21 Люты, аўторак

Вы тут

Унутраная свабода Святланы Кастрыцы


Філасофія прыроды, гармонія свету і атмасфера ўтульнасці... Мастачка, член Беларускага саюза мастакоў, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа імя Аляксея Глебава Святлана Кастрыца выкарыстоўвае гэтыя складнікі ў творчасці і на асабістым прыкладзе дэманструе, як узнікае адзінства душы і наваколля. Сёлета аўтар святкуе дваццацігоддзе з пачатку творчай дзейнасці. З нагоды юбілею ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася выстаўка творцы «Прастора і свет».


За апошнія пяць месяцаў гэта другі вернісаж, дзе Святлана Кастрыца прадстаўляе мастацкія кампазіцыі. Толькі першая экспазіцыя складалася з невялікай колькасці работ, а вось другая — прыемны падарунак для мастачкі: у галерэі для твораў аўтара адведзены тры залы, у кожнай размешчаны работы розных перыядаў мастацкай яе дзейнасці.

Экспазіцыя складаецца з пейзажных палотнаў, нацюрмортаў і партрэтаў. Творчасць Святланы Кастрыцы нібы музыка — кранае абсалютна розныя струны душы, захапляе інтрыгай, нечаканасцю. Якраз адчуванне такога трапятання ў душы канцэнтруе ўвагу на дробязях, якіх, дарэчы, у работах мастачкі шмат.

Творчасць Святланы Кастрыцы вызначаецца стылістычнай разнастайнасцю (эксперыментальны жывапіс, рэалізм, імпрэсіянізм). Мастачка спрабуе гарманічна спалучаць простору святла (адсюль і назва выстаўкі) з больш насычанымі адценнямі. Але ж няўзброеным вокам бачна, што святло перамагае, у творах апошняга часу яно літаральна запаўняе палатно цалкам.

Як адзначыла на адкрыцці праекта куратар выстаўкі, мастацтвазнаўца, культуролаг Ксенія Сяліцкая-Ткачова, творы Святланы Кастрыцы — гэта чысціня, лірычная споведзь душы, што глыбока раскрывае асобу аўтара перад гледачом. Пагрузіцца ў прастору мастачкі — значыць злавіць кавалачак душэўнага цяпла, адчуць духоўную змястоўнасць аўтарскіх вобразаў.

Мастачка даволі часта ўдзельнічае ў пленэрах, як мясцовых, так і замежных. Таму тэма прыроды ў яе творчасці з'яўляецца адной з галоўных. У экспазіцыі каларыстычныя пейзажы змяняюцца адзін за адным. Здаецца, што разам яны ствараюць вялікі калаж альбо мастацкую кінастужку, дзе кадры поўняцца мяккімі беларускімі краявідамі ў розным выкананні.

Партрэты аўтара падзяляюцца на некалькі тыпаў: ёсць пяшчотныя, лёгкія, выкананыя ў пастэльных танах, а ёсць і з магічным падтэкстам. Тут многае таксама залежыць ад перыядаў творчасці, у якіх унутранае адчуванне і падзеі калісьці выконвалі важную ролю.

Наогул, ад асобы мастака залежыць шмат што. У выпадку Святланы Кастрыцы яе ўнутраная гармонія, святло і спакой дакладна перададзены ў мастацкіх творах. Адразу заўважны мастацкі почырк аўтара, стаўленне творцы да прыроды, чалавека і нават грамадства. Святлана Кастрыца — мастачка, здольная адкрыць свой свет для людзей. На працягу многіх гадоў яна не толькі вучыць дзетак мастацкай справе, але ж і сама вучыцца не губляць цеплыню і святло душы.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Адзінства душы і наваколля

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Мова ў бізнесе, рэкламе і царкве: што змянілася ў апошні час?

Якое месца рэальна займае беларуская мова ў сітуацыі дзяржаўнага дзвухмоўя?

Грамадства

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

"Хацеў забіваць дзеля забавы"

Пачаўся суд над хлопцам, які ўчыніў расправу бензапілой у гандлёвым цэнтры.

Грамадства

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Пяць сясцёр ордэна маці Тэрэзы ратуюць бяздомных цэлага горада

Яны жывуць у гомельскім Доме міласэрнасці і кожны дзень служаць Богу і людзям.