26 Люты, нядзеля

Вы тут

Выстава нямецкага мастака Германа Штрука праходзіць у Віцебску


130-годдзе з дня нараджэння сусветна вядомага мастака будзе адзначацца 7 ліпеня. У віцебскім музеі Шагала днямі аб'явілі пра афіцыйны пачатак святочных мерапрыемстваў.


Ка­лек­цы­я­нер Ула­дзі­мір Баг­да­наў і ды­рэк­тар му­зея Ша­га­ла ў Ві­цеб­ску Іры­на Во­ра­на­ва.

Цяпер тут, упершыню ў краіне, можна пазнаёміцца з творчасцю аднаго з настаўнікаў Шагала. Дзякуючы нямецкаму мастаку-гравёру Герману Штруку, наш славуты зямляк стаў графікам. Спадар Штрук вучыўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў і там жа пасля выкладаў. Ён у пэўным сэнсе абнавіў гравёрнае мастацтва: уносіў у яго імправізацыю. Вядомы і тым, што выпрацаваў уласную тэхніку, па-майстэрску спалучаючы розныя прыёмы гравіравання. Гэта давала новыя магчымасці ўвасаблення партрэта і пейзажа. Напісаная ім кніга аб мастацтве гравюры мела вялікі поспех.

Цікава, што Герман Штрук маляваў Беларусь падчас Першай сусветнай вайны.

— Ён зрабіў замалёўкі будынкаў, тутэйшых жыхароў, калі знаходзіўся ў Беларусі, Літве і Курляндыі. І што цікава, не толькі па ўласнай ініцыятыве, а па загадзе камандавання. Падчас той вайны гэта актыўна практыкавалася, — расказвае калекцыянер Уладзімір Багданаў.

Дзякуючы Штруку, можна, у прыватнасці, убачыць, якімі былі Гродна, Ліда, як выглядалі жыхары яўрэйскіх мястэчак.

— Тады немцы ставіліся да яўрэяў не горш, чым да беларусаў, літоўцаў, эстонцаў і іншых. Дзятве паказвалі кіно, — удакладняе суразмоўца.

47 арыгінальных чорна-белых літаграфій Германа Штрука, датаваных 1916 годам, калекцыянер набыў на аўкцыёне. Творчасць менавіта гэтага мастака зацікавіла Уладзіміра Багданава з-за таго, што той навучыў Шагала рабіць афорты. Уладзімір падарыў віцебскаму музею кнігу з работамі Штрука, выдадзеную ў 1916 годзе ў Берліне.

У музеі падкрэсліваюць, што імя Германа Штрука (гады жыцця: 1876—1944) цесна звязана з Маркам Шагалам.

— Вядома, што яны пазнаёміліся ў Берліне ў 1922 годзе. Літаральна за тыдзень Шагал як добры вучань авалодаў тэхнікай афорта. І з ашаламляльным вынікам пачаў ствараць гравюры. Яго першым вопытам у гэтай тэхніцы сталі ілюстрацыі да аўтабіяграфічнай кнігі «Маё жыццё». Вучоба ў Германа Штрука дазволіла Шагалу ажыццявіць даўнюю мару — асвоіць розныя графічныя тэхнікі. Пасля ён пісаў: «Мне здаецца, што мне чагосьці не хапала, калі б я, пакінуўшы ўбаку колер, не заняўся ў пэўны момант жыцця гравюрай і літаграфіяй», — расказвае дырэктар музея Ірына Воранава.

Адну з першых работ «Бабуля» Шагал падарыў настаўніку. Апошні сам яе выбраў, ацэньваючы графічныя пачынанні вучня. Між іншым, яе можна ўбачыць у Віцебску. Твор падарыў гораду мецэнат з Германіі доктар Генрых Мандэль, які купіў яго ў Штрука. Дзіўная гісторыя «кругавароту афорта».

Выстава будзе працаваць па 12 лютага.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Хто навучыў Майстра графіцы?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Максімальная стаўка па валютным дэпазіце - 2.5% гадавых

Максімальная стаўка па валютным дэпазіце - 2.5% гадавых

Аднак пры выбары дэпазітаў трэба звяртаць увагу не толькі на памер працэнтаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» наведаў морг

Карэспандэнт «Звязды» наведаў морг

І пастараўся праверыць міфы і чуткі, зняпраўдзіць стэрэатыпы.

Грамадства

Уступныя іспыты рэфармуюць?

Уступныя іспыты рэфармуюць?

А ў школах могуць увесці так званыя міністэрскія кантрольныя работы.

Грамадства

Як працуе жодзінскі Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар»

Як працуе жодзінскі Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар»

За 18 гадоў існавання праз Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар», што ў Жодзіне, прайшло больш як тры тысячы падлеткаў.