23 Чэрвень, пятніца

Вы тут

Чаму Стары Свет кардынальна «перавярстаў» міграцыйную палітыку?


Германія здзейсніла рэзкі паварот у міграцыйнай палітыцы. Нямецкі ўрад падрыхтаваў меры па паскарэнні дэпартацыі тых, каму было адмоўлена ў атрыманні статусу бежанца. У прыватнасці, улады ФРГ маюць намер стварыць адмысловыя «дэпартацыйныя цэнтры» для сістэматызацыі адпраўкі людзей дадому. Таксама прапануецца фінансава заахвочваць тых, хто вырашыў добраахвотна вярнуцца на радзіму, і ўзмацняць ціск на кіраўніцтва краін, якія адмаўляюцца прымаць сваіх грамадзян. Больш жорсткай стала міграцыйная палітыка і ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін, якія дагэтуль займалі лаяльныя пазіцыі ў дачыненні да бежанцаў. Чаму так рэзка змяняецца еўрапейскі міграцыйны трэнд?


24 мігранты ў хвіліну

Маштабы вымушанага перасялення людзей у свеце дасягнулі рэкорднага ўзроўню, сцвярджаецца ў дакладзе ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Эксперты кампетэнтна заяўляюць, што кожную хвіліну ў свеце 24 чалавекі становяцца прымусовымі перасяленцамі. У выніку войнаў і пераследванняў усё большай колькасці людзей даводзіцца пакідаць свае дамы. І гэта ў той час, калі многія краіны закрываюць свае межы перад мігрантамі. Палова ўсіх бежанцаў — дзеці, многія з якіх пры спробе знайсці прытулак разлучаюцца з сем'ямі.

Спецыялісты Цэнтра развіцця пры Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) падлічылі, што ў перыяд з 1995-га па 2015 год агульная колькасць перасяленцаў ва ўсім свеце павялічылася на 85 млн чалавек, і агульная колькасць мігрантаў у глабальным маштабе дасягнула 245 млн. Высокія даходы і дабрабыт з'яўляюцца галоўнымі фактарамі, якія прыцягваюць перасяленцаў. Розніца паміж краінамі, што развіваюцца, і развітымі краінамі ў сярэднегадавых даходах на душу насельніцтва паступова павялічвалася: з 1995-га па 2015 год гэтая розніца павялічылася з $20 тыс. да $35 тыс. Даклад таксама сведчыць, што з-за пагроз узброеных сутыкненняў і гвалту міграцыйны крызіс дасягнуў гістарычнага піка. Да канца 2015 года агульная колькасць бежанцаў ва ўсім свеце дасягнула 16,1 млн чалавек. Палова гэтых людзей прыехалі з Сірыі, Афганістана і Самалі. У дакуменце падкрэсліваецца, што хоць міграцыйны крызіс аказвае прыкметны ўплыў на Еўропу, аднак насамрэч яго асноўнаму ўздзеянню падвяргаюцца дзяржавы, якія развіваюцца. 87 працэнтаў бежанцаў жывуць у сярэднедаходных і нізкадаходных краінах. Больш за ўсё мігрантаў прынялі Турцыя, Пакістан і Лівія.

На шалях эканомікі

Відавочна, што еўрапейскі бізнес мае патрэбу ў рабочых мігрантах. Паводле звестак Еўрапейскай статыстычнай службы, рост насельніцтва Старога Свету ў апошнія гады адбываецца ў асноўным за іх кошт — у сярэднім за год на 500 тыс. чалавек. «Па прагнозах Еўракамісіі, колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва ЕС паменшыцца да 2020 года на 7,5 млн чалавек, або на 2,2%, а без уліку міграцыі — на 11,7 млн, або на 3,5%. Таму прапануецца садзейнічаць працоўнай рухомасці ўнутры Еўрасаюза, а таксама аптымізаваць колькасць і якасць працоўнай сілы з трэціх краін», — адзначае эксперт Цэнтра эканамічнай інтэграцыі Інстытута Еўропы РАН Наталля Кандрацьева.

Рынак працы Германіі не выключэнне і таксама адчувае дэфіцыт рабочых рук. Напрыклад, у 2015 годзе засталіся незапатрабаванымі 40 тыс. вакансій. Прычым гэта вакансіі рабочага профілю — якраз для большасці новых членаў нямецкага грамадства, бежанцаў з краін Афрыкі і Азіі. Прыцягненне мігрантаў прынесла заўважны вынік: паводле звестак Федэральнага статыстычнага ўпраўлення Германіі, колькасць занятых у нямецкай прамысловасці дасягнула максімуму за апошнія 12 гадоў.

Дзякуючы бежанцам чакаецца ледзь не будаўнічы бум. Калі ў 2014-м у той жа Германіі было пабудавана 70 тыс. недарагіх сацыяльных кватэр, то цяпер называецца лічба 250—300 тыс. кватэр штогод.

Каб забяспечыць мігрантам прымальны лад жыцця, немцы пачнуць нарошчваць будаўніцтва жылля, лічаць эксперты. Нарэшце, перасяленцы здольныя стымуляваць спажывецкі попыт. Некаторыя эксперты, зрэшты, выказваюць сумненні, што прыток мігрантаў прыкметна адаб'ецца на спажывецкім рынку. Мігранты аддаюць перавагу набыццю самых танных тавараў, да таго ж з ценявой часткі гэтага сектара, які толькі ўмоўна плаціць падаткі.

«Меркаванні ў дачыненні да мігрантаў разыходзяцца. Адна пазіцыя: яны спажываюць тавары і паслугі, яны ўзмоцняць унутраны попыт. Сярод іх шмат людзей з вышэйшай адукацыяй, гатовых папоўніць дэфіцыт на рынку працы. Іншая пазіцыя: яны будуць сядзець на шыі ў дзяржавы, яны не вучаць мову і малапісьменныя», — кажа адвакат з Берліна Ілья Левін. Не факт, што мігранты наогул захочуць сацыялізавацца, многія аддадуць перавагу жыццю на дапамогу. «А вось ісламізацыя насельніцтва рэальная. Сірыя ўжо прапанавала спонсарства ў будаўніцтве 50 мячэцяў у нямецкіх землях», — кажа навуковы дырэктар германа-расійскага форуму Аляксандр Рар.

Гарачая тэма

Зразумела, праблема з мігрантамі стала цэнтральнай тэмай палітычнай авансцэны еўрапейскіх краін. Яна хвалявала брытанцаў, якія галасавалі за Brехіt. На ёй будуюць сваю палітыку апазіцыйныя партыі. На незадаволенасць насельніцтва засіллем мігрантаў вымушаны рэагаваць афіцыйныя ўлады. На думку экспертаў, сёлета зменіцца расклад сіл са зрухам направа партый і кіраўнікоў краін ЕС. Істотны ўплыў на складаную сітуацыю ў Еўропе акажа серыя выбараў лідараў і парламентарыяў вядучых краін. У выніку гэтага Стары Свет, магчыма, будзе выглядаць зусім па-іншаму.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. «Хачу адразу растлумачыць, што Францыя больш не прыме бежанцаў. Краіна не ў стане гэтага зрабіць з-за становішча яе эканомікі, колькасці іншаземцаў, якія ўжо знаходзяцца на яе тэрыторыі, і правалу нашай сістэмы інтэграцыі», — заўважыў у інтэрв'ю Lе Mоndе кандыдат у прэзідэнты Францыі ад «умерана правых» Франсуа Фіён. А лідар «Нацыянальнага фронту» Францыі Марын Ле Пен заявіла, што краіна павінна зрабіць свае межы непарушнымі і непераадольнымі для непажаданых мігрантаў. «Прыклад Венгрыі закліканы нагадаць нам, што адзіны спосаб кантраляваць паток мігрантаў — гэта вырашаць самім, пускаць іх ці не пускаць. І гэтае права ёсць толькі ў суверэнных дзяржаў», — упэўнена Ле Пен. Хвалі мігрантаў не спыняцца самі па сабе, лічыць яна, таму перасяленцам важна даць зразумець, што яны не патрэбны Францыі. «Мы павінны сістэматычна прытрымлівацца простага правіла: мы не прымаем у сябе замежнікаў, якім няма месца ў нашай краіне. Мы павінны адпраўляць іх на радзіму сістэматычна. І пакуль ідуць ваенныя канфлікты, размяшчаць бежанцаў, якія бягуць ад вайны, — гэта прэрагатыва міжнароднай супольнасці, і ў прыватнасці ААН», — заўважыла лідар партыі.

А ўрад Італіі днямі ўхваліў увядзенне мер для «ўпарадкавання» працэсу выдачы права на прытулак і паскарэння працэсу дэпартацыі тых мігрантаў, якія гэтага права былі пазбаўленыя.

З пачатку 2017 года па Міжземным моры ў Еўропу прыбылі больш за 11 тысяч бежанцаў, 85% з іх прыпадае на Апеніны. Італія падпісала з Лівіяй мемарандум аб узмацненні кантролю над незаконнымі перавозкамі мігрантаў праз Сіцылійскі праліў. Прэм'ер-міністр краіны Паола Джэнцілоні, выступаючы пасля пасяджэння кабінета міністраў па міграцыйным пытанні, паведаміў, што прынятыя меры накіраваны на тое, каб бежанцы «прыбывалі бяспечным спосабам і ў кантраляваных колькасцях». Як адзначыў міністр унутраных спраў Італіі Марка Мініці, цяперашні пакет мер скароціць з трох да двух колькасць магчымых апеляцый на адмову ў прадастаўленні прытулку і павялічыць на 250 чалавек штат камісій, якія разглядаюць адпаведныя просьбы. На гэты перыяд мігрантам будзе прапанавана выконваць неаплатную сацыяльную работу па добраўпарадкаванні тэрыторый або ў дабрачыннасці. Мініці дадаў, што ў кожным італьянскім рэгіёне адкрыюцца цэнтры ўтрымання для тых, каго збіраюцца адправіць з Апенін назад. Агульная ўмяшчальнасць такіх устаноў складзе 1,6 тысячы чалавек.

Лівійскі калідор

Характэрная мімікрыя пад настрой немцаў канцлера Германіі Ангелы Меркель. Яна за кароткі час прайшла дыстанцыю ад перакананай у эканамічнай карысці мігрантаў для краіны і прыязнага сэлфі з імі да нядаўняга рашэння адкупіцца ад бежанцаў і стварэння «дэпартацыйных цэнтраў». Міністэрства ўнутраных спраў Германіі абвясціла аб запуску новай міграцыйнай праграмы «Пачатковая дапамога плюс». На бягучы год для фінансавання праграмы федэральны ўрад выдзеліў €40 мільёнаў. Праграма пачала працаваць з 1 лютага. Пад яе патрапілі мігранты з 45 краін. Шмат хто ў Германіі сумняваюцца, што праграма «Пачатковая дапамога плюс» прынясе які-небудзь значны вынік. Эксперт па пытаннях міграцыйнай палітыкі Катарына Эндэрс лічыць, што «многія бежанцы заплацілі немалыя грошы пасярэднікам, каб патрапіць у Еўропу. Таму ў выпадку адмовы з боку нямецкіх улад яны паспрабуюць атрымаць прытулак у іншай еўрапейскай краіне або максімальна падоўжыць сваю прысутнасць у Еўропе».

Так што, хутчэй за ўсё, Берліну давядзецца шукаць новыя спосабы, каб адправіць мігрантаў дадому. І справа тут не толькі ў набіранні балаў перад выбарамі Ангелай Меркель. Па разліках Інстытута сусветнай эканомікі ў Кілі, Германія ўжо выдаткоўвае на бежанцаў з ваюючых дзяржаў каля €25 млрд штогод. У перспектыве гэтая сума можа вырасці да €55 мільярдаў. Лічба сур'ёзная нават для нямецкага бюджэту. Вось таму Ангела Меркель і яе ўрад, якія спачатку актыўна запрашалі бежанцаў у Германію, цяпер хочуць пазбавіцца ад іх.

На думку экс-міністра замежных спраў Італіі Эмы Баніна, еўрапейскія ўрады адмаўляюцца ад палітыкі па эфектыўным кіраванні феноменам міграцыі, інтэграцыі бежанцаў у еўрапейскае грамадства і паўтараюць практычныя крокі крытыкуемага лідарамі ЕС прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Еўропа абураецца забаронай Трампа і намерам узвесці сцяну на мяжы з Мексікай, — кажа Баніна, — але тое, што робіцца тут, мала чым адрозніваецца ад дзеянняў амерыканскага прэзідэнта».

Саміт на Мальце, які адбыўся ў лютым, не даў адказаў на крытыку італьянскага экс-міністра. Удзельнікі саміту толькі прынялі дэкларацыю па рабоце на міжземнаморскім шляху міграцыі ў Еўрасаюз. На гэтым напрамку ўвага еўрапейцаў засяродзілася на Лівіі. Ёй абяцаная падтрымка і фінансавая дапамога, каб стрымаць паток мігрантаў у Еўропу, палепшыць умовы знаходжання бежанцаў на тэрыторыі самой Лівіі.

Сустрэча на Мальце таксама вынесла на парадак дня тэзіс аб тым, што канфігурацыя міграцыйнага патоку ў наступныя гады можа істотна змяніцца: калі раней бежанцы прыязджалі ў асноўным з Сірыі, Ірака і Афганістана, то цяпер праблема нумар адзін — Паўночная Афрыка, і ў першую чаргу Лівія, дзе грамадзянская вайна, якая доўжыцца вось ужо шэсць гадоў, крытычна абяскровіла краіну. Сітуацыя пагражае абярнуцца гуманітарнай катастрофай, што пацягне за сабой новы міграцыйны крызіс.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Няпрошаныя госці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.

Грамадства

На ўпакоўцы прадукту з'явіцца святлафор

На ўпакоўцы прадукту з'явіцца святлафор

Ён будзе паведамляць пра соль, цукар і тлушч.

Грамадства

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Як «Звязда» асвятляла першыя месяцы Вялікай Айчыннай

Калі гартаеш падшыўкі «Звязды», разумееш, як мала мы пра яе ведаем. 

Спорт

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Ванеса Каладзінская: Ад Алімпіяды цяпер хочацца большага

Спартыўных поспехаў яна пачала дасягаць рана.