21 Люты, аўторак

Вы тут

Да «хіміі» давялі аліменты


І гэтыя асуджаныя — жанчыны

«Здараецца часам, што нейкая падзея падзяляе жыццё на «да» і «пасля». Менавіта так было ў мяне», — расказвае Жанна АНУФРЫЕВА. Жанчына трохі сарамліва паглядае на камеру фотакарэспандэнта, і гэта не дзіўна. У 55 гадоў атрымаць судзімасць і аказацца на так званай «хіміі» — напэўна, не тое, аб чым марыць большасць кабет. Зрэшты, у папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) №51 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці, што ў сталіцы, асуджаных з падобнымі лёсамі амаль сотня. Гэта жанчыны, якіх накіравалі сюды па 174 артыкуле Крымінальнага кодэкса — за ўхіленне ад пакрыцця сродкаў на ўтрыманне дзяцей дзяржавай.


Ад­на­віц­ца ў баць­коў­скіх пра­вах — ма­ра Воль­гі Аляк­се­ен­кі. Але па­куль што га­та­ваць да­во­дзіц­ца толь­кі для ся­бе і ін­шых асу­джа­ных.

Калі пакаранне — дапамагае

«Усё пачалося са смерці маці, — працягвае аповед Жанна. — Мне тады было ўсяго 17 гадоў. Вельмі хутка выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей, яны ўжо дарослыя. Але адносіны не склаліся. Другі муж быў маладзейшы за мяне на сем гадоў. У гэтым шлюбе займела яшчэ дваіх сыноў. Якраз тады і пачаліся сур'ёзныя праблемы: кватэрнае пытанне, спрэчкі са свякроўю... Вырашылі так: малодшае дзіця застаецца з бацькам, а старэйшага буду выхоўваць я. Свайго жылля ў родным Бабруйску ў мяне не было, увесь час не ставала грошай. Акрамя таго, у 2006 годзе былы муж падаў на аліменты на карысць малодшага сына. З фінансавымі абавязкамі я не спраўлялася, замест афіцыйнай працы на швейнай фабрыцы хадзіла гандляваць на рынак, мне залічвалі прагулы. Так і апынулася тут».

У ПУАТ №51 жанчына знаходзіцца ўжо восем месяцаў, тэрмін пакарання скончыцца толькі ў лістападзе. Але яна спадзяецца, што атрымаць поўную свабоду зможа раней. Тым больш што на новым месцы справы, здаецца, пачалі наладжвацца. Жанну, як і іншых, уладкавалі на работу — яна прыбірае памяшканні ў інтэрнаце Мінскага мясакамбіната. На заробак жанчына не скардзіцца, кажа, што ў Бабруйску такіх грошай не бачыла. З кожнай зарплаты адпраўляе пасылкі дзецям: садавіну, цукеркі, адзенне. Найлепшая характарыстыка поспехаў — жаданне работадаўцы працягнуць стасункі: пасля завяршэння тэрміну ёй прапанавалі застацца тут і надалей у якасці вахцёра.

«Калі я даведалася, што мяне шукае міліцыя, то не проста спужалася — гэта была сапраўдная трагедыя, — прызнаецца Жанна. — Думала, што жыццё, фактычна, скончылася, бо я ніколі не мела праблем з праваахоўнікамі, а тут — такое. Але цяпер разумею, што далёка не ўсё страчана. Наадварот, праведзены тут час даў мне магчымасць падумаць, як жыць далей. Дарэчы, вельмі дапамаглі дзяўчаты, якія таксама адбываюць пакаранне, — у калектыве цяжкасці пераносіць прасцей. Безумоўна, часта думаю, што калі была б магчымасць, я зрабіла бы ўсё інакш. Цяпер малодшы сын стасункаў не падтрымлівае, крыўдуе на мяне. Можа, атрымаецца пабудаваць адносіны нанова пасля сканчэння тэрміну...»

Яск­ра­вы прык­лад та­го, як па­ка­ран­не мо­жа змя­ніць жыц­цё да леп­ша­га, — Жан­на Ануф­ры­е­ва.

Даць магчымасць выгаварыцца

У памяшканне на вуліцы Кабушкіна гэта папраўчая ўстанова пераехала ў мінулым лістападзе. Будынак адрамантавалі, таму ўмовы тут выдатныя: у жылых пакоях новая мэбля, гаспадарчы блок абсталяваны якаснай бытавой тэхнікай. Калі б не жорсткі рэжым і кантроль (напрыклад, ранішнія і вячэрнія паверкі), можна было б зблытаць установу з інтэрнатам. Між іншым і плаціць за яе даводзіцца гэтак жа, як за любое жыллё, — з кожнага заробку асуджаныя аддаюць каля 25 рублёў за пражыванне. Харчуюцца, вядома, таксама за ўласныя грошы — ёсць свая кухня.

Але абмежаванні таксама даволі сур'ёзныя.

Жыццё тут праходзіць строга па графіку: пад'ём у 6 раніцы, падрыхтоўка да работы і ад'езд, пасля вяртання — вячэрні туалет, харчаванне і адбой у 10 вечара.

Адлучыцца куды-небудзь нават на выхадныя можна толькі па ўзгадненні з адміністрацыяй. З бытавой тэхнікі ў жылым блоку дазволена карыстацца толькі самымі незаменнымі рэчамі. У гэтым выпадку, напрыклад, такімі важнымі для жанчын прасікамі для валасоў ці фенамі. Прагляд тэлевізара — толькі цэнтралізавана ў пакоі адпачынку. А вось мабільным тэлефонам карыстацца не забаронена.

Асноўная частка асуджаных уладкавана на ААТ «Смалявічы Бройлер» (штораніцы па работніц прыязджае аўтобус, які ўвечары прывозіць іх назад), астатнія — на Мінскім мясакамбінаце, у Нацыянальнай бібліятэцы, Белтэлерадыёкампаніі і Белдзяржфілармоніі.

«Параўноўваць нашу ўстанову з папраўчымі калоніямі, я лічу, некарэктна, — сцвярджае начальнік ПУАТ №51 Дзмітрый БАРЫСЕНКА. — Яны зусім розныя па сваёй сутнасці, хоць мэта ў нас адна — выпраўленне асуджаных. Але тут адбываюць пакаранне зусім іншыя людзі, тыя, хто здзейсніў «бяспечныя» правапарушэнні. Для іх абмежаванне свабоды мае шэраг пераваг. Тут чалавек не адрываецца ад грамадства, працягвае весці амаль звычайнае жыццё. Ці здараецца такое, што асуджаныя па ўласным жаданні пакідаюць установу? Вядома, такія выпадкі маюць месца, але гэта, хутчэй, выключэнні з правілаў. Тым больш што ў нас пакаранне адбываюць жанчыны, а яны больш ураўнаважаныя, разумеюць, што гэта толькі прывядзе да больш сур'ёзных праблем. У мяне быў досвед работы ў аналагічнай мужчынскай установе, таму магу параўноўваць. Мужчыны трымаюць усё ў сабе, вось і эксцэсаў здараецца больш. Напрыклад, жонка напісала нешта дрэннае — ён пайшоў заліваць гора алкаголем ці ўвогуле збег з установы. А жанчынам трэба, каб было каму выгаварыцца, расказаць пра сваю праблему. Менавіта для гэтых мэт у нас у штаце працуе псіхолаг».

Не ве­да­ю­чы, хто на­ся­ляе гэ­та па­мяш­кан­не, мож­на зблы­таць яго з па­ко­ем у ін­тэр­на­це.

Ахвяры ці прыклады безадказнасці?

Вольга АЛЯКСЕЕНКА таксама выйшла замуж дастаткова рана — у 19 гадоў. У шлюбе, які, па яе словах, быў шчаслівым, нарадзілася ажно пяцёра дзяцей. Але скончылася ўсё трагічна — мужа цяперашняй асуджанай забілі. На пытанне, як гэта здарылася, жанчына адказвае туманна: «Так бывае».

«З гэтага моманту ўсё змянілася, — кажа Вольга. — Было вельмі цяжка адной з пяцярымі дзецьмі на руках. У выніку, як кажуць, «пайшла па крывой дарожцы». Пачала праводзіць час не ў тых месцах і не з тымі людзьмі. За дзецьмі сачыць перастала. У выніку мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў, дзяцей перадалі пад апякунства свекрыві, а аліменты я не плаціла».

У папраўчай установе жанчына аказалася ўсяго месяц таму, у яе тэрмін — два гады і дзесяць дзён. Але Вольга запэўнівае, што нават за гэты час яна сур'ёзна перагледзела свае погляды на жыццё. Жанчына кажа, што хоча аднавіцца ў бацькоўскіх правах, тым больш што з дзецьмі яна ўвесь час падтрымлівае кантакт. Кожны дзень з імі сазвоньваецца, цікавіцца вучобай і іншымі справамі... Чаму не цаніла тое, што было раней? Гэтага Вольга патлумачыць не можа, але абяцае, што далей усё будзе інакш.

А яшчэ прызнаецца: была ўпэўнена, што ў папраўчай установе ўсё так, як у самых горшых фільмах пра турму. Сказаць, што чаканні не спраўдзіліся — не сказаць нічога.

Зрэшты, пераважная частка асуджаных наракае выключна на жыццёвыя абставіны. Вось і Кацярына ПАПОВА сцвярджае, што яе сітуацыя склалася «сама па сабе». У Беларусь яна прыехала з Расіі, з Кемерава, і блізкіх родзічаў тут, акрамя маці, не мае. У шлюбе нарадзіла дваіх сыноў, адзін з якіх хварэе на дзіцячы цэрэбральны параліч. У дадатак муж трапіў у турму, і жанчына засталася з усімі праблемамі сам-насам. Пакуль Кацярына шукала грошы, дзеці заставаліся дома. Старэйшы сын не з'яўляўся ў школе, і сітуацыяй зацікавіліся органы апекі. У выніку маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а потым і асудзілі па 174-м артыкуле.

«Знаходжуся тут ужо месяц з прадпісаных васямнаццаці, — расказвае Кацярына. — Уладкавалася прыбіральшчыцай у адзін з гіпермаркетаў непадалёк. Зарплату яшчэ не атрымлівала, але абяцаюць каля 400 рублёў. Адзінае, чаго цяпер хачу, — уз'яднацца з дзецьмі, бо «мама на выхадныя» гэта не тое, пра што я марыла. Не магу сказаць, што раней не думала пра магчымыя праблемы, разумела, што да дабра гэта не давядзе. Але нічога зрабіць не магла. Цяпер вось планую, на што размяркую першы заробак, — прыгледзела сынам падарункі на 23 лютага.

Ка­ця­ры­на Па­по­ва ака­за­ла­ся на «хі­міі» пас­ля та­го, як за кра­ты тра­піў муж.

Перавыхавацца — магчыма

Максімальны тэрмін у папраўчых установах адкрытага тыпу — пяць гадоў. Але самыя распаўсюджаныя пакаранні па 174-м артыкуле складаюць паўтара-два гады. Тым не менш нават такі адносна невялікі час абмежавання волі можа сур'ёзна паўплываць на маральны стан чалавека. Каб гэтага не здарылася, ва ўстанове перыядычна праводзяцца «дні атрадаў», калі асуджаныя даюць канцэрт для сваіх блізкіх, а потым могуць правесці час у пакоях за кубкам гарбаты. Увогуле ж наведванні блізкімі тут неабмежаваныя.

Таксама асуджаныя перыядычна наведваюць Вялікі тэатр оперы і балета, арганізавана ходзяць у музеі і на выставы ў горадзе. Раз на тыдзень наведваюць царкву. Незадоўга да нашага візіту ва ўстанову прыязджала жыхарка Баранавіч, якая мае шаснаццаць дзяцей (двое біялагічных і чатырнаццаць прыёмных), і разам з імі давала для жанчын канцэрт. Таму культурная работа тут праводзіцца на ўзроўні. Але ці гарантуе гэта, што чалавек не вернецца да ранейшага ладу жыцця?

«Вядома, ёсць у нас і «пастаянныя кліенты», тыя, хто раз за разам вяртаецца ва ўстанову да дасягнення пенсійнага ўзросту. Чалавек гасіць сваю запазычанасць перад дзяржавай, вяртаецца ў ранейшыя ўмовы, і ўсё паўтараецца зноў, — кажа Дзмітрый Барысенка. — Але пераважная большасць асуджаных, безумоўна, выпраўляецца, і больш мы з гэтымі людзьмі не сустракаемся».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Якое месца рэальна займае беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага дзвухмоўя?

Грамадства

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

Пачаўся суд над хлопцам, які ўчыніў расправу бензапілой у гандлёвым цэнтры.

Грамадства

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Яны жывуць у гомельскім Доме міласэрнасці і кожны дзень служаць Богу і людзям.