Вы тут

«Звязда» на свае вочы ўбачыла, як становяцца ваеннымі ўрачамі


Ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — адзінае месца ў краіне, дзе рыхтуюць ваенных урачоў. За больш чым два дзесяцігоддзі існавання з яго сцен выйшла больш за 500 выпускнікоў. Сёння гэта кіраўнікі медыцынскіх службаў сілавых ведамстваў, начальнікі медыцынскіх службаў вайсковых часцей, начальнікі кафедраў ваенна-медыцынскага факультэта і ваенных кафедраў медыцынскіх універсітэтаў, аддзяленняў ваеннага шпіталя і цывільных бальніц, таленавітыя ўрачы, якія штодзённа стаяць на варце нашага здароўя, а часам і жыцця.


Прафесія ўрача заўжды была высакароднай. І сёння насіць белыя халаты мае гонар не кожны. А тым больш, калі пад халатам яшчэ і пагоны.

Адна прафесія — дзве клятвы

Нягледзячы на тое, што ў курсантаў поўным ходам ідзе сесія і канікулы не за гарамі, такое ўражанне, што навучанне на ваенна-медыцынскім факультэце не спыняецца ні на секунду. Будучыя ўрачы асвойваюць асновы хірургіі за аперацыйным сталом, практыкуючыя — удасканальваюць сваё майстэрства падчас заняткаў па экстрэмальнай медыцыне.

Навучанне ваенных урачоў на факультэце адбываецца на чатырох кафедрах: арганізацыі медыцынскага забеспячэння войскаў і экстрэмальнай медыцыны, ваеннай эпідэміялогіі і ваеннай гігіены, ваенна-палявой тэрапіі і ваенна-палявой хірургіі. Факультэт рыхтуе не толькі ваенных урачоў для Узброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Беларусі, а і студэнтаў універсітэта па праграме падрыхтоўкі афіцэраў медыцынскай службы запасу. Таксама тут праходзяць перападрыхтоўку і павышаюць сваю кваліфікацыю як ужо практыкуючыя ўрачы, так і ваенныя фельчары. Такім чынам, на факультэце паспяхова функцыянуе сістэма бесперапыннай ваенна-медыцынскай адукацыі.

— Нашы выпускнікі даюць дзве клятвы: клятву Гіпакрата і на вернасць Радзіме, якую агучваюць падчас прыняцця Ваеннай прысягі, — гаворыць начальнік ваенна-медыцынскага факультэта БДМУ, палкоўнік медыцынскай службы, доктар медыцынскіх навук, прафесар Васіль БОГДАН. — Акрамя таго, што павінны ведаць цывільныя ўрачы, яны асвойваюць ваенныя і ваенна-медыцынскія дысцыпліны. У больш пашыраным варыянце вывучаюць паталогію, звязаную з баявымі дзеяннямі, хірургічную траўму, ваенна-палявую тэрапію. Арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў медыцынскага забеспячэння воінскіх часцей і падраздзяленняў ва ўмовах баявой абстаноўкі і паўсядзённай дзейнасці — гэтыя веды, безумоўна, спатрэбяцца нашым курсантам пры праходжанні воінскай службы.

Першасныя вайсковыя пасады выпускнікі факультэта займаюць пасля інтэрнатуры. У войскі маладыя ўрачы трапляюць ужо старшымі лейтэнантамі медыцынскай службы. Званне лейтэнанта прысвойваецца ім пасля заканчэння 5 курса.

Асно­вы хі­рур­гіі кур­сан­ты спа­сці­га­юць  як пад­час лек­цый ура­чоў-прак­ты­каў,  так і ў пе­ра­вя­зач­най і на­ват за апе­ра­цый­ным ста­лом.

Навуковыя дасягненні сусветнага ўзроўню

Ваенна-медыцынскі факультэт займаецца падрыхтоўкай і кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Ад'юнктура адкрыта па спецыяльнасцях «тэрапія», «хірургія» і «ваенная медыцына».

— Людзей, у якіх ёсць схільнасць да навуковай дзейнасці, мы імкнёмся заўважыць яшчэ ў працэсе навучання, — расказвае начальнік ваенна-медыцынскага факультэта. — Трапіўшы ў так званы рэзерв навуковых кадраў, яны спрабуюць свае сілы пры напісанні студэнцкіх работ, навуковых артыкулаў, якія ў далейшым могуць вырасці ў кандыдацкую або доктарскую дысертацыю. І такія прыклады ёсць.

Як адзначае намеснік начальніка ваенна-медыцынскага факультэта па вучэбнай і навуковай рабоце, палкоўнік медыцынскай службы Алег ІШУЦІН, навуковы патэнцыял прафесарска-выкладчыцкага складу ваенна-медыцынскага факультэта адзін з самых высокіх сярод ваенных факультэтаў. «Працэнт атрымання вучоных ступеняў — 60%, — падкрэслівае кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. — Сярод выкладчыкаў — 7 дактароў і 18 кандыдатаў медыцынскіх навук, 6 прафесараў і 11 дацэнтаў. Гэта ўрачы-практыкі, якія штодзённа выконваюць аперацыі, перавязкі, кансультуюць пацыентаў, ажыццяўляюць вялікі аб'ём лячэбнай работы».

Дарэчы, абарона кандыдацкай або доктарскай дысертацыі з прысваеннем навуковага звання на ваенна-медыцынскім факультэце адбываецца штогод. Прычым абгрунтаваць вынікі свайго даследавання — толькі паўсправы. Важна яшчэ пацвердзіць іх унікальнасць. Прапанаваныя метады дыягностыкі і лячэння той ці іншай паталогіі апрабуюцца ў лячэбных установах і афармляюцца ў выглядзе інструкцыі па прымяненні, якая зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя, пасля чаго рэгламентуецца да прымянення ва ўсіх лячэбных установах нашай дзяржавы незалежна ад ведамаснай прыналежнасці.

З апошніх распрацовак выкладчыкаў факультэта — новы турнікет (аналаг жгута) для спынення вонкавага крывацёку. Распрацоўкай зацікавіліся на беларускім прадпрыемстве «Стужка». У выніку была выраблена пробная партыя, якая прайшла сертыфікацыю як выраб медыцынскага прызначэння. Распрацоўкай новага жгута беларускія навукоўцы ў галіне ваеннай медыцыны не толькі не саступаюць, а нават пераўзыходзяць існуючыя ў свеце аналагі.

На думку начальніка факультэта, навуковыя даследаванні абавязкова павінны быць запатрабаванымі. Не выпадкова ўсе тэматыкі дысертацый, якія абараняюцца на факультэце, актуальныя як для Узброеных Сіл, так і для Міністэрства аховы здароўя. І аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што лепшай доктарскай дысертацыяй у галіне медыцыны за 2015 год была прызнана навуковая работа, абароненая на ваенна-медыцынскім факультэце. Аўтар — яго кіраўнік Васіль Богдан.

Хірургамі становяцца ў аперацыйнай

Пасля заканчэння ваенна-медыцынскага факультэта ў армію прыходзяць не проста афіцэры, а высакакласныя спецыялісты. Гэта толькі здаецца, што ў іх мала вопыту. Насамрэч, ужо пачынаючы з першага курса, курсанты спасцігаюць практычную медыцыну на базе 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл, 2-й і 4-й клінічных бальніц сталіцы, дзе функцыянуюць факультэцкія кафедры.

У адным з пакояў кафедры ваенна-палявой хірургіі 2-й гарадской клінічнай бальніцы, у якім звычайна праходзяць тэарэтычныя заняткі, з раніцы было пуста. І не таму, што курсанты любяць паспаць. Будучыя ўрачы знаходзіліся ў аперацыйнай.

— Падчас хірургічных умяшанняў курсанты і слухачы факультэта заўсёды асісціруюць мне, — кажа асістэнт кафедры ваенна-палявой хірургіі ваенна-медыцынскага факультэта, падпалкоўнік медыцынскай службы, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый КЛЮЙКО. — Якая аперацыя ні была б па складанасці, я не маю магчымасці прыступіць да яе з такім жа, як і я, урачом. Кожны курсант і студэнт, а тым больш інтэрн ці клінічны ардынатар, павінен як мага больш працаваць рукамі. Такая асаблівасць нашай кафедры.

Дзмітрый Клюйко — не толькі таленавіты выкладчык, а і практыкуючы хірург. Як ён сам прызнаўся, урачом хацеў быць заўсёды. У свой час яго спакусіла і рамантыка ваеннай службы, і цяпер ні ў якай іншай прафесіі, акрамя як у ваеннай медыцыне, ён сябе не бачыць.

— Што адрознівае ваеннага ўрача ад цывільнага? — паўтарае маё пытанне Дзмітрый Клюйко і тут жа адказвае: — Уменне прымаць рашэнне пры масавым паступленні пацярпелых. Каб мінімізаваць страты, ваенны ўрач павінен працаваць з некалькімі пацыентамі адначасова.

І ён гэта ведае не па падручніках або аповедах старэйшых калег. Менавіта Дзмітрый Клюйко і яго калегі па 2-й клінічнай бальніцы аказвалі дапамогу пацярпелым падчас тэракта ў мінскім метро.

Вы­ман­не па­ра­не­на­га з бра­ня­тэх­ні­кі —  адзін з най­больш скла­да­ных эле­мен­таў, які вы­кон­ва­ец­ца пад аг­нём пра­ціў­ні­ка.

Дапамагчы сабе і іншым

У сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце ўсё больш актуальнай становіцца экстрэмальная медыцына. Як аказваць першую дапамогу падчас баявых дзеянняў і надзвычайнай сітуацыі, вучаць на кафедры арганізацыі медыцынскага забеспячэння войскаў і экстрэмальнай медыцыны. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся толькі з некалькімі спосабамі.

Адным з найбольш складаных элементаў, які выконваецца пад агнём праціўніка, з'яўляецца выманне параненага з бранятэхнікі. Прынцып дзеяння ў падобнай сітуацыі гэтым разам адпрацоўвалі выкладчыкі ваенных навучальных устаноў, якіх будуць прыцягваць да правядзення заняткаў па ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы з курсантамі.

— Усе заняткі па ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы павінны праводзіцца ў поўнай баявой эпікіроўцы ці хоць бы ў мінімальнай камплектацыі: бронекамізэлька, шлем і аўтамат, што нашмат ускладняе любыя дзеянні, у тым ліку па аказанні дапамогі, — лічыць начальнік кафедры арганізацыі медыцынскага забеспячэння войскаў і экстрэмальнай медыцыны, палкоўнік медыцынскай службы, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Андрэй СТРЫНКЕВІЧ. — Тое, што яшчэ нядаўна ўяўляла сабой ваенна-медыцынская падрыхтоўка, — уменне накласці павязку — гэта прыём, які выконваецца ўжо ў зоне сховішча. Тыя метады аказання першай дапамогі, якімі ва ўмовах бою, акрамя павязкі, павінен валодаць любы ваеннаслужачы, фізічна выконваць вельмі цяжка. Накласці сабе жгут у класе — лягчэй лёгкага, пад агнём праціўніка ды яшчэ будучы ў бронекамізэльцы, максімальна прыціскаючыся да зямлі, — складана тэхнічна. Прычым нельга забываць, што задачу ўскладняюць хваляванне і стрэс.

Улічваючы, што галоўнае ва ўмовах бою — выканаць пастаўленую задачу, ды і наўрад ці ў такой абстаноўцы можна разлічваць на дапамогу навакольных, вайскоўцаў у першую чаргу вучаць, як правільна аказаць першую дапамогу сабе.

Па меркаванні ад'юнкта кафедры, маёра медыцынскай службы Сцяпана Саўчанчыка, жыццё параненага залежыць ад таго, хто першы і, галоўнае, як накладзе жгут. «А колькі такіх прыкладаў, калі несвоечасова накладзены жгут або няўменне гэта рабіць са спадручных сродкаў каштавала чалавеку жыцця, — кажа ваенны ўрач. — Элементарныя веды па аказанні першай дапамогі — тое, што патрэбна кожнаму, каб пры неабходнасці захаваць чалавеку жыццё».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Гіпакраты ў пагонах

Каментары

Больш за 20 год аддала Узброенным Сiлам, спачатку Савецкага Саюзу, потым Рэспублiкi Беларусь. Менавiта таму,што побач заусёды былi тыя, хто скончыу калicьцi той самы ваенна-медыцынскi факультэт БГМУ, адпаведна ВМФ медыцынскiх iнстытутау, ВМА iмя С.Кiрава у Ленiнградзе (чытайце - Санкт_Пецербурзе) - мне, як фельчару, было заусёды спакойна!!! ВялIкI iм Дзякуй!!!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім быць новаму музею МТЗ?

Якім быць новаму музею МТЗ?

Рэтра-трактары і 5D-сімулятар.

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Апошнія дні рэдактара падпольнай «Звязды» Вячаслава Нікіфарава

Апошнія дні рэдактара падпольнай «Звязды» Вячаслава Нікіфарава

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай.