Вы тут

Толькі цяпер нам адкрываецца творчая спадчына Георгія Скрыпнічэнкі


Больш за год таму не стала выдатнага мастака Георгія Скрыпнічэнкі. Але ці ведалі мы належным чынам гэтага майстра?.. Творца не любіў публічнасці. Рэдка прадаваў свае карціны, нават музеям. Яго палотны былі нібы дзеці. І таму так не хацелася з імі расставацца. Многія да апошніх дзён заставаліся «жыхарамі» адно майстэрні. Аднак цяпер карціны нарэшце пачынаюць «выходзіць у свет». Яшчэ працягваецца выстава майстра пад назвай «Метамарфозы» ў Нацыянальным мастацкім музеі. А пасля сваякі мастака плануюць правезці яе па іншых гарадах Беларусі — найперш карціны накіруюць у Слуцк, на малую радзіму Скрыпнічэнкі.


Ня­даў­на па­ба­чыў свет аль­бом «Ге­ор­гій Скрып­ні­чэн­ка. Гра­фі­ка».

Просты сюррэалізм

У «Метамарфозы» ўвайшлі творы, прадстаўленыя сям'ёй мастака — яго жонкай, сынам ад першага шлюбу. Таксама працы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Шэсць работ прапанаваў калекцыянер Сяргей Мартынаў.

— Георгій Скрыпнічэнка стварыў свой унікальны сусвет на палотнах, — расказала карэспандэнту «Звязды» куратар выставы, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава. — Ён працаваў у індывідуальнай, пазнавальнай манеры: праз мастацкія сюррэалістычныя прыёмы чытаюцца пачуцці і перажыванні. Мастак ніяк не трактаваў абстракцыю сваіх твораў. Для яго было важным, каб яны заставаліся рэбусамі: той загадкай, якую кожны глядач будзе па-свойму разгадваць... Гэта быў прынцыповы творца, нацыянальна апантаны. Сапраўдны патрыёт, які размаўляў на роднай мове. У яго шмат твораў, прысвечаных Беларусі. Нават у карціне «Выкраданне Еўропы», у аснову якой пакладзены міфалагічны сюжэт, ёсць буслы, элементы беларускіх краявідаў.

На карцінах гэтага майстра можна пазнаць многія куткі беларускай сталіцы. Ён пісаў Мінск з тых часоў, як прыехаў сюды вучыцца, з 1960 — 1970-х гадоў. Часта спасылкі на некаторыя месцы пазначаны ў саміх назвах работ — «Завулак Крапоткіна №16», «Менск, вуліца Бакуніна», «Вуліца Слабадская», «Менская кухня». Думаецца, менавіта па такіх работах праз стагоддзе будуць меркаваць, як раней выглядала сталіца. Гэта тое ж, як сёння пра старадаўнюю Беларусь мяркуюць па палотнах Напалеона Орды.

Вольга Архіпава адзначае, што схема спалучэння загадкі і даступнасці ў творчасці — той патэнцыял, які мог дазволіць яму быць папулярным сярод шырокай публікі. Але вядомым ён быў сярод кола прафесійных мастакоў.

Як Сальвадор Далі

Мастацтва Скрыпнічэнкі можна назваць «смачным». Дакранаючыся да яго творчасці, адразу пачынаеш любіць карціны. Хочацца пайсці ў музей. Прыгожае палатно павесіць на сцяне ў сваім доме. З'яўляецца жаданне самому сесці і пачаць маляваць. Так заўсёды. Калі сутыкаешся з нечым сапраўдным, у табе самім ажывае мастак.

Дарэчы, і знешне майстар выглядаў вельмі арыгінальна: ён насіў такія ж вусы, як Сальвадор Далі. У адным са сваіх інтэрв'ю ён казаў: «У вучэльні я працаваў шмат. Хадзіў на эцюды штодзень: і раніцай, і ўвечары. Але і тут любіў падфранціць. У мяне былі чорны чэшскі касцюм, чырвоны гальштук, вузканосыя туфлі... Усім маім аднакурснікам здавалася, што менавіта такім і павінен быць сапраўдны мастак: стыльна, «з іголачкі» апрануты, падцягнуты, элегантны. Хлапчукі, што толькі адарваліся ад сем'яў, глядзелі на мяне з захапленнем...»

Не моцна змяніўся мастак і ў больш сталым узросце. Сапраўды падобны да Сальвадора Далі, самой сваёй прысутнасцю ён ствараў асаблівую атмасферу на любой імпрэзе, на якую завітваў.

«Жаданне».

У імкненні да дасканаласці

— Цудоўны мастак Георгій Скрыпнічэнка вылучаўся тым, што не вельмі любіў прадаваць свае працы. Не толькі прыватным калекцыянерам, але і музеям, — адзначае мастацтвазнаўца, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля ШАРАНГОВІЧ. — Ён вельмі любіў вяртацца да сваіх палотнаў. І не для таго, каб палепшыць, але каб крыху дапоўніць, прывесці да пэўнай ступені дасканаласці. Хаця і сам часам разумеў, што дасканаласць немагчымая. Ды яму падабаўся гэты працэс. Таму не хацеў, каб работы разляталіся па іншых калекцыях — імкнуўся заўсёды мець іх пад рукой, каб дадаць нейкі штрых ці мазок. Пасля смерці мастака засталася вельмі вялікая колькасць карцін — як графічных, так і жывапісных. Гэта практычна невядомы нам аўтар. Варта дакрануцца да яго творчасці і адчуць, што гэта ўнікальная асоба для Беларусі.

Частка творчай спадчыны таленавітага бацькі перайшла да яго сына Сяргея Скрыпнічэнкі:

— У многіх мастакоў і іх спадкаемцаў — тых, хто мае вялікую колькасць карцін, — ёсць пэўныя праблемы з іх захоўваннем. Застаецца адкрытым пытанне, як гэта рабіць? У нас зусім некамерцыйны інтарэс, але каб карціны проста дзесьці ляжалі — гэта няправільна. Яны мусяць экспанавацца, іначай усё зробленае — марна. Аднак сёння гэтым амаль ніхто не займаецца, за выключэннем некалькіх галерэй. Арт-рынак у нас амаль не працуе. Таму чакаем, пакуль штосьці зменіцца.

У спадчыну да сына перайшоў таксама дом мастака ў вёсцы ў Налібоцкай пушчы. Ён расказаў, што бацька ўвесь цёплы перыяд праводзіў у гэтым маляўнічым кутку. «Там было ціха, спакойна, але не дзіка. Па суседстве жылі знаёмыя людзі», — адзначае Сяргей Георгіевіч. Відаць, невыпадкова палова прац майстра — гэта краявіды. Але не зусім рэалістычныя...

Метафарычнасць альбома

Толькі апошнія некалькі гадоў жыцця мастак не праводзіў усё лета ў вёсцы, бо карпатліва займаўся падрыхтоўкай сваіх альбомаў і выстаў. У 2013 годзе выйшаў альбом яго жывапісных прац. А літаральна нядаўна свет пабачыў яшчэ і альбом «Георгій Скрыпнічэнка. Графіка», які таксама рыхтаваўся пры жыцці майстра. Ён асабіста ўдзельнічаў у адборы тых 200 работ, што ўвайшлі ў яго.

Такая кніга — вялізны падарунак усім, хто цэніць сапраўднае мастацтва. Гартаючы старонкі, перажываеш тую гаму эмоцый, якая напаўняла творцу, калі пісаў палотны. Некаторыя з іх так і называюцца «Змрочны стан», «Стаміўся», «Жахі над горадам». Але ў гэтых работах не надта адчуваецца дэпрэсіўны настрой. Выразнасць формаў, ліній, святлаценяў выклікае хутчэй задавальненне ў тых, хто іх бачыць. Колеры насычаныя і яркія, але ў той ступені, каб не раздражняць пыхлівасцю. Штрыхі графічна-дакладныя і жывыя, нібы струмені дажджу. Ва ўсіх сюжэтах — вялікая метафарычнасць і алегарычнасць, якую, аднак, разумееш адразу. Думка атрымлівае месца для разважання. Фантазія — для свабоднага палёту.

Сяргей Георгіевіч рэзюмуе: «Гэта быў чалавек, які ў ахвяру мастацтву прынёс усё разам са сваім асабістым жыццём, сацыяльнымі выгодамі. Мастацтва было сэнсам яго жыцця. А гэта вельмі важна, калі чалавек знаходзіць, дзеля чаго жыць...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Мастацтва было сэнсам яго жыцця...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім быць новаму музею МТЗ?

Якім быць новаму музею МТЗ?

Рэтра-трактары і 5D-сімулятар.

Спорт

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

Якую ролю выконваюць валанцёры на самых буйных спартыўных турнірах

І хто будзе працаваць на Еўрапейскіх гульнях у Мінску.

Грамадства

Апошнія дні рэдактара падпольнай «Звязды» Вячаслава Нікіфарава

Апошнія дні рэдактара падпольнай «Звязды» Вячаслава Нікіфарава

Апошнія дні адзін з рэдактараў падпольнай «Звязды» правёў у фашысцкім засценку побач са сваімі паплечнікамі.

Грамадства

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ліпеньская казка на гары Карпацкай

Ёсць ў Глыбоцкім раёне, недалёка ад вёскі Запруддзе, высокая гара, якую мясцовыя жыхары называюць Карпацкай.