21 Люты, аўторак

Вы тут

«Беларусь 5» выбірае «народных каментатараў»


...Адбылося, спадарства. Нарэшце ў «канапавых крытыкаў», якім не падабаюцца стыль і манера выкладання тэлевізійнікамі спартыўных падзей, з'явілася магчымасць устаць з канапы і самім паказаць, як трэба. Спартыўны тэлеканал «Беларусь 5» днямі правёў набор удзельнікаў у новае рэаліці-шоу «Накаўт-раўнд», пераможца якога папоўніць шэрагі каментатараў і на ўласнай скуры дазнаецца, ці лёгкі гэта хлеб.


Ахвотных, заўважым, набралася нямала — дырэкцыя тэлеканала атрымала звыш 100 заявак з розных гарадоў. Прагледзеўшы анкеты і праслухаўшы аўдыяфайлы з самапрэзентацыямі кандыдатаў, на другі этап адбору — сустрэчу пад прыцэлам тэлекамер — арганізатары праекта запрасілі крыху больш за 60 чалавек. За тым, як праходзіў кастынг каментатараў, паназірала і «Звязда».

«Размова будзе доўжыцца ўсяго некалькі хвілін, таму пастарайцеся максімальна ярка праявіць сябе. Бывае, што дастаткова і хвіліны, каб разгледзець патэнцыял каментатара, а бывае, патрабуецца даволі шмат часу, таму калі адзн з вас правядзе ў студыі дзве хвіліны, а другі — дзесяць, гэта нічога не значыць, — папярэджвае патэнцыйных зорак тэлеэфіру дырэктар «Беларусь 5» Аляксандр Казюкевіч. — Сёння вы можаце заўважыць адабрэнне або сумненне ў нашых галасах, але не пачуеце ні «так», ні «не».

Пасля кароткага інструктажу ў студыю ўваходзіць першы прэтэндэнт. Гісторыя ў Дзяніса Акуловіча досыць тыповая: з дзяцінства захапляўся спортам, глядзеў футбол і запамінаў склад камандаў СССР, пазней сам заняўся футболам, хакеем і нават шахматамі, а цяпер рашыўся адолець чарговую прыступку — расказваць пра футбол і хакей іншым балельшчыкам. Пра глыбокае веданне тэмы ў прыватнасці і вялізную любоў наогул да спорту, беларускага і сусветнага, сцвярджаў практычна кожны ўдзельнік кастынгу — што не замінала некаторым з іх часам блытаць каментатараў Сяргея Новікава і Уладзіміра Навіцкага, «сыпацца» на дадатковых пытаннях, скажам, пра сучасны біятлон ці бокс або губляцца пры просьбе перакласці тыповую фразу з футбольнага рэпартажу на англійскую мову. «Гэта ўсё хваляванне», — апраўдваліся кандыдаты.

Але нязвыклая абстаноўка і пільнае вока тэлекамеры бянтэжылі далёка не ўсіх. Як рыбы ў вадзе адчувалі сябе ўжо вопытныя спартыўныя журналісты — карэспандэнт Агенцтва тэленавінаў Павел Капуцкі, карэспандэнты з іншых тэлеканалаў. А прафесійны настольны тэнісіст Сяргей Комса, які ўжо 4 гады трэніруе дзяцей у Салігорску, аказаўся яшчэ і вопытным рыбаловам, членам нацыянальнай зборнай па паплавочнай лоўлі. Ён з такім імпэтам расказваў пра гэта сваё захапленне, што, здавалася, заслухаліся нават аператары.

— Добра, калі вы такі заўзяты рыбалоў, назавіце, калі ласка, самы вядомы ў сусветнай літаратуры твор пра рыбака, — папрасілі члены журы.

— Гэта вельмі лёгкае пытанне, — заўсміхаўся малады чалавек, — Эрнест Хемінгуэй, «Стары і мора».

Мінчанцы Наталлі Астапчук таксама ўдалося прыцягнуць да сябе ўвагу — мініяцюрная дзяўчына аказалася адзінай сярод удзельнікаў-хлопцаў. «Муж спачатку пасмяяўся з майго жадання адправіць заяўку на кастынг спартыўных каментатараў, — прызналася Наталля, — але я настроена пабіцца за перамогу. Жанчын-каментатараў у эфіры не так шмат, гэта хутчэй выключэнне з правілаў. Але, на мой погляд, каментаваць футбол або цяжкую атлетыку — гэта крута, гэта верх прафесіяналізму».

— Мы звяртаем увагу на самыя розныя аспекты, улічваем і адукацыю, і ўзрост кандыдатаў, — расказаў «Звяздзе» дырэктар «Беларусь 5» Аляксандр Казюкевіч. — Хоць запрасілі і некалькіх удзельнікаў, якія не зусім адпавядалі ўмовам адбору, але было вельмі цікава з імі пазнаёміцца і паказаць гледачам спектр ахвотных стаць каментатарамі. Пакуль магу зазначыць, што агульны ўзровень менавіта гэтага праекта самы высокі з усіх кастынгаў, што мы праводзілі. Бачна, што людзі рэальна ацанілі свае магчымасці і ступень падрыхтоўкі.

Адбор — справа не аднаго дня, журы прагледзела некалькі груп, з якіх 16 чалавек трапяць непасрэдна ў рэаліці-шоу. Іх імёны будуць названыя ў тэлеэфіры «Беларусь 5» 31 снежня. А далей для адабраных шчасліўчыкаў пачнецца штотыднёвае спаборніцтва — уласна «Накаўт-раўнд». Удзельнікаў праекта аб'яднаюць у квартэты па відах спорту і будуць адсейваць: у паўфінал трапяць 8 кандыдатаў, у фінал — 4, а на ўмоўны каментатарскі п'едэстал-крэсла — як і належыць, толькі адзін. (Хоць тыя, хто сябе добра зарэкамендуе, з поля зроку тэлевізійнікаў дакладна не выпадуць і, магчыма, у будучым таксама рэалізуюцца ў эфіры.) Выбіраць найлепшага будуць сумесна прадстаўнікі медыяхолдынгу Белтэлерадыёкампаніі, вядучыя спартыўныя журналісты і дзейныя каментатары, а таксама, зразумела, тыя, для каго ўся справа распачыналася — тэлегледачы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Застанецца толькі адзін

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Якое месца рэальна займае беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага дзвухмоўя?

Грамадства

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

Пачаўся суд над хлопцам, які ўчыніў расправу бензапілой у гандлёвым цэнтры.

Грамадства

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Яны жывуць у гомельскім Доме міласэрнасці і кожны дзень служаць Богу і людзям.