26 Люты, нядзеля

Вы тут

Юбілеі класікаў як усенародныя святы беларускай літаратуры


У канцы гэтага года наша краіна шырока адзначыла 125-годдзе Максіма Багдановіча. Свята атрымалася сапраўды маштабным і ўсенародным. Не толькі літаратурныя музеі і афіцыйныя ўстановы далучыліся да ўрачыстасцяў. Многія людзі на сваіх асабістых старонках у сацыяльных сетках размяшчалі віншаванні паэту, дэкламавалі вершы падчас імпрэз, наведвалі памятныя канцэрты. У наступным годзе нас таксама чакае некалькі юбілеяў беларускіх класікаў. У іх ліку — 130-годдзе з дня нараджэння Цішкі Гартнага, 105-годдзе Максіма Танка, 100-годдзе Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Але, думаецца, найбольш яркімі могуць стаць святы ў гонар двух песняроў, асабліва знакавых у станаўленні нацыянальнай літаратуры і дарагіх беларускаму народу, — 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. І хоць самі святкаванні адбудуцца ўлетку і ўвосень, ужо сёння варта паклапаціцца пра тое, каб годна адзначыць дні нараджэння класікаў.

Ці можна неяк паўплываць на ўсенародную любоў? Якія імпрэзы варта запланаваць да юбілеяў? Што новага чакаецца ў працы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, куды нядаўна прыйшоў новы кіраўнік? На гэтыя і іншыя пытанні за «круглым сталом» у рэдакцыі «Звязды» шукалі адказы дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер ЯЦКЕВІЧ, загадчык сектара ўліку і захоўвання фонду Максіма Багдановіча Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алена КНІГА і намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Наталля КАРОТКАЯ.


Наш гонар, наша зорка

Зміцер Яцкевіч: — Пэўна, зоркі так склаліся, што юбілей паэта быў адзначаны ў нашай краіне надзвычай годна. Я лічу, што такія асобы, як Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас вартыя вялікай увагі і ўрачыстасцяў. Спадзяюся, наступны юбілейны год пройдзе на такім жа высокім узроўні. Бо чым больш праводзіцца такіх святаў у гонар нашых пісьменнікаў і паэтаў, тым больш упэўнена мы будзем адчуваць сябе на гэтай зямлі і ганарыцца сваёй Беларуссю.

Але­на КНІ­ГА.

Алена Кніга: — Максім Багдановіч, як вядома, пайшоў з жыцця ва ўзросце 25 гадоў. Таму і праца нашага літаратурнага музея скіравана на маладое пакаленне. Мерапрыемствамі, імпрэзамі, якія ладзяцца ў музеі, моладзь прывучаецца да таго, што Максім Багдановіч — гэта наш гонар, наша зорка. У гэтым годзе адкрылася новая экспазіцыя — і гэта таксама значная падзея ў грамадскім жыцці. Акрамя таго, сёлета ў фонды музея мы атрымалі вельмі каштоўны прадмет — брашуру «Беларускае відроджанне», што выйшла пры жыцці паэта ў 1916 годзе ў Відневе (Вена). Гэта пераклад яго артыкула «Беларускае адраджэнне» на ўкраінскую мову. Такое выданне маецца толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Славеніі, а таксама ў нас. Да таго ж у музей звярнуліся мастакі і падарылі свае работы да юбілею паэта, якія папоўнілі калекцыі графікі і жывапісу.

Але­на ЛЯШ­КО­ВІЧ.

Алена Ляшковіч: — Адносна маштабнасці юбілею Багдановіча, мне здаецца, што тут супала адразу некалькі фактараў. Перш за ўсё, наша грамадства ўжо было падрыхтавана да гэтай урачыстасці, яно яе чакала. Быў спрыяльны час, і мы аказаліся гатовы належным чынам адсвяткаваць. Таму, калі гаварыць пра выхаванне патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, то пачынаць трэба найперш з сябе. Зараз нашы суайчыннікі акурат гэтым і займаюцца.

Новыя тэхналогіі як паказчык папулярнасці

На­тал­ля КА­РОТ­КАЯ.

Наталля Кароткая: — У інтэрнэце вельмі лёгка заўважыць, наколькі папулярная тая або іншая тэма. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што асоба Максіма Багдановіча выклікала на партале «Звязды» і сайце «Сугучча» вельмі вялікую цікавасць. Мы мяркуем аб гэтым па колькасці праглядаў матэрыялаў, звязаных з ім. Чаму? Па-першае, ён быў маладым чалавекам, ствараў такую пранікнёную лірыку. Да таго ж усё, што звязана з беларускасцю, сёння надзвычай папулярна ў моладзі.

Хачу спыніцца на адным праекце. На сайце sozvuchіe.by мы зрабілі цэлы раздзел «Максім Багдановіч», дзе групаваліся ўсе матэрыялы пра Багдановіча. У тым ліку пераклады верша паэта «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы ...» на розныя мовы свету. Але хутка мы зразумелі, што з гэтага можа атрымацца мультымедыйны праект. «Максіма Багдановіча чытаюць на мовах народаў свету» мы зрабілі сумесна з вядомым літаратуразнаўцам Міколам Трусам. Менавіта ён з'явіўся ідэйным натхняльнікам задумы. Носьбітаў мовы мы шукалі па дыяспарах, у сацыяльных сетках, спрацавала і народнае радыё: нашы чытальнікі тэлефанавалі сваім знаёмым і прапаноўвалі прыняць удзел. Усяго мы зрабілі 19 відэасюжэтаў: пераклады на азербайджанскую, італьянскую, арабскую, японскую, партугальскую, польскую, эстонскую, літоўскую, англійскую, украінскую, іспанскую, татарскую, харвацкую, рускую, туркменскую, чачэнскую, кітайскую і карацінскую мовы. Мы вельмі ўдзячны Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча і бібліятэцы-філіялу №8 імя Максіма Багдановіча, якія выдзелілі нам пляцоўку для здымак.

Праект аказаўся рэзанансным: яго прагледзелі болей за 6,5 тысячы чалавек, ідэю падхоплівалі іншыя, напрыклад, нашых чытальнікаў запрашалі ў бібліятэкі для таго, каб яны прачыталі верш Багдановіча на сваёй мове дзецям. У нас з'явілася шмат прапаноў, у тым ліку зрабіць у наступным годзе аналагічныя праекты, звязаныя з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Практыка работы ў інтэрнэце паказвае, што моладзь цікавіцца беларускай літаратурай і культурай. Але для іх прасоўвання трэба шукаць цікавыя формы падачы, выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

Купала, Колас і замежжа

Алена Ляшковіч: — 135-годдзе Купалы і Коласа ўжо не за гарамі. Каб гэтыя даты былі адзначаны належным чынам, каб яны не прайшлі афіцыйна-наменклатурна, мы таксама павінны пачаць з сябе, прааналізаваць усю нашу дзейнасць. Важна самім зразумець, чаго мы хочам і што плануем у гэты год? Думаю, святкаванні пройдуць на высокім узроўні, мы ўжо маем пэўныя задумы. Напрыклад, распачынаем выставачны праект «Янка Купала ў дыялогу культур». Прааналізаваўшы творчасць Купалы, мы прыйшлі да высновы, што яго многае звязвае і з бліжэйшымі суседзямі, і з краінамі Каўказа, і з еўрапейскімі краінамі. Ужо падрыхтаваны экспазіцыі да гэтага праекта, што паказваюць сувязь Янкі Купалы і Арменіі, а таксама Грузіі, Туркменістана, Славакіі, Францыі. Спадзяюся, што, калі мы арганізуем гэтыя выставы за мяжой, то абудзім цікавасць не толькі да нашага класіка, але і да Беларусі.

Зі­на­і­да КА­МА­РОЎ­СКАЯ.

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — Музей Якуба Коласа даволі плённа супрацоўнічае з роднаснымі музеямі Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Мы маем доўгатэрміновыя сумесныя распрацоўкі — як выставачныя, так і агульнаадукацыйныя.

Толькі сёлета музей-запаведнік «Міхайлаўскае» прадоўжыў цікавы праект «Пушкін у гасцях у Коласа» і парадаваў школьнікаў Мінска агульнаадукацыйнай праграмай «Музейны дэсант». Музеямі Санкт-Пецярбурга ладзіліся выставачныя форумы «Дастаеўскі ў гасцях у Коласа», «Блок у Доме Коласа».

У наступным годзе чакаем працягу нашай працы з літаратурным музеем імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Якуб Колас «пагасцюе» там са сваёй «Новай зямлёю», ён «завітае» і ў музей Бранеўскага ў Варшаве, а таксама ў музей Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу. Такой сумеснай працай мы падкрэсліваем адкрытасць, якую меў Колас, яго прыязнасць да ўсіх, хто завітваў у дом, жаданне ладзіць і сябраваць з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, у прыватнасці літаратарамі. У 2017 годзе спаўняецца 100 гадоў з таго часу, як Якуб Колас аказаўся падчас вайны ў Курску, — плануецца і там правесці ўрачыстасці сумесна з мясцовым кіраўніцтвам.

Ужо адзначалі, што сённяшняя моладзь скіравана да беларускасці — і я пагаджуся з гэтым. Літаральна днямі ў Дом Коласа завітала група школьнікаў, і было прыемнай нечаканасцю паслухаць песню на словы паэта, напісаную вучнем 7-га класа, — яго так натхніў верш «Ручэй».

Нагода ўзгадаць

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — У нас асаблівы музей — ён мемарыяльны — тэхнічныя сродкі ўводзім вельмі ашчадна. Таму вырашылі задзейнічаць дадатковыя пабудовы. Сёлета адкрылася вельмі добрая экспазіцыя ў былым гаражы Якуба Коласа. У калекцыі — аўтамабілі, якімі ў розныя часы карыстаўся паэт.

Сёлета завершана музеефікацыя сядзібы «Альбуць» у філіяле музея. У гаспадарчай пабудове створана стацыянарная выстаўка «Прырода роднага краю» з інтэрактыўнымі зонамі па матывах паэмы «Новая зямля», якая дапамагае вывучаць навакольны раслінны і жывёльны свет.

Сумесна з Літаратурным музеем Пушкіна ў Вільні ўжо распрацоўваецца экскурсія, якая называецца «Вандроўкі з Коласам па Вільні». А мы прапаноўваем гасцям і жыхарам сталіцы пешую экскурсію «Коласавы мясціны ў Мінску».

Алена Ляшковіч: — Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, якія запланаваны на наступны год. Скажу толькі, што юбілеі — гэта нагода для грамадства ўзгадаць пра класікаў. Як бы мы ні любілі нашых песняроў, людзі ведаюць пра іх недастаткова... Дарэчы, ёсць дамова з чатырма гарадамі Славакіі аб усталяванні памятных дошак, прысвечаных Янку Купалу. Цяпер шукаем фінансы на рэалізацыю праекта. Гэта будзе ўнікальны выпадак нават у гісторыі сусветнай культуры — калі імя класіка адной краіны так пачэсна ўшанавана ў іншай. Спадзяюся, спонсары знойдуцца.

Змі­цер ЯЦ­КЕ­ВІЧ.

Зміцер Яцкевіч: — У наступным годзе нас чакаюць і 100-гадовыя юбілеі Пімена Панчанкі і Янкі Брыля — запланаваны адпаведныя выставы. Таксама будзе адзначацца 90-годдзе Алеся Адамовіча. На сённяшні дзень актывізавана праца па стварэнні музея пісьменніка ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёна. Разам з калегамі будзем планаваць, як сумесна адзначыць юбілеі Купалы і Коласа. Бо ў фондах нашай установы маюцца музейныя прадметы, звязаныя з гэтымі класікамі: 359 прадметаў, датычных Янкі Купалы, і 451 прадмет, які мае сувязь з Якубам Коласам. Сярод гэтых матэрыялаў ёсць і надзвычай цікавыя — рукапісы, лісты, дакументы, кнігі з аўтографамі.

Набыццё аўтэнтычных рэчаў

Зміцер Яцкевіч: — Што датычыцца галаўнога музея, то ў наступным годзе мы паспрабуем распрацаваць архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі і адкрыць хаця б яе частку. Канцэпцыя пастаяннай экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі развіцця беларускай літаратуры заканчваецца 90-мі гадамі ХХ стагоддзя. Аднак беларуская літаратура на гэтым не спыніла сваё існаванне. Яна працягвае жыць і развівацца. Ужо сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, мы маем нобелеўскага лаўрэата. Гэта ганаровае званне прысуджана нашай суайчынніцы Святлане Алексіевіч. І гэтую падзею мы, безумоўна, не можам не адлюстраваць у нашых экспазіцыйна-выставачных праектах. На гэты конт у нас таксама ўжо ёсць пэўныя задумы. Такім чынам, перад намі стаіць вельмі няпростая задача — стварыць экспазіцыю, змястоўную, цікавую і, галоўнае, адпаведную ўсім патрабаванням сучаснага наведвальніка.

Паралельна будзем пашыраць дзейнасць і пералік паслуг, якія прапаноўваюць сёння наведвальніку нашы філіялы, раскіданыя па розных кутках краіны.

Асаблівая ўвага будзе нададзена камплектаванню музейных фондаў. У межах падрыхтоўкі да стварэння пастаяннай экспазіцыі музея ў першую чаргу плануецца набываць прадметы музейнага значэння, якія будуць папаўняць ужо існуючыя калекцыі і адлюстроўваць літаратурны працэс на Беларусі ад старажытных часоў да ХІХ стагоддзя ўключна. Менавіта такіх матэрыялаў бракуе ў нашых фондах, аднак гэта натуральна, паколькі ўжо сёння ад тых часоў нас аддзяляюць стагоддзі. Акрамя гэтага, такія нашы філіялы, як музей Адама Міцкевіча ў Завоссі, Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, таксама могуць быць дапоўнены рэчамі таго перыяду, калі там жылі гэтыя творцы, каб стаць яшчэ больш адметнымі і знакавымі.

Ужо вядзецца праца ў кірунку набыцця аўтэнтычных рэчаў. Але пакуль не будзем раскрываць таямніц, каб удалося здзейсніць усё задуманае (натуральна, гэта будзе залежаць і ад нашых фінансавых магчымасцяў). Важна мець не муляжы, а знакавыя прадметы ў экспазіцыях, каб наглядна бачыць, як развівалася наша пісьменства і літаратура.

У планах пашырыць і навукова-даследчую працу па шэрагу кірункаў, у тым ліку і па стварэнні радаводаў класікаў беларускай літаратуры.

Паміж класікамі і сучаснымі аўтарамі

Зміцер Яцкевіч: — У нас штотыдзень праводзяцца імпрэзы, якія закранаюць не толькі класікаў, але і сучасных літаратараў — абсалютна розных па сваіх светапоглядах, успрыняцці рэчаіснасці, бачанні і разуменні мастацкага слова. Часам прыходзіцца звяртацца ў Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі для атрымання рэцэнзій на кнігі некаторых аўтараў. Спадзяюся, што і надалей будзем працягваць супрацоўніцтва з сучаснымі творцамі.

Алена Ляшковіч: — Калі сучасны аўтар напісаў верш, прысвечаны Янку Купалу, мы з задавальненнем возьмем у нашы фонды яго рукапіс. Але больш стасуемся з аўтарамі па лініі культурна-адукацыйнай працы. Мы паставілі сабе задачу стаць эксперыментальнай пляцоўкай для маладых творцаў — гэта музыканты, мастакі, паэты і празаікі, якія могуць зрабіць прэзентацыю сваёй творчасці ў нашым музеі. Думаю, прадстаўленне свайго мастацтва ў Літаратурным музеі — пэўная адказнасць для аўтара. Працуючы з моладдзю, мы думаем аб тым, што папулярызуем нашага Янку Купалу.

Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ: — У нас даволі актыўна праходзяць літаратурныя чацвяргі, прэзентуюцца кнігі, ушаноўваюцца пісьменнікі-юбіляры. Зараз карыстаецца попытам «Кватэрнік у дзядзькі Якуба» — нязмушаная сустрэча творчай моладзі. Там і бардаўскія песні спяваюць, і чытаюць уласныя вершы. Згодна, што прэзентаваць сваю кнігу ў літаратурным музеі — вялікі гонар для маладога аўтара. Таму можна сказаць, што і класікі, і сучасныя творцы ў пэўным сэнсе добра «супрацоўнічаюць».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Іх зоркі і сёння гараць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Максімальная стаўка па валютным дэпазіце - 2.5% гадавых

Максімальная стаўка па валютным дэпазіце - 2.5% гадавых

Аднак пры выбары дэпазітаў трэба звяртаць увагу не толькі на памер працэнтаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» наведаў морг

Карэспандэнт «Звязды» наведаў морг

І пастараўся праверыць міфы і чуткі, зняпраўдзіць стэрэатыпы.

Грамадства

Уступныя іспыты рэфармуюць?

Уступныя іспыты рэфармуюць?

А ў школах могуць увесці так званыя міністэрскія кантрольныя работы.

Грамадства

Як працуе жодзінскі Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар»

Як працуе жодзінскі Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар»

За 18 гадоў існавання праз Цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі «Вектар», што ў Жодзіне, прайшло больш як тры тысячы падлеткаў.