28 Сакавік, аўторак

Вы тут

Курапаты павінны стаць месцам агульнанацыянальнай памяці і смутку


Гэтае невялікае ўрочышча, што пад Мінскам, — пранізлівы і шчымлівы напамін аб трагічных падзеях і выпрабаваннях, якіх цалкам хапіла Беларусі ў ХХ стагоддзі. Курапаты ў свядомасці беларусаў — вялікая брацкая магіла ахвяр сталінскіх рэпрэсій, сярод якіх было нямала выдатных сыноў нашай Айчыны — дзяржаўных дзеячаў, прадстаўнікоў творчай і навуковай эліты і простых беларусаў, якія трапілі ў жудасны малох. Мы дагэтуль не ведаем, колькі іх, бязвінных, ляжыць там.

Але мы дакладна ведаем, павінны ведаць іншае. Курапаты — нацыянальны некропаль, які не церпіць здзекавання і правакацый. Гэта несціхаючы боль беларусаў, які павінен стаць сімвалам памяці і смутку. Месцам, куды можна прыйсці толькі з адной мэтай — ушанаваць ахвяр і памаліцца за іх. Менавіта так лічаць удзельнікі круглага стала, які прайшоў па ініцыятыве газеты «СБ. Беларусь сегодня». Вёў круглы стол галоўны рэдактар гэтага выдання Павел Якубовіч.

У дыскусіі прымалі ўдзел першы намеснік старшыні КДБ генерал-маёр Ігар СЯРГЕЕНКА, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід ГУЛЯКА, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар гістарычных навук Аляксандр КАВАЛЕНЯ, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар гістарычных навук Віктар ШАДУРСКІ, дацэнт кафедры факультэта міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук Ігар КУЗНЯЦОЎ і кандыдат гістарычных навук Уладзімір АДАМУШКА.


П. Якубовіч: 2017 год багаты на юбілейныя, гістарычныя даты. Гэта і стагоддзе Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама 80-годдзе палітычных рэпрэсій 1937 года, піку вялікага тэрору, з'явы зусім незаконнай і амаральнай па сваёй сутнасці. Мы сабраліся, каб абмеркаваць некаторыя гістарычныя ўрокі мінулага, выказаць меркаванне па Курапатах як сімвалу ахвяр аўтарытарных рэпрэсій, прааналізаваць статус і месца Курапатаў у гісторыі беларускага народа.

Усе мы выдатна ведаем, што незаконныя палітычныя рэпрэсіі, якія адбыліся ў СССР у 1920—1950-х гадах, прызнаныя, устаноўленыя, рашуча асуджаныя грамадствам і, безумоўна, не павінны паўтарыцца.

Гэта — галоўны лейтматыў нашай размовы.

Хацелася б ведаць ваша меркаванне па гэтым вялікім і ў многіх выпадках недастаткова асэнсаваным крузе палітычных, філасофскіх і грамадскіх пытанняў.

Ігар КУЗ­НЯ­ЦОЎ.

І. Кузняцоў: Вось яшчэ адна дата. 80 гадоў таму назад, менавіта ў гэтыя дні ў Маскве пачаў работу лютаўска-сакавіцкі пленум ЦК ВКП(б) пад старшынствам Сталіна, які фактычна абвясціў курс на «вялікі тэрор». Што стала яго спараджэннем — суб'ектыўныя або аб'ектыўныя фактары? Ці быў гэты працэс спантанным у сілу таго, што кіраўніцтва партыйных органаў на месцах няправільна разумела свае задачы? Ці маглі кіраўнікі рэспубліканскіх, абласных органаў ініцыятыўна пачаць масавыя аперацыі па арыштах і расстрэлах альбо яны атрымалі недвухсэнсоўную каманду з Масквы?

Ёсць мноства версій з гэтай нагоды.

Так, сапраўды, Кастрычніцкая рэвалюцыя адбылася пад светлымі ідэаламі і лозунгамі справядлівасці. Але сутыкненне розных палітычных і класавых груп, грамадзянская вайна і непрымірымасць ідэалагічных установак прывялі да бязлітаснай барацьбы, у тым ліку і сярод кіраўнікоў партыі бальшавікоў. У многіх выпадках стаўка рабілася на сілу. Гэта і стварэнне Усерасійскай надзвычайнай камісіі ў снежні 1917 года, і чыстка «ваенспяцоў», і «Шахцінская справа», працэс «Прампартыі», і масавая гвалтоўная калектывізацыя 1929—1932 гадоў, калі сотні тысяч сялян, у тым ліку тых, якія пражывалі ў БССР, апынуліся ў лясах Комі, сібірскіх балотах, за Палярным кругам.

Падкрэслю: старт «масавых аперацый» канкрэтна быў дадзены на згаданым пленуме. У наркаматы НКУС саюзных рэспублік, краёвыя і абласныя цэнтры 30 ліпеня 1937 года прыйшоў загад # 00447 за подпісам Наркамунутспраў СССР Яжова аб правядзенні шырокамаштабнай аперацыі па рэпрэсіраванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў. Па сутнасці, гэта быў першы рэпрэсіўны загад, які дэталёва прадпісваў каго арыштоўваць, каго і як дапытваць, як «афармляць» крымінальныя справы, як фарміраваць «тройкі», быў устаноўлены парадак этапавання, расстрэлаў, былі спушчаны «ліміты» на расстрэлы.

Павел Якубовіч.

П. Якубовіч: Удакладню: загаду НКУС усё ж такі папярэднічала дырэктыва Палітбюро ЦК за подпісам Сталін—Молатаў, якая дала Яжову палітычную падставу выдаць свой дэталёвы загад. Вельмі важна разумець, што ўсе гэтыя спецаперацыі, спецсуды, тройкі, экзекуцыі — не самадзейнасць нейкіх кіраўнікоў органаў НКУС, якія зарваліся. Ім былі даведзены дакладныя і недвухсэнсоўныя ўказанні, партдырэктывы, вынікам якіх і сталі наступныя «баявыя» загады аб правядзенні аднастайных рэпрэсій на тэрыторыі ўсяго СССР, якія не дапускаюць розных тлумачэнняў сэнсу і ходу.

І. Кузняцоў: Вядомы польская, нямецкая аперацыі. Гэта значыць, рэпрэсіі праводзіліся і па нацыянальнай прыкмеце.

П. Якубовіч: Калега, хачу вам запярэчыць. Рэпрэсіі праводзіліся ўсё ж такі не па нацыянальнай прыкмеце, а па класавай, зыходзячы з разумення «класавай барацьбы» тых гадоў. Не будзем заблытваць чытача. Польшча і Латвія да 1937 года лічыліся ў палітычным кіраўніцтве СССР найбольш магчымымі ворагамі. Супраць ураджэнцаў гэтых краін, былых калісьці падданых Расійскай імперыі, і быў накіраваны ўдар. Аперацыя па загадзе # 00486 у БССР (барацьба з паўміфічнай польскай Ваеннай арганізацыяй) таксама праводзілася зусім не па этнічным прынцыпе. Яе ахвярамі сталі польскія перабежчыкі, актыўныя дзеячы КПЗБ, сяляне прыгранічных раёнаў. падазраваныя ў антысавецкай дзейнасці, палякі, беларусы, яўрэі — гэта ўсё ахвяры паранаідальных падазрэнняў Сталіна і яго акружэння ў сусветнай змове «ворагаў народа». Таму давайце гаварыць пра палітычныя рэпрэсіі, таму што на першае месца ў трыццатыя і наступныя гады ставілася не барацьба з якім бы там ні было народам, а дагматычныя прынцыпы, ну і, вядома, барацьба за ўладу ўнутры партыі. Зразумела, для загінулых гэта ўжо ўсё роўна, але гістарычная праўда павінна выконвацца.

І. Кузняцоў: У 1920—1950-я гг. у БССР судовымі і несудовымі органамі было рэпрэсавана больш як 250 тысяч чалавек. Мною быў праведзены першапачатковы аналіз даных на 80 тысяч ахвяр рэпрэсій, якія ў далейшым былі рэабілітаваныя. З іх да 70 працэнтаў складалі беларусы, каля 20 працэнтаў — палякі, астатнія — яўрэі, рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

П. Якубовіч: Пра што кажуць гэтыя лічбы? Зразумела, што на тэрыторыі Беларусі беларусаў было больш за ўсё. Ненцы і немцы ў нас масава не жылі. І вельмі па-дылетанцку, а часам подла казаць, што гэта, маўляў, «рускія бальшавікі» вырашылі знішчыць у 1937 годзе беларускую эліту. Глупства! Кіраўніцтва партыі і НКУС самі былі людзьмі без нацыянальнасцяў, у гэтым сэнсе тэрор быў безаблічным. Што з таго, што Яжоў нарадзіўся ў польска-беларускай вёсцы, наркам Берман у Забайкаллі, а першы сакратар ЦК КПБ(б) Шаранговіч, які кіраваў у 1937 годзе ў Мінску, паходзіў з нарачанскай вёскі Качаны? А Сталін быў наогул грузін Джугашвілі? На ваш погляд, з пункту гледжання маралі, маральнасці, умацавання адзінства беларускага народа які ўрок варта атрымаць з тых трагічных гадоў?

І. Кузняцоў: На жаль, на мой погляд, мы гэты ўрок не атрымалі. Прайшло 25 гадоў нашай незалежнасці, а мы не зрабілі патрэбнага кроку ў гэтым кірунку. У Беларусі за гэтыя гады не адкрыты ні адзін мемарыяльны знак з удзелам дзяржавы. А як гэты перыяд адлюстраваны ў нашых падручніках? Вырасла пакаленне маладых людзей, якое не заспела пачатак 1990-х, калі была маса публікацый па гэтай тэме, калі мы даведаліся аб персаналіях, пра месцы масавых пахаванняў, пра Курапаты. У пачатку 1990-х гадоў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук была створана рабочая група, якая займалася гэтым пытаннем. А потым да 1998 года яе дзейнасць паступова сышла на нішто.

П. Якубовіч: Ну, казаць пра тое, што «нічога не зроблена», не зусім карэктна. У 1995—1998 гадах, ведаю, было шмат зваротаў сваякоў рэпрэсаваных, якія знаёміліся з архіўнымі справамі, дамагаліся рэабілітацыі, матэрыяльнай кампенсацыі. Але была і абыякавасць, і забыццё, што датычыцца Курапатаў і іншых месцаў пахаванняў. Гэта праўда. Вядома, масавыя рэпрэсіі — каласальная траўма для беларускага народа. З іншага боку, бясконцае раздзіранне ран, захопленая пагоня за сенсацыямі, дылетанцкая міфатворчасць, «прыватызацыя» гісторыі — аказвае не зусім здаровы ўплыў на свядомасць і нават псіхіку падрастаючага пакалення. А па-мойму, яно не павінна тут для сябе рабіць адкрыццяў, а праз падручнікі сістэмна і сур'ёзна вывучаць тое, што адбылося ў 1920—1950-я гады, наступствы і маштабы трагедыі. І разумець: што ўсё гэта адбывалася на фоне паступальнага развіцця краіны, а па гарадах і вёсках БССР насіліся не толькі аўтазакі, але і трактары, камбайны, будаваліся гарады. Карціна была вельмі разнастайнай і далёкай ад усеагульнай паніхіды...

Вік­тар ША­ДУР­СКІ.

В.Шадурскі: Палітычныя рэпрэсіі — гэта трагедыя і злачынства адначасова. Сёння нам часам цяжка нават вызначыць, хто там быў ахвярай. Рэпрэсіі нагадвалі сабой сякеру, якой спачатку спрабавалі секчы галовы вінаватым, а потым усім запар, у тым ліку катам. Яны таксама ёсць сярод ахвяр. Гэта вялікая трагедыя для ўсіх народаў, і наўрад ці мы маем права гаварыць, што нейкая этнічная група пацярпела больш альбо менш.

П.Якубовіч: Тут таксама варта вызначыцца ў тэрмінах. Мне слова «кат» не зусім зразумелае. Ці можна вінаваціць, скажам, каменданцкі ўзвод у расстрэле? Ён выконваў загад, дзейнічаў у прававых рамках дзеючых правілаў. А паколькі значная частка з гэтых «выканаўцаў» і следчых спачывае ў Курапатах, неяк не падымаецца рука агульна назваць іх «катамі». Такі ж змрочны парадокс назіраўся ў часы Французскай рэвалюцыі — Рабесп'ер: кат або ахвяра? Марат, якабінцы?.. Крывавы парадокс ёсць і ў Курапатах, дзе ў адной яме апынуліся і сяляне, і дваране, і царскія жандары, і камбрыгі Чырвонай Арміі, і былыя белагвардзейцы, і начсклад НКУС.

В.Шадурскі: Але мы ведаем на прыкладзе канкрэтных лёсаў, як некаторыя следчыя ў 1937 г. ужывалі незаконныя метады, катаванні, як выбіваліся прызнанні і паказанні з людзей нявінных абсалютна. Усё гэта апублікавана, названы многія дэталі, пастаўленыя фільмы і спектаклі, напісаны вельмі сур'ёзныя кнігі пра прычыны і следствы тэрору. Таму нельга сказаць, што наша грамадства не вынесла ніякіх урокаў з таго перыяду. Іншая справа, што сыходзіць час, сыходзяць сведкі, гэты боль заціхае і з'яўляецца шмат наноснага.

І.Кузняцоў: Так, сапраўды, ці можам мы прад'яўляць юрыдычныя прэтэнзіі да супрацоўнікаў НКУС, што выконвалі загад старшых камандзіраў? У Курапатах, напрыклад? Па якім прынцыпе мы цяпер будзем дзяліць косткі? Адна з нашых палітычных партый не стамляецца паўтараць, што ў Курапатах і іншых пахаваннях «ляжаць толькі беларусы». Забітыя кім? «Расійскім НКУС!» Па-першае, не было ніякага «расійскага НКУС». А потым — у Курапатах пахаваныя прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцяў. Аднак з'яўляецца шумная і ўпэўненая ў сабе група, якая заяўляе, што нас цікавяць толькі беларусы. Потым з'явяцца тыя, каго цікавяць, напрыклад, толькі палякі, ці толькі яўрэі... Ці навукова гэта, гуманна, ці не расколвае гэта наш народ?

В.Шадурскі: Згодзен з вамі. Тут вельмі небяспечны падзел ахвяр па канфесіях, этнічным паходжанні, палітычных поглядах і гэтак далей. Вельмі нядоўга вярнуцца да сталінскай ідэалогіі: «былыя людзі», «лішэнцы», «ворагі», «сацыяльна шкодныя» і гэтак далей....

П. Якубовіч: Я не зусім разумею механізм і мэту такога разбору — хіба што апеляваць да апостала з яго ключамі — няхай раскажа, хто як сябе паводзіў у той шалёны час? Галоўнае ўсё ж такі ў тым, што грамадства павінна нарэшце ўсвядоміць, што, у прыватнасці, Курапаты — не палігон для эксгумацый і правядзення медэкспертызы. Гэта — месца масавага пахавання, спачынку. Там, на мой погляд, павінен быць велізарны плакат, які крычыць: «Тут пахаваныя людзі». Не носьбіты тых ці іншых палітычных поглядаў, не здзяйсняльнікі «памылак» падчас антытрацкісцкага партгаласавання 1927 году, не дутыя «шпіёны», а проста — людзі. Як мы іх падзелім, на якія палічкі пакладзём іх косткі? Ніяк! Вось што мы абавязаныя, дык гэта паслаць грамадству месэдж: давайце здымем галаўныя ўборы і ціха ў душы памолімся! За ўсіх, хто спачывае пад гэтымі штучна высаджанымі над ямамі хвоямі. Ачысцімся і зробім кожны на сваім месцы ўсё, каб такое больш не паўтарылася. А хто меў рацыю, хто вінаваты... Імёны іх — Бог ведае...

Аляк­сандр КА­ВА­ЛЕ­НЯ.

А. Каваленя: Мне здаецца, мы больш спрошчана падыходзім да гэтых трагічных падзей нашай гісторыі. Давайце не забываць, што ў 1917-м адбыўся злом ранейшай мадэлі развіцця, з'явілася новая сацыяльна-эканамічная сістэма. У новай улады былі праціўнікі, і, натуральна, яна павінна была абараняць сябе. Я зараз не кажу пра тое, правільна ці няправільна яна тады гэта рабіла. Рэвалюцыя, якая адбылася, абараняла свае інтарэсы. Я, як гісторык, не памятаю ні аднаго партыйнага рашэння аб ажыццяўленні рэпрэсій супраць таго ці іншага народа. Барацьбу вялі супраць сабатажнікаў, праціўнікаў савецкай улады. Але на месцах, як гэта часта бывае, разумелі гэтыя рашэнні і ўвасаблялі іх у жыццё кожны па-свойму. Таму трэба глядзець у корань: а ці былі сацыяльна-эканамічныя перадумовы для той страшнай з'явы, якая мела месца ў 1920—1930-я гады?

Ула­дзі­мір АДА­МУШ­КА.

У. Адамушка: Згодзен. Але мы не павінны канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на 1937 годзе. Сёння ў Беларусі ёсць больш як 10 тысяч архіўна-следчых спраў на асоб, асуджаных у 1917—1929 гадах. Гэта былі відавочныя палітычныя чысткі, накіраваныя, вядома ж, не супраць беларусаў як этнічнай групы. Так, бальшавікі ўзялі ўладу і ўсяляк яе абаранялі. І сітуацыя ў Беларусі адлюстроўвала агульную палітычную карціну ў СССР таго часу. У 1931—1933 гадах да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах прыцягнулі людзей ніяк не менш, чым у 1937-м. У сакавіку 1930 года з тэрыторыі БССР было выселена ў аддаленыя раёны больш за 36 тысяч сялянскіх сем'яў. А ў кожнай сям'і на той перыяд было як мінімум шэсць чалавек. Вось і падлічыце. Вядома, гэта маштабная трагедыя для ўсяго беларускага народа.

Як чалавек, які вывучаў па першакрыніцах гэтую тэму з 1990 года, хачу не пагадзіцца з Ігарам Мікалаевічам (Кузняцовым) з нагоды вывучэння гэтага пытання ў Беларусі. Збіраючыся на гэты круглы стол, я правёў маніторынг у Нацыянальным архіве і паглядзеў, хто працаваў па гэтай тэме. Акрамя нябожчыка прафесара Платонава, вашага пакорнага слугі і яшчэ двух-трох чалавек там ніхто ў апошнія гады не быў. А матэрыялы ў гэтым архіве, паверце, не менш цікавыя, чым у архівах спецслужбаў. Ідзіце, вывучайце. Але перш чым крытыкаваць гэтыя крыніцы, з імі трэба пазнаёміцца.

П. Якубовіч: Калегі, мы не займаемся ні ўсхваленнем, ні ачарненнем кампартыі тых гадоў і нікому не выстаўляем рахунак. Ні Молатаву, ні Панамарэнку, ні Цанаве. Безумоўна, рэвалюцыя павінна была абараняцца, у яе былі ворагі, у Францыі чакалі каманды цэлыя дывізіі з белагвардзейцаў, былі агентурныя сеткі розных дзяржаў і шмат чаго іншага. Але нікуды не падзецца ад таго факту, што ў 1937 г. пазасудовыя органы (разнастайныя «двойкі», «тройкі», адмысловыя нарады, спецсуды, трыбуналы) неабгрунтавана прыцягнулі да адказнасці вялізную колькасць людзей. У тым ліку мінскага пісьменніка Кляшторнага, віцебскага селяніна Валахановіча, магілёўскага святара а. Іаана — дзясяткі тысяч людзей і зусім не «ворагаў»!

Дадам, што ўсе гэтыя людзі — усе без выключэння! — былі пасля рэабілітаваныя.

Ігар СЯР­ГЕ­ЕН­КА.

І. Сяргеенка: Праблема палітычных рэпрэсій, іх прычыны, сутнасць і наступствы — гэта тэма не адной гістарычнай канферэнцыі. Я хацеў бы прывесці адну з юрыдычных трактовак тэрміна «палітычная рэпрэсія». Гэта «неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за дзяржаўныя, контррэвалюцыйныя злачынствы, а таксама ссылка, высылка, накіраванне на спецпасяленні грамадзян судовымі або несудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах». Я не зводзіў бы ўсё менавіта да 1937 года. Гэта быў пік рэпрэсій. Але, звяртаю ўвагу, што пасля ЦК КПСС прымаў рашэнне аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1920—1980-х гадоў. Пачатак рэпрэсій прыпадае менавіта на 1920-я гады. Тут можна казаць і пра ўнутрыпартыйную барацьбу, і барацьбу за ўладу і пра падрыхтоўку да будучай і немінучай вайны. Гэта і трацкісцкі блок, і правы ўхіл, «Шахцінская справа», і справа «Прампартыі», і раскулачванне. Праблема, як бачыцца, зусім не трактуецца адназначна і спрошчана.

Сучасная навука кажа: ідэалагічнай асновай палітычных рэпрэсій быў тэзіс Сталіна, што па меры будаўніцтва сацыялізму класавая барацьба абвастраецца. Хацеў бы прывесці некаторыя лічбы датычна архіваў Камітэта дзяржбяспекі. Зразумела, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны частка архіваў была знішчана, але гэтая частка зусім нязначная. Таму сёння, абапіраючыся на фактычныя лічбы, я магу сказаць: па крымінальных справах — судовым і несудовым спосабамі — было рэпрэсавана 235,5 тысячы чалавек. Гэта за ўвесь перыяд — з 1920-х па 1950-я гады. Гэта справы, якія знаходзяцца ў Цэнтральным архіве КДБ і датычацца і расстраляных, і пазбаўленых волі. З іх 176 тысяч былі рэабілітаваныя. Што да працы ў нашых архівах — усе звароты гісторыкаў, ВНУ, спецыялізаваных навуковых інстытутаў мы разглядаем і пытанне гэтае вырашаем. Іншая справа, што калі разгледзіш тысячы такіх спраў — нічога, акрамя болю і трагедыі, пераняць з іх не ўдаецца. Нават удумлівы гісторык нічога акрамя прозвішча, імя, найкарацейшага, фармальнага допыту, рашэння «тройкі» і факту наступнай рэабілітацыі, нічога з гэтай тонкай папачкі (некаторыя я ўзяў сюды і дэманструю) новага не даведаецца. На жаль.

П. Якубовіч: Ігар Пятровіч, а як вы ставіцеся да моднага цяпер тэзіса пра тое, што пік Вялікага тэрору — гэта следства жадання рускіх ці яўрэяў (якіх сапраўды нямала было тады ў органах) «памахаць у БССР гільяцінай». Мы ўжо гаварылі пра гэта, але ўсё-ткі ці былі гэта рэпрэсіі, накіраваныя выключна супраць беларусаў? Бо гэта сцвярджэнне было вельмі папулярным у акупаванай Беларусі, тады гітлераўцы спецыяльна настройвалі адзін народ на другі. У Кубэ нават былі цэлыя структуры для гэтага, там служыла нямала калабарацыяністаў. Навошта ж цяпер сёй-той будзіць дэманаў?

І. Сяргеенка: Зыходзячы з тых матэрыялаў, з якімі я знаёмы, тэзіс, пра які вы кажаце, адкідаю! Ніякага падыходу па нацыянальнай прыкмеце ў рэпрэсіях тых гадоў не было. І беларусы, і рускія, і ўкраінцы, і яўрэі, і палякі — словам, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай ССР, — усе яны на тых ці іншых падставах падвяргаліся неабгрунтаваным рэпрэсіям. Зыходзіць трэба з гэтага!

У. Адамушка: У пачатку 1930-х гадоў у нашай рэспубліцы супраць прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі была распачатая справа так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Зусім аналагічная справа, але названая «Спілка визволення України», існавала ва Украіне. Такія ж справы былі ў Грузіі, рэспубліках Сярэдняй Азіі, у Азербайджане... Сталін адначасова па адной схеме наносіў удары па савецкай інтэлігенцыі. Што ў Мінску, што ў Маскве, што ў Тбілісі.

В. Шадурскі: Вядома, можна гаварыць, што многія таямніцы ў гісторыі яшчэ захоўваюцца. Але мне здаецца, што датычна агульных ацэнак рэпрэсій мы ўжо сказалі практычна ўсё. Можна казаць аб матывацыях уладаў, аб наяўнасці часткі рэальных ворагаў, аб сітуацыі, калі закон становіцца ахвярай «палітычнай мэтазгоднасці». Але мы бачым і тое, што часцяком пошук рэальных праціўнікаў улады падмяняўся «прызначэннем» ворагаў. Вось у нас былі паслядоўна рэпрэсаваныя тры рэктары БДУ, многія дырэктары інстытутаў Акадэміі навук... Яны якую шкоду спрабавалі нанесці краіне ?!

Ле­а­нід ГУ­ЛЯ­КА.

Л. Гуляка: Давайце гэтую тэарэтычную дыскусію наблізім да сённяшняга дня. І да тэмы нашага круглага стала. Безумоўна, Курапаты, гэта месца, па-за залежнасцю ад таго, хто там расстраляны і па якіх матывах, заслугоўвае ўвекавечання. Заслугоўвае прызнання. Іншая справа, што ў грамадстве ёсць невялікая група, нават не зрэз грамадства, а менавіта група, якая хацела б гэтую тэму «прыватызаваць». І зрабіць Курапаты «сваім месцам», у тым ліку і для супрацьстаяння ўладзе. Тым не менш улада абсалютна роўна ставіцца да ўсіх. Мяркую па ўласнай прафесійнай дзейнасці: больш за 10 гадоў я працую з нацыянальнымі меншасцямі (прадстаўнікі 141 нацыянальнасці пражываюць у Рэспубліцы Беларусь), і ні ад каго з іх за ўвесь гэты час не чуў тэмы Курапатаў. Гэта я да таго, каб мы сваімі размовамі не парушылі няўзнак гэту раўнавагу. Усё гэта вельмі тонкія тэмы...

П. Якубовіч: Ваша думка, Леанід Паўлавіч, зразумелая. Але, на жаль, ёсць шмат дат, калі на Курапаты ідуць людзі — раней больш, зараз менш, але ўсё ж ідуць — з непрыхаванымі палітычнымі мэтамі, з адпаведнай атрыбутыкай і т. д. І калі мы будзем заплюшчваць на гэта вочы, то ў вырашэнні дадзенай праблемы мы не прасунемся. Курапаты так і застануцца месцам палітычных рысталішчаў. Хіба гэта добра?

А. Каваленя: Нашы размовы пра той час ствараюць уражанне, што наша краіна ў 1920 — 1930 — 1940-я гады толькі і займалася рэпрэсіямі, барацьбой з кімсьці і гэтак далей. А хто пісаў даносы — напрыклад, на тых трох рэктараў БДУ? У чым прычына, што на адных рэктараў даносы пісалі, а на іншых — не? Ды і наогул — ці толькі рэпрэсіі былі ў той перыяд? А міжнародная сітуацыя якой была ў той перыяд? Ды і краіна будавалася, развівалася. Нараджаліся дзеці, узводзіліся новыя заводы...

В. Шадурскі: Безумоўна, былі і дасягненні. Але і заплюшчваць вочы на тое дрэннае, што рабілася, мы не можам. Ды і не заўсёды да іх прыводзілі менавіта даносы — тыя, хто знаходзіўся пад следствам, падвяргаліся нечалавечым катаванням і часам агаворвалі іншых. Зразумела адно: рэпрэсіі аслабілі краіну. Яны аказаліся шкоднымі і для эканомікі, і для арміі.

У. Адамушка: Зноў мы адхіляемся ад тэмы. Хачу падтрымаць Леаніда Паўлавіча: Курапаты павінны стаць месцам, дзе грамадзянін, сям'ю якога адзначыў рубец рэпрэсій, мог бы пакланіцца там продкам, ахвярнай памяці. Людзі былі б рады такой магчымасці, а мы пакуль, на жаль, не забяспечылі іх ёю.

П. Якубовіч: Так, ніякая самая добрая мэта не апраўдвае нават адной нявіннай ахвяры. Тым больш калі гаворка ідзе пра шматлікіх людзей. Але гісторыю, у тым ліку і перыяд рэпрэсій, трэба вывучаць і будучым пакаленням. Тым больш сумна, што гісторыкі перасталі займацца гэтай тэмай. Са слоў спадара Адамушкі, нават у архівы перасталі хадзіць.

А. Каваленя: Не згодны. Калі ёсць сацыяльны заказ, ёсць грамадская запатрабаванасць той ці іншай праблемы — яна падымаецца.

П. Якубовіч: Я не падзяляю тэзіс, што калі тэма «не прахадная», то хай ляжыць і тлее. Любая грамадска неабмеркаваная тэма, чаго б яна ні датычылася, падобна на схаваную пад дыван міну з гадзіннікавым механізмам. Гэта не рашэнне праблемы: яна выбухне самым нечаканым чынам, у непатрэбны час і ў непатрэбным месцы. Праблемы нельга хаваць пад дыван. Падзялюся асабістай крыўдай. 7 гадоў таму ў рэдакцыі «СБ» быў праведзены круглы стол, на якім пытанні пра Курапаты ўжо гучалі і досыць рэзка. Да дыскусіі былі запрошаныя гісторыкі, прадстаўнікі духавенства, паважаная Мая Тодараўна Кляшторная (навуковы кіраўнік мемарыяльнай зоны «Курапаты». — Рэд.), дачка рэпрэсаваных бацькоў. На ім было многа выказана, прагучалі цікавыя прапановы. Але ўсё гэта як у ваду сплыло. Мы тады звярталіся да Мінскага аблвыканкама — трэба добраўпарадкаваць, акультурыць Курапаты, узяць іх пад ахову і г. д. Улада, на жаль, не асабліва прыслухалася. Не звярнулі ўвагі на круглы стол у «СБ» і тыя, хто рэгулярна ходзіць у Курапатах пад палітычнымі лозунгамі. Не проста не звярнулі — нават абразіліся. Гэта, маўляў, наша тэма, мы яе «выпакутавалі», як гэта «СБ» асмельваецца яе наогул падымаць? Як быццам бы Курапаты — не могілкі, а іх асабісты маёнтак. На шчасце, ёсць магчымасць абмеркаваць гэта на іншым узроўні і з іншымі вельмі паважанымі экспертамі. Наша задача — даць моцны месэдж грамадскасці, што ўсе мінулыя або цяперашнія гістарычныя шурпатасці, непаразуменні павінны счэсвацца. Мы павінны ўсё больш і больш адчуваць адказнасць за Беларусь, адчуваць сябе членамі адной вялікай, але дружнай сям'і. І яшчэ раз скажу аб сігнале грамадству, што ніякія падзеі, якія маюць нейкі двухсэнсоўны, амбівалентны характар, не павінны трактавацца ва ўгоду нашым імгненным палітычным перавагам і аб'ектыўнаму асэнсаванню гісторыі. Галоўнае іншае: беларускі народ адзіны, краіна ў нас адна на ўсіх, і мы павінны дзеля тых, хто жыве цяпер, не дапусціць таго дрэннага, што было. І казаць пра гэта варта ўслых і без усякай боязі!

А таму давайце пяройдзем да наступнага пытання. Мы — незалежная краіна, у юрыдычным сэнсе, ня з'яўляемся афіцыйным пераемнікам Савецкага Саюза. Тым не менш нешта добрае, універсальнае, гуманнае з СССР мы пераймаем і развіваем. Але некаторыя моманты нашай агульнай калісьці гісторыі рашуча адкідаем. Палітычныя рэпрэсіі перш за ўсё ў шэрагу такіх непрымальных для сучаснай Беларусі эксцэсаў. Ні сённяшняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, ні яе грамадзяне, ні цяперашнія органы дзяржаўнай бяспекі рашуча не маюць ніякага дачынення да самавольства і трагедый тых гадоў. Калі мы гэта зразумеем, то скончацца неканструктыўныя часам спрэчкі вакол таго, хто мае рацыю з забітых, а хто не мае рацыю? І тады будзе забяспечаны грамадскі кансэнсус. А для гэтага ў краіне павінна быць увекавечана асаблівае памятнае, містычнае месца. Не тое, дзе хтосьці атрымае магчымасць пагарланіць, пабегаць і ўсталяваць асобна ўзяты крыж (для сябе), а месца ўсенароднага смутку і высакароднай памяці. Зрабіць яго памятным мемарыялам або выбраць іншы фармат — думаю, вялікая, добразычлівая грамадская дыскусія выкрышталізуе аптымальнае рашэнне гэтага пытання. Але пакуль, зразумела, справа не ў назве і нават не ў форме. Справа ў прынцыпе. Прашу выказвацца.

А. Каваленя: Хачу падтрымаць гэтую думку. Спадзяюся, усе згодныя з тым, што Курапаты — гэта нацыянальная трагедыя. Але нам спрабуюць навязаць іншую думку: Курапаты — гэта сімвал беларускага народа. Курапаты такім сімвалам ніколі быць не могуць! Могілкі не могуць быць сімвалам народа. Калі мы пойдзем па гэтым шляху, гэта прывядзе нас да падзелу грамадства. Таму мне здаецца правільнай ідэя зрабіць з Курапатаў сімвал, які аб'ядноўвае, паставіць там знак або капліцу, якія б у мастацкай форме паказвалі ўсю трагедыю, перажытую беларускім народам у 1930-я —1940-я гады. Для гэтага магчымасці ў дзяржавы і грамадства ёсць. Думаю, мы павінны аб'яднаць намаганні нашых палітычных партый, якія могуць стаяць на розных платформах, але згодны зрабіць з Курапатаў сімвал трагедыі, якую нельга дапусціць у будучыні. Курапаты павінны стаць настаўленнем будучым пакаленням. Можа быць, варта абвясціць конкурс, асабліва сярод творчай моладзі, на выпрацоўку такога сімвала нацыянальнай згоды і смутку. Каб кожны змог прыйсці ў Курапаты і запаліць там свечку. А можа, нават прабачэння папрасіць перад памяццю тых, хто аддаў свае жыцці ў тыя часы.

І. Кузняцоў: Ва ўвекавечанні памяці загінулых у Курапатах мы адстаём роўна на 28 гадоў. 18 студзеня 2017 года менавіта столькі гадоў споўнілася з моманту прыняцця пастановы Савета Міністраў БССР аб увекавечанні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у лясным масіве Курапаты.

П. Якубовіч: Для гэтага мы і сабраліся — паслаць уладзе і грамадству дакладны сігнал. Давайце выведзем Курапаты з нечага канфесійнага або палітычнага інтарэсу! Давайце ліквідуем інстытут самазваных «дырэктараў могілак»! І зробім для ўсіх месцам пакланення і смутку.

А. Каваленя: Знакавым месцам, якое не падзяляла б грамадства, а кансалідавала яго!

У. Адамушка: Часам у нас і ў іншых пытаннях ёсць падобныя прабелы. Вось мы і сабраліся, каб зрабіць тое, што тры дзесяцігоддзі назад не было выканана. І, можа быць, для канчатковай разрадкі супярэчнасцяў вакол гэтай тэмы на самай справе варта на якім-небудзь узроўні папрасіць у нявінных ахвяр прабачэння за тое, што адбылося. Мы не вінаватыя ў тым, але мы нашчадкі тых, хто гэта зрабіў. А Курапаты цалкам могуць стаць сімвалам палітычных рэпрэсій і месцам для пакаяння за іх. Нам такое месца трэба!

П. Якубовіч: Вось Аляксандр Аляксандравіч (Каваленя) сказаў вельмі канцэнтравана, для чаго гэта трэба. Маленькая рэмарка. На жаль, мы неяк моцна адсталі ад многіх постсавецкіх краін. У Казахстане ёсць вялікі комплекс, у Расіі, ва Украіне ёсць. У Кіргізіі, Літве, Латвіі. І нават з гэтых меркаванняў нам не варта больш выслухоўваць размовы пра тое, што «трэба, маўляў, яшчэ пачакаць».

В. Шадурскі: Наша памяць павінна быць звернута ў будучыню. Мы разумеем: для таго, каб наша краіна ўмацоўвалася, развівалася, у нас ёсць багатая гісторыя, якой мы маем поўнае права ганарыцца. Але мы бачым, што зварот да гісторыі часам з'яўляецца нейкім раздзяляючым фактарам. І гэта, вядома, трэба пераадолець. Безумоўна, патрабуе абмеркавання статус гэтага памятнага знака. Магчыма, Курапаты будуць звязаныя з Нацыянальным гістарычным музеем. Моладзь, студэнцтва, БДУ, напрыклад, могуць узяць шэфства над гэтым месцам, дапамагчы ўладкаваць. Добра, калі помнік будзе будавацца часткова на народныя грошы.

П. Якубовіч: Я хацеў бы Леаніду Паўлавічу Гуляку задаць пытанне. Леанід Паўлавіч, як вы лічыце, ці можа якая-небудзь канфесія, палітычная група «прыватызаваць» Курапаты? Ці могуць быць такія вось «душапрыказчыкі» ў Курапатаў?

Л. Гуляка: Вы ведаеце, вядома, можна правесці такую лінію, стварыць такое меркаванне. Але гэтым мы больш народзім негатыву. Я хачу працягнуць думку, якая ўжо прагучала ў Віктара Генадзевіча Шадурскага. Думаю, было б правільна ў кантэксце нашай дыскусіі ўсё ж выйсці на Міністэрства адукацыі, можа, з дапамогай Акадэміі навук, каб у гістарычных падручніках гэтая тэма знайшла разумнае праламленне. Бо няма сёння ў падручніках падачы гэтай тэмы так, каб малады чалавек мог прачытаць і вызначыцца для сябе.

П. Якубовіч: Калегі, вы ведаеце стаўленне палітычнага кіраўніцтва краіны да падручнікаў у цэлым. Ёсць вялікае незадавальненне. Безумоўна, і тэма рэпрэсій павінна раскрывацца не нейкімі дзяжурнымі фразамі і адпавядаць нейкай кан'юнктуры. Я вывучаў розныя падручнікі за апошнія 20 гадоў. Там нярэдка ўсё залежыць менавіта ад нейкай кан'юнктуры.

І. Кузняцоў: Дазвольце адну рэпліку з нагоды падручнікаў. Працытую па памяці з падручніка 2014 года, дапушчанага тагачасным Міністэрствам адукацыі. Цытата: «Шэраг даследчыкаў прыводзіць завышаныя лічбы рэпрэсій, і робіцца гэта з адной мэтай: для дыскрэдытацыі сусветнай сістэмы сацыялізму». Падручнік 2014 года! 25 гадоў няма ўжо «сусветнай сістэмы сацыялізму», а мы ўсё «жуём» яе для школьнікаў...

П. Якубовіч: Прэзідэнт увесь час кажа, што некаторыя ўніверсітэцкія выкладчыкі выходзяць на лекцыі з жоўтымі ад старасці канспектамі. Вось вы кажаце пра тое, што ў новых падручніках напісана пра нейкую «сістэму сацыялізму». Гэта таму, што іх пісалі тыя людзі, пра якіх гаворыць Прэзідэнт.

І. Сяргеенка: Паважаныя калегі, я падзяляю меркаванне, якое прагучала тут, што гісторыя не павінна раз'ядноўваць, а павінна аб'ядноўваць. Сёння ні ў каго не выклікае сумнення тое, што ў Курапатах ляжаць людзі, якія былі бязвінна, незаконна расстраляныя ў 1930—1940-я гады. Тое, што мы абмяркоўваем гэта сёння і выходзім на канкрэтныя прапановы, кажа аб наступным: з гэтай тэмы неабходна зняць штучную палітызаванасць, якая ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла. Сёння пра Курапаты можна казаць як пра вялікія могілкі нацыянальнага маштабу, дзе спачываюць такія ж людзі, якія гінулі і ў Бабруйску, і Барысаве, і Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Оршы, Полацку, Слуцку, Чэрвені. У вывучаных справах называецца 11 такіх месцаў. Ствараючы памятны знак, мы аддадзім даніну памяці ўсім загінулым, незалежна ад таго, дзе гэта адбылося.

П. Якубовіч: Я хачу падкрэсліць два моманты. Ігар Мікалаевіч (Кузняцоў) правільна кажа, што моладзь трэба рыхтаваць да правільнага, комплекснага разумення такіх жорсткіх працэсаў мінулага, адназначнага трактавання якім няма. Паглядзіце, што зрабіла ў Маскве арганізацыя «Мемарыял». Апублікавала спіс усіх супрацоўнікаў НКУС за пэўны перыяд. Не гатовая да разваг, але заўзятая расійская публіка хутка ажывілася: вось, маўляў, дадзены спіс «катаў», ату іх! І тут жа ў нас: калі ў Беларусі будуць апублікаваныя такія спісы? Мы таксама хочам ведаць імёны, прозвішчы ўнукаў і праўнукаў! Пытанне: навошта? Для «святой помсты»? Але чым перад вамі, спадары, правініліся чыесьці праўнукі?

З невуцтвам трэба змагацца. А яшчэ больш трэба змагацца з ваяўнічым невуцтвам. Бо «Мемарыялам» быў апублікаваны звычайны спісачны склад на той перыяд органаў дзяржбяспекі. там былі і загранразведчыкі, там былі ваенныя медыкі, аператыўныя работнікі, супрацоўнікі загсаў, пашпартных службаў, пагранічнікі і пажарная ахова, і каго там толькі не было. Таму з падыходамі ваяўнічага невуцтва, маўляў, давайце апублікуем, абнародуем спісы «катаў», каб маральна лінчаваць іх праўнукаў, не ёсць добрая ідэя. Не будзем забываць таксама, што немалая колькасць людзей нявінна пацярпела ад мільёнаў даносаў, якія пісалі на іх «актывісты» тых гадоў — наймілейшыя суседзі, ціхія калегі. «Свядомыя» сваякі. І ў гарадах, і ў вёсках. Так што падрыхтуйцеся, сённяшнія «актывісты», убачыць у вынятых архівах «сігналы» вашых бабуль і дзядуляў, якія часам не ведалі, што тварылі, калі шчыра паведамлялі куды трэба пра суседа, што той любіць расказваць палітычныя анекдоты.

І. Кузняцоў: Ёсць канкрэтная прапанова для Ігара Пятровіча Сяргеенкі. Чаму б нам не стварыць з гісторыкаў, са спецыялістаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі працоўную групу для вывучэння гэтых працэсаў?

П. Якубовіч: Вярнуся да таго, што сказаў Уладзімір Іванавіч (Адамушка). Я не зусім згодны са словам «пакаянне». Ужо не той час. Але за што і перад кім каяцца мне, вам, мільёнам беларусаў? Нельга трагедыю ператвараць у тэатральную пастаноўку! Гэта трэба рабіць сур'ёзна і без эмацыйных празмернасцяў. Я хацеў бы пачуць меркаванне кожнага ўдзельніка: што канкрэтна неабходна зрабіць, каб месца Курапаты стала сапраўды памятным комплексам, пантэонам, мемарыялам усебеларускага смутку і памяці?

А. Каваленя: Перш за ўсё, павінна быць грамадскае прызнанне, што ў Курапатах адбылася велізарная трагедыя. Неабходна данесці да ўсяго грамадства сутнасць таго болю і трагедыі, якая мела месца быць у 1930-я гады. Гэта дазволіць зблізіць рознапалярныя ацэнкі, якія маюцца сёння. Адначасова трэба паставіць пытанне аб узвядзенні памятнага знака, аб'явіць конкурс на яго праект, пажадана з удзелам нашай творчай моладзі, простых людзей, а не толькі славутых скульптараў і архітэктараў.

Л. Гуляка: Вядома, гаворку трэба весці аб стварэнні памятнага знака. Можа, варта вылучыць ініцыятыву аб сумесным удзеле дзяржавы і грамадскасці? Няхай людзі ўнясуць хоць бы адзін працэнт кошту, але гэта будзе сапраўды народны праект.

І. Кузняцоў: 22 лютага ў Мінску адкрылася выстаўка па Курапатах. Там ужо прадстаўлены макеты. Гэта значыць пачатак грамадскага конкурсу, па сутнасці, ужо ёсць. Трэба падняць яго на ўзровень дзяржаўны. Давайце створым камісію з прадстаўнікоў улады, навукоўцаў і вызначымся, якія пытанні трэба вырашыць.

У. Адамушка: Вельмі падтрымліваю тое, пра што сказаў Леанід Паўлавіч. Гэта павінен быць дзяржаўна-грамадскі праект. А каардынацыю даручыць Мінгарвыканкаму. Усё ж такі гэта яго тэрыторыя. Калі гэтым не будзе займацца дзяржаўная структура, справа не пойдзе.

В. Шадурскі: Гэта, вядома, павінен быць народны помнік, пабудаваны і на дзяржаўныя, і на народныя сродкі. Зразумела, мы не павінны рабіць упор на нейкія рэлігійныя канфесіі, на пэўныя этнасы. Гэта павінен быць агульначалавечы, гуманістычны мемарыял. І тут я падзяліў бы два моманты. Першы — сам мемарыял. Другі — працяг вывучэння лёсаў людзей. Гэтую працу трэба аддаць прафесійным гісторыкам.

І. Сяргеенка: Гэты памятны знак павінен аб'ядноўваць, а не адлюстроўваць інтарэсы пэўнай нацыі, канфесіі або палітычнай групы. У перспектыве гэта можа быць і філіялам нашага Нацыянальнага гістарычнага музея. Шэфства можа ўзяць і Белдзяржуніверсітэт. А ў далейшым, вядома, трэба працягнуць даследчыя работы. Тут адзначу, што Камітэтам дзяржаўнай бяспекі па ўласнай ініцыятыве праведзены вялікі комплекс работ па вывучэнні ўсіх архіўных матэрыялаў. І тых, якія захоўваюцца ў нас, і тых, што ў Нацыянальным архіве. Дадаткова вывучаны і разгледжаны ў 1989 годзе органамі пракуратуры і крымінальныя справы.

А. Каваленя: А пакуль будзе ісці грамадскае абмеркаванне, мабыць, варта ўжо гэтай вясной абвясціць суботнік і проста вельмі па-чалавечы навесці ў Курапатах парадак. Хай прыйдуць розныя маладзёжныя арганізацыі, палітычныя партыі і разам зробяць гэта.

П. Якубовіч: Паважаныя калегі, мы пачынаем сур'ёзную справу. Гэта першы крок. З вашага дазволу, я сістэматызую агучаныя прапановы. Мы арганізуем пра іх шырокае інфармаванне грамадскасці. Далей, мне здаецца, трэба абвясціць дабрачынную акцыю па зборы сродкаў. Наступны крок — падключыць як мага больш ахвотных да распрацоўкі праекта памятнага знака, рашэнне павінна быць нестандартным, сучасным. Паказваць, што мы з ХХІ стагоддзя схіляем галовы перад памяццю ахвяр, перад нявінна забітымі. Таму павінны быць максімальна шырокі конкурс, публічнае абмеркаванне ідэй, каб як мага больш людзей выказала сваё меркаванне. Працы шмат: ад школьных сачыненняў на тэму трагедыі да глыбокіх навуковых канферэнцый, з'яўленне новых кніг, кінафільмаў. А ў пытанні добраўпарадкавання неабходна падключыцца і ўладзе, і дзяржорганам. Калі мы будзем спадзявацца толькі на якога-небудзь палітычна ангажаванага мысляра, мы нічога не даб'ёмся. І мы, усе СМІ краіны, павінны данесці да грамадства, да моладзі галоўную думку: як бы ні было складана, трэба адкінуць усё лішняе і ўжо вясной пад эгідай гарвыканкама ці іншай арганізацыі ўсе жадаючыя павінны з'явіцца ў Курапатах з інструментам і прыбраць могілкі, як гэта заведзена хрысціянскімі і наогул людскімі звычаямі. І, вядома, гэтае месца ў перспектыве павінна стаць турыстычным аб'ектам. Са змястоўнымі экскурсіямі, кваліфікаванымі гідамі. Тут можна будзе праводзіць урачыстыя рытуалы. Не таптаць нагамі спарахнелыя косці, што зараз робяць некаторыя арганізацыі, лічачы гэта «асабістай тэрыторыяй», а праводзіць сапраўды глыбокія, грамадска важныя рытуалы. Напрыклад, на Дзяды, Радаўніцу. Там могуць праводзіцца сумесныя набажэнствы духавенства за дзяржаву, беларускі народ.

Я, як рэдактар, буду звяртацца на высокі палітычны ўзровень, у кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, каб ідэі, выказаныя за нашым круглым сталом, былі падтрыманы і ўлада ўзяла іх пад сваю апеку. І адкрыццё гэтага памятнага знака павінна прайсці на высокім дзяржаўным узроўні. Паралельна, вядома, трэба стварыць і камфортныя ўмовы для гісторыкаў, каб яны маглі працягваць сваю работу.

Вельмі важна, каб гэтыя ініцыятывы не сталі толькі тэмай газетнай публікацыі, пасля якой пра яе можна забыцца.

Усім дзякуй!

Загаловак у газеце: Гісторыя павінна аб'ядноўваць, а Курапаты — стаць месцам агульнанацыянальнай памяці, народнага смутку і згуртаванасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні ўрочышча

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні ўрочышча

Суботнік быў абвешчаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

У свеце

Да чаго прывядзе выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза?

Да чаго прывядзе выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза?

«Брэксіт» уступіў у актыўную фазу: заўтра Лондан распачне працэдуру выхаду з Еўрасаюза.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары Нароўшчыны

Як жывуць апошнія жыхары Нароўшчыны

У Нароўшчыне некалі было пад паўтары сотні жыхароў, а зараз засталося трое.