29 Чэрвень, чацвер

Вы тут

Каб паменшыць пераплаты па старых крэдытах, банкі рэфінансуюць даўгі


Услед за памяншэннем стаўкі рэфінансавання практычна імгненна працягваюць зніжацца і працэнты па крэдытах. За апошнія два месяцы яны зменшыліся яшчэ на 3—8%. У выніку цяпер у банкаў з'явілася досыць вялікая колькасць прапаноў па крэдытах са стаўкай і да 24%. Мінімальная ж стаўка складае 15%.


Радасць набыцця за пазычаныя грошы

Зразумела, што самымі папулярнымі ў людзей з'яўляюцца спажывецкія крэдыты на тэрмін да года. Гэта так званыя кароткія крэдыты, якія разлічаны для ажыццяўлення не вельмі дарагіх пакупак. Шэраг камерцыйных банкаў пачаў выдаваць такія крэдыты на тэрмін ад 7 да 12 месяцаў па стаўцы ад 15% да 18% пры выкананні спецыяльных патрабаванняў да заяўніка. У першую чаргу гэта будзе даведка аб даходах, якая сведчыць, што штомесячны «чысты» прыбытак кліента складае не менш за 300—350 рублёў. Для заяўнікаў і паручыцеляў, якія з'яўляюцца кліентамі банка і атрымліваюць заработную плату на яго ж плацежную картку, прадстаўлення даведкі аб даходах не патрабуецца.

Кліент банка павінен мець рэгістрацыю на тэрыторыі краіны, узрост ад 18 гадоў і стаж на цяперашнім месцы працы ад трох месяцаў. Заўважу, што максімальную суму крэдыту вам дадуць толькі ў тым выпадку, калі існуе больш сур'ёзны даход, а стаж складае не менш за год ці нават два.

Акрамя таго, банкі пачалі цяпер патрабаваць ад кліентаў дакумент воінскага ўліку (для мужчын, якія не дасягнулі ўзросту 27 гадоў). Аднак, мабыць, самым галоўным мінусам танных крэдытаў на спажывецкія патрэбы ад невялікіх прыватных банкаў з'яўляецца тое, што стаўка па такіх пазыках можа змяняцца.

Усё часцей банкі прапануюць акцыі, калі ў рамках супрацоўніцтва з арганізацыямі-партнёрамі стаўкі па крэдытах могуць складаць да 10%—12% у першыя 2—6 месяцаў тэрміну крэдытавання. У буйных сістэмных банкаў ільготны перыяд крэдытавання складае звычайна 95 сутак, калі дзейнічаюць стаўкі да 12%—13%. Праўда, пасля заканчэння гэтага перыяду працэнты па крэдытах звычайна павялічваюцца амаль удвая.

Пры разліку мінімальнай заработнай платы, неабходнай для атрымання крэдыту, банкі, як правіла, да максімальнага плацяжу дадаюць бюджэт пражытачнага мінімуму, плацяжы па іншых крэдытах, растэрміноўку, часам камунальныя плацяжы, аплату паслуг сувязі і плату за арэнднае жыллё. З разлікам максімальна магчымай сумы не ўсё так проста. Методыка для разліку ў кожнага банка свая, у выніку сумы ў розных банках пры адной і той жа зарплаце могуць адрознівацца ў некалькі разоў.

Грошы на жыллё

Вясной істотна патаннелі і крэдыты на будаўніцтва (рэканструкцыю) індывідуальных жылых дамоў і кватэр. Напрыклад, Беларусбанк прапануе грошы на гэтыя мэты на тэрмін да 15 гадоў. Працэнты па такім крэдыце складаюць суму стаўкі рэфінансавання Нацбанка і тры працэнтныя пункты за фактычны час карыстання. Грошы выдаюцца на суму ў межах да 75% ад кошту будаўніцтва (рэканструкцыі) жылога памяшкання ў межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка. У банку ўдакладнілі, што пры разліку памеру крэдыту пры недастатковай плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка па рашэнні крэдытнага камітэта ў яго сукупны даход могуць ўключацца даходы паручыцеляў — блізкіх сваякоў (членаў сям'і) крэдытаатрымальніка (жонкі, мужа, бацькоў, родных братоў (сясцёр), дзяцей, унукаў). Трэба мець на ўвазе, што ў крэдытным дагаворы прапісваецца памер працэнтнай стаўкі ў абсалютным значэнні на дату заключэння крэдытнага дагавора. Пры змене стаўкі рэфінансавання Нацбанка памер працэнтнай стаўкі па раней заключаных крэдытных дагаворах не змяняецца, калі іншае не прадугледжана крэдытным дагаворам. Атрымліваецца, што стаўка не з'яўляецца фіксаванай, але існуюць нюансы.

Іншыя банкі часцей выдаюць крэдыты на будаўніцтва жылой нерухомасці праз механізм безнаяўнага пералічэння грашовых сродкаў на рахунак забудоўшчыка тэрмінам да 20 гадоў. Самая лепшая стаўка па падобнай прапанове складае 18% гадавых. Таксама пад 18% гадавых можна ўзяць крэдыт на набыццё іншай нерухомасці, але тэрмін такой пазыкі складае ўжо 10 гадоў.

Інвестыцыі ў будучыню

Найбуйнейшыя фінансавыя ўстановы выдаюць сёння крэдыты і на навучанне ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтым выпадку сродкі накіроўваюцца безнаяўным пералікам на рахункі адпаведных устаноў адукацыі.

Пры атрыманні крэдыту на аплату першай адукацыі дзённай формы ва ўстановах вышэйшай адукацыі пазыка даецца пад 20% гадавых з пагашэннем з наступнага месяца пасля заканчэння ВНУ на працягу 5 гадоў. Працэнты выплачваюцца з наступнага месяца пасля выдачы крэдыту. Пры атрыманні першай адукацыі дзённай формы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі крэдыт гасіцца на працягу 3 гадоў пасля атрымання дыплома.

Працэнты налічваюцца за фактычны час карыстання крэдытам, а іх памер вызначаецца ў межах гадавога кошту навучання з улікам плацежа-здольнасці крэдытаатрымальніка.

Аформіць заяўку на крэдыт досыць проста. Многія банкі нават прапаноўваюць папярэдне пакінуць заяўку па тэлефоне, на сайце або адразу ў аддзяленні, а пазней, ужо пасля атрымання станоўчага адказу, прынесці неабходныя дакументы ў банк і заключыць дагавор.

Рэвізія старых даўгоў

На фоне пастаяннага зніжэння працэнтных ставак па крэдытах усё большая цікавасць назіраецца да крэдытаў на рэфінансаванне запазычанасці. Нагадаем, што крэдыт на рэфінансаванне даецца для таго, каб пагасіць запазычанасць па старым крэдыце.

У крэдытаў на рэфінансаванне ёсць свае асаблівасці. Для прыцягнення кліентаў банкі ўстанаўліваюць стаўку, якая звычайна ніжэйшая, чым па нядаўна выдадзеных крэдытах «наяўнымі». Яшчэ адна асаблівасць: банкі рэдка рэфінансуюць уласныя крэдыты, але з задавальненнем «перакупляюць» запазычанасць іншых банкаў. Гэта тлумачыцца проста: важна прыцягнуць новых кліентаў і не моцна змяняць бягучыя ўмовы сваім. Крэдыты на рэфінансаванне цяпер выдаюць 14 банкаў.

Стаўкі і па гэтых крэдытах працягваюць зніжацца. Калі ў пачатку мінулага года стаўка складала 39—42%, то цяпер з'явілася вялікая колькасць прапаноў са стаўкай да 25%. Сёння стаўка па крэдытах на рэфінансаванне старых даўгоў наяўнымі складае ад 18% да 31% гадавых, пры гэтым ёсць велізарная маса прапаноў і да 20%, што ніжэй нават за бягучыя стаўкі па спажывецкіх крэдытах.

За кошт рэфінансавання стаўка па крэдыце істотна зніжаецца (на 15%—18%), штомесячны плацёж робіцца меншым амаль у два разы, а ўвесь тэрмін крэдыту павялічваецца, аднак фактычнага скарачэння выплат па працэнтах звычайна не бывае. Таму ў кожным выпадку да афармлення новага крэдыту трэба падыходзіць уважліва. Параўноўваць варта не толькі штомесячны плацеж (на чым робяць упор банкі ў сваёй рэкламе), але і выніковую суму пераплаты.

Без страховак і схаваных плацяжоў

Нацбанк накіраваў у камерцыйныя банкі актуалізаваныя рэкамендацыі для павышэння якасці паслуг для насельніцтва. Рэгулятар рэкамендуе банкам даваць поўную і дакладную інфармацыю пра крэдыты, дэпазіты і спадарожныя паслугі.

Нацбанк таксама нагадаў аб празрыстасці крэдытаў: кліентам не трэба навязваць дадатковыя паслугі, пры гэтым павінна быць пісьмовае пацвярджэнне крэдытаатрымальніка аб тым, што ён азнаёміўся з умовамі крэдыту.

Таксама банкам рэкамендавалі выкарыстоўваць пры афармленні дагавораў шрыфт Tіmes New Roman памерам не меншы за 12 пунктаў. Патрабуюць ад іх не навязваць кліентам страхавыя і іншыя паслугі пры заключэнні крэдытных дагавораў. Пры гэтым кліент, які ўсё-такі вырашыў аформіць страхоўку, павінен мець права выбару паслуг як мінімум трох страхавых арганізацый. Банкам таксама рэкамендуюць уключаць у крэдытныя дагаворы ўсе істотныя ўмовы, вызначаныя заканадаўствам, а таксама іншыя ўмовы, якія ўплываюць на суму працэнтаў за карыстанне крэдытам.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жыццё ў крэдыт...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Мінск прымае Прэзідэнта В'етнама

Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам.

Грамадства

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Асяроддзе для людзей з абмежаваннямі павінна быць паўсюль

Трэба не змагацца з бар'ерамі, а пашыраць даступнасць.

Культура

Як у Ракаве святкуюць Купалле

Як у Ракаве святкуюць Купалле

У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.