30 Май, аўторак

Вы тут

Арт-праект «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» працуе ў сталіцы


30 мастакоў з 28 краін свету прадстаўляюць свае творы ў сэрцы Еўропы, у сэрцы Мінска, у Верхнім горадзе. Выстаўка «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока», што працуе ў мастацкай галерэі народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Савіцкага стала вынікам міжкультурнага дыялогу, у які ўключана наша краіна: да яе арганізацыі мелі дачыненне 28 пасольстваў Беларусі ў розных краінах. Такім чынам Мінск падцвярджае свой статус аб'яднаўчага горада.


Ула­дзі­мір Ма­кей ад­зна­чае Вік­та­ра Аль­шэў­ска­га  за пра­цу па ар­га­ні­за­цыі вы­стаў­кі.

Гэта адзначыў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА:

— Гэты маштабны праект пацвярджае ісціну пра ўніверсальнасць мастацтва і яго аб'яднаўчыя каштоўнасці. Мы можам разам шмат зрабіць для таго, каб наша Еўропа стала агульным і ўтульным домам. Сімвалічна, што Мінск стаў пляцоўкай для дыялогу ў розных эканамічных і палітычных пытаннях. Выстаўка надае новае вымярэнне гэтаму дыялогу — мастацкае.

Ідэя выстаўкі нарадзілася год таму ў Лісабоне пры сустрэчы мастака Віктара Альшэўскага і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Паўла Латушкі: абмяркоўвалі, што можна прапанаваць знакавага Беларусі ў Год культуры. Павел Латушка тлумачыць:

— Мы ўспомнілі тэзіс Шарля дэ Голя пра неабходнасць стварэння адзінай прасторы ад Лісабона да Урала без раздзяляльных ліній. Мы яго вырашылі трансфармаваць, зрабіўшы акцэнт на адсутнасці меж для мастацтва, прычым не толькі геаграфічных ці палітычных. Сучаснае мастацтва не абмежаванае ў форме, у ім безліч кірункаў, кожны з якіх мае права на існаванне. Таму мы вырашылі не ставіць ніякіх рамак пры арганізацыі выстаўкі, паказаць свет шырокім і розным. У гэтым праекце была толькі адна ўмова: аб'яднальнай краінай павінна была стаць Беларусь. Рэалізаваць задуму не атрымалася б без падтрымкі іншых міністэрстваў і маіх калег-дыпламатаў. Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава ўпершыню прыняла патранат над выставачным праектам сучаснага мастацтва ў Беларусі. Ніколі Беларусь не збірала ў адной прасторы столькі мастакоў з розных краін. Нават прадстаўнікі маленькіх Манака і Андоры вельмі хацелі паказаць сваё мастацтва ў Мінску.

На вы­стаў­цы.

Адчуць пырскі мора ў Балгарыі дазваляе мастак Любен Генаў. Ёсць магчымасць убачыць сланечнікі вачыма мастачкі ХХІ стагоддзя Дорыт Клёмп з Нідэрландаў. Ці ўявіць агульную прастору дзякуючы Мары Росвальд з Эстоніі. Ці ўслед за немкай Зігфрыд фон Гунтэн задацца пытаннем, як выглядае «страчаная ідэнтычнасць»?.. Але і проста наталяцца паўнатой жыцця ўслед за Зурабам Цэрэтэлі, імя якога больш вядомае нашым гледачам, чым іншыя. Але ж тым больш адкрыццяў можна для сябе зрабіць.

9 удзельнікаў з розных краін прыехалі на адкрыццё выстаўкі ў Мінск. Мастак Луіш Радрыгіш з Партугаліі наогул адкрывае для сябе далёкую Беларусь. А некаторыя мелі асабістую зацікаўленасць, як Ульрых Уфрэхт: наша краіна цікавая для яго тым, што перажывае тыя ж змены, што і Заходні Берлін, які ён прадстаўляе. «Кандзінскі, Шагал...» — чуецца ў размове нямецкіх мастакоў. «Гэта Віцебск, Беларусь», — тлумачаць ім нашы наведвальнікі. Госці ківаюць — ведаюць. Нас пазнаюць праз мастацтва. Ёсць магчымасць пазнаць іншых: выстаўка будзе доўжыцца больш за месяц.

Падрабязней пра арт-праект «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» чытайце ў адным з наступных нумароў.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Фота Вікторыі Аскера

Загаловак у газеце: Майстэрства дыялогу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад апошніх званкоў да выпускных вечароў

Ад апошніх званкоў да выпускных вечароў

Для 87 тысяч дзевяцікласнікаў і амаль што 58 тысяч адзінаццацікласнікаў сёння прагучыць апошні званок, які, між іншым, азначае зусім не кропку, а новы этап у іх жыцці. 

Культура

Свята народнай творчасці чарговы раз прайшло на Аўгустоўскім канале

Свята народнай творчасці чарговы раз прайшло на Аўгустоўскім канале

Свята «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» з кожным годам становіцца больш змястоўным і захапляльным.

У свеце

Ці здолее Грэцыя выкараскацца са шматгадовага крызісу?

Ці здолее Грэцыя выкараскацца са шматгадовага крызісу?

На пасяджэнні ўплывовага Савета міністраў фінансаў краін еўразоны ў Бруселі было абмеркавана пытанне выдзялення Афінам чарговага траншу.

Грамадства

Рак лячыць усё цяжэй?

Рак лячыць усё цяжэй?

У Мінску не так даўно адбылася 1-я міжнародная канферэнцыя па пытаннях анкагінекалогіі і анкаўралогіі.