайшла калегія трох міністэрстваў — адукацыі, аховы здароўя, спорту і турызму.

Грамадства

Як адпачыць без рызыкі для жыцця?

Як адпачыць без рызыкі для жыцця?

Па стане на 19 чэрвеня вада адабрала жыцці 99 чалавек, у тым ліку 7 непаўналетніх.