28 Сакавік, аўторак

Вы тут

Кожны ахвотны змог выставіцца ў «Доме карцін»


Галерэя «Дом карцін», што станоўча зарэкамендавала сябе пачынаючы з першай выставы і надалей, арганізавала даволі экстравагантны праект: на працягу трох дзён у парадку жывой чаргі прымала ад кожнага ахвотніка па адным творы, які тут жа манціравала ў экспазіцыю. Аўтарам не трэба было даказваць наяўнасць спецыяльнай адукацыі ці казыраць удзелам у міжнародных праектах — работы прымаліся ад усіх. Патрабаванне толькі адно: каб творы пралазілі праз дзверы. Тое, што атрымалася, — выставу жартаўліва назвалі «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» — ужо можна ўбачыць у залах галерэі.


Акцыя праходзіла з 29 да 31 студзеня, толькі за першы дзень у прастору прыйшло каля трохсот аўтараў, а ў выніку экспазіцыя складаецца з 661 твора мастацтва, як можна здагадацца, абсалютна розных па жанрах і тэхніках. Усе залы галерэі «Дом карцін», такім чынам, занятыя канцэптуальна між сабой не звязанымі работамі, якія прынеслі сюды самі творцы.

Ідэя акцыі — не новая, яшчэ ў 1978 годзе яе ўвасобіў легендарны, у тым ліку дзякуючы сваім эксцэнтрычнасці і бунтарству, куратар Уолтэр Хопс, які за сваю працоўную дзейнасць арганізаваў больш як сто мастацкіх выстаў. Нечаканых, незвычайных, дзіўных. Адной з яго ініцыятыў была выстава «36 гадзін», якая прайшла ў альтэрнатыўнай прасторы — Музеі часовага мастацтва (Museum of Temporary Art) у Вашынгтоне. Сам Уолтэр Хопс цягам 36 гадзін сустракаў візіцёраў, прымаў іх творы і адразу ўстаўляў у экспазіцыю. Да ўдзельнікаў было толькі адно патрабаванне — вядома ж, каб творы пралазілі ў дзверы. Адзін хлопец падпісаў змяты, вырваны з часопіса, фотаздымак голай жанчыны і прынёс яго ў Музей, сцвярджаючы, што гэта яго твор, — Хопс у выніку знайшоў кут без падсветкі і сказаў: «Вось выдатнае месца для тваёй работы».

Выстава «36 гадзін» стала цудоўным прыкладам альтэрнатыўнай «дзвіжухі» ў сферы мастацтва і ў нашай сучаснасці, калі куратарская работа ў Беларусі таксама адрываецца ад акадэмічнасці, калі з'яўляецца ўсё больш і больш так званых альтэрнатыўных пляцовак і ў гэты ж час зусім не проста арганізаваць персанальную выставу, такія напрацоўкі прыходзяцца вельмі дарэчы. Прыемна, што тут няма канфлікту прафесійнага і непрафесійнага мастацтва, высокага і іранічнага, вядомага і не.

Кожны наведвальнік выставы «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч» з усёй разнастайнасці прадстаўленых твораў можа выбраць трох фаварытаў. Падлік галасоў у выніку выявіць уладальніка Прыза глядацкіх сімпатый, які атрымае магчымасць правесці ў галерэі «Дом карцін» персанальную выставу.

Экспазіцыю можна паглядзець да 26 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Галоўнае — пралезці праз дзверы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні ўрочышча

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні ўрочышча

Суботнік быў абвешчаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

У свеце

Да чаго прывядзе выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза?

Да чаго прывядзе выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза?

«Брэксіт» уступіў у актыўную фазу: заўтра Лондан распачне працэдуру выхаду з Еўрасаюза.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары Нароўшчыны

Як жывуць апошнія жыхары Нароўшчыны

У Нароўшчыне некалі было пад паўтары сотні жыхароў, а зараз засталося трое.