19 Жнівень, нядзеля

Вы тут

Яўстафій Халіманкоў. Інтэрв'ю


Нарадзіўся 20 лютага 1975 года ў Докшыцах. Насельнік Жыровіцкага манастыра і выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі. Літаратура, на яго думку, асноўны сродак пазнання ісціны. Яго «Інтэрв’ю» — гэта, канешне, апавяданне. Але за адным словам заўсёды хаваецца значна болей, чым набор літар, адмысловым чынам у яго ўкладзены.


Iнтэрв’ю

Я жыў, нібыта ў інтэрнаце, дзе ўсё часовае, чужое, наспех некім злепленае… Сур’ёзна — толькі жлобства і боль. Радзіма — гэта нейкі самападман, у які ты спрабуеш паверыць, наколькі цябе хапае, пакуль жывеш, і гора табе, калі ў цябе атрымліваецца!.. Ты губляеш тады нешта адзінае, дзеля чаго і трэба жыць. Але што гэта такое — ты не ведаеш. Нават калі ты ўцячэш адсюль — далёка, у іншую краіну — туды, дзе ажывуць дзіцячыя казкі, юнацкія мроі, дзе свабода прынясе табе у кубачку на палец пенак салодкіх расчараванняў, — нават там ты будзеш азірацца з комплексам ліміты. Ты можаш з’ехаць куды заўгодна, але пракляцце месца застанецца з табой, бо яно — нідзе, і яно паўсюль. Як рак. Ты можаш назваць гэта настальгіяй, а можаш паспрабаваць быць больш шчырым, як гэта зрабіў я, напісаўшы гэтую кніжку.

Я ўжо некалькі дзён тут — у Парыжы. Здымаю ўтульны пакойчык на ру Сэн-Мэдар у Лацінскім квартале. Каго тут толькі не сустрэнеш!.. Пазнаёміўся з заўсёднікамі кафэ на плошчы Контрэскарп: шасцідзесяцігадовай мастачкай з Вірджыніі, індусам-паэтам, рамантычнай гаспадыняй парфумнай крамы з Афін… Я кожны дзень прыходжу сюды — на плошчу Контрэскарп, стараюся прыйсці раней, да дзесяці гадзін раніцы, пакуль тут амаль нікога няма, — замаўляю некалькі кубачкаў кавы, адзін за адным, бо яны надта маленькія. Але я хутка вучуся над імі медыціраваць. Я рассеяна гартаю зборнічак навел Адама, куплены не так даўно ў Варшаве. Сёння ў мяне з Адамам сустрэча — тут, у кавярні на плошчы Контрэскарп.

Я дрэнна ўсведамляю, дзе мой голас, а дзе голас Адама — настолькі блізкім стаў наш боль — зрэшты, блізкім, але не агульным. Таму што Адам жыве тут, у яго жонка — французская акторка, ён вунь выдае кніжкі, якія прадаюцца па ўсім свеце. Што ў ім засталося ад таго хлапчука, з якім мы «лабалі» дваццаць гадоў таму ў ДК Чыгуначнікаў: разагравалі «Нэйра Дзюбель»?

— Ты прыехаў проста ўзяць інтэрв’ю, нічога больш? — Адам глядзеў на мяне шырокімі вачыма — не зрэнкамі, як у нас часам бывае, а менавіта шчыра — шчырымі такімі вачыма. Ён мог сабе гэта дазволіць.

— Адам, я гэтаксама магу сабе тое-сёе дазволіць, — адказаў я з некаторым выклікам, аб якім зараз жа й пашкадаваў… Ну каму тут трэба твае самасцвярджэнні левыя. Але Адам, здаецца, як бы нічога не заўважыў. Перад мной быў сапраўды шчыры чалавек, бо калі б ён не хацеў, не сустракаўся б са мной: зрабіў бы выгляд, што не памятае мяне.

— Здаецца, я разумею цябе, дружа. Разняволься, успомні, што ты ў Еўропе, «где мы не будем никогда», — скончыў раптам Адам далёкім шлягерам «Науцілуса» і засмяяўся. Мы замовілі віна і сталі ўспамінаць агульных менскіх знаёмых. Я бачыў, што Адаму было, увогуле, нецікава. Тым не менш нейкае дзіва атрымалася ў рэшце рэшт, бо Адам пасля келіха віна запаліў і стаў мне распавядаць:

— Помню, адзін мой стары сябрук, які жыве цяпер у манастыры, сказаў мне: «Я не вынес больш гэтай пошласці і памёр для той прасторы. Як ты там выжываеш?» І я тады зразумеў, што… а ніяк! Таму што я не жыву. Але і смерцю гэта назваць нельга. Вось тады я і зразумеў, што пакуль я яшчэ не вызначыўся для сябе, трэба «рабіць ногі». Шчаслівы выпадак паслаў мне жонку, Жаклін. Я зразумеў, што рэчаіснасць можна змяніць, бо гэта ўсё ж такі 21-е стагоддзе! Мы такія няўдзячныя свайму часу!.. У іншую эпоху пражылі б, як і нашыя бацькі: то бок, не прачынаючыся. І думалі б, што гэта і ёсць жыццё. Бо так у кінатэатрах паказваюць і ў газетах пішуць…

Пошласць вечна дэкларавала сябе нечым нязменным. Не плыгкасць ці то плюгкасць, а менавіта пошласць — іншага слова тут не маеш. Ну, ды то ладна… Але нечым адзіным магчымым? Гэтага я ўжо не мог вытрываць. Пошласць не выбіраюць, так? Вось яна і лезла, пралазіла ва ўсе шчыліны, шчалупкі тваёй дзіравай душы. А ты — о, ты ж герой, — які толькі і можа, што бясконца залатваць тут і там, але ж з адчуваннем прарванай плаціны — з такімі сур’ёзнымі дарослымі адчуваннямі ў абсалютна непрагляднай рэальнасці!.. Але потым з’яўляецца разуменне таго, што насамрэч трэба крыху толькі паднаціснуць, і ты выплывеш, каб схапіць свежага паветра — і гэтага хопіць, каб зразумець: усё можна выправіць!

— Адам, што для цябе эміграцыя?

— Дружа, якая эміграцыя, пра што ты? Я не ведаю такога слова. Трэба лезці ў Вікіпедыю, — смяецца Адам. — Я марыў пра гэты горад з юнацтва. Якая розніца, дзе я нарадзіўся. Рамантызм застаўся яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі. Ты ведаеш, як смешна выглядаеце вы з гэтымі вашымі вышыванкамі. Адсюль, прынамсі.

— Эх, Адаме, здаецца мне, ты не дагаворваеш да канца… — словы пра вышыванкі мяне, шчыра кажучы, зачапілі.

— Ок, ок… Няма праблемаў! — ён гэтак жа адкрыта глядзіць на мяне, гэтак жа бессаромна смяецца. Паслухайце, хто ў каго бярэ інтэрв’ю?! І пакуль я збіраюся выказаць (ну хоць неяк) сваё абурэнне, Адам мяне зноў здзіўляе:

— Ведаеш, і ўва мне гэта дасюль сядзіць: адчуванне таго, што ты вісіш на нейкай прыступцы, падножцы старога трамвая — ты не заходзіш у сам трамвай, каб саскочыць, калі што… Ты не дагаворваеш, каб у любы момант павярнуцца, уцячы. Гэта татальны недавер. Вось я з табой размаўляю, а ўнутры дзе-нідзе і засвярбіць: а лішняга нічога не сказаў? І гэта не той высакародны страх, пра які сказана у Евангеллі[1]. Пры тым, што гэта абсалютна смешна ўжо для мяне: чалавека, які жыве тут не першы год, але тым не менш… Гэты спрут раз-пораз пачынае варушыцца ўнутры, і тады мяне ахоплівае паніка. Я не магу супакоіцца, пішу свае эсэ, апавяданні. Па сутнасці, гэта сублімацыя страху — такім чынам я спрабую высветліць свае адносіны з Радзімай. Цікава, а што ты думаеш пра мае творы? Вось бачу зборнік у цябе — чытаў што-небудзь?

Я шчыра адказаў, што спрут, якога ён пудзіцца зараз, мае больш эфемерны ўплыў і на яго самога, і тым больш на чытача — такое першае ўражанне. Адам ўсміхнуўся:

— То добра, дружа! Давай жа пагаворым пра літаратуру. Ты ж гэтага хацеў найбольш, ці не так?

От мне гэты ягоны снабізм. Ну так, канешне. Я пачынаю нервова лапатаць гатовы тэкст нейкі пра асноўную тэматыку сучаснай прозы Адама, пра мову, пра героя…

Чым для мяне было ўсё тое, што мае быць на тым баку Месяца? Не, мяне туды больш нічога не цягне, акрамя смерці — смерці ўсяго, што можна назваць сучаснасцю. Прынамсі, я б не супраць быў, калі б мяне там пахавалі, бо мерцвяку ўжо ўсё роўна…

— Няма пра каго пісаць, ты аб гэтым хочаш спытаць? — перабіў мяне Адам. — Чалавек абмяльчэў, няма патэнцыялу для нечага сур’ёзнага…

— Гледзячы яшчэ на тое, што ты называеш сур’ёзным — нейкія жарсці, шырыня нораваў…

— Не. Я маю на ўвазе жаданне ставіць сур’ёзныя пытанні.

— Пытанні сур’ёзныя — пытанні праклятыя…

— Ды чаму адразу праклятыя? Што за клішэ!..

— Таму што нічым такія пытанні не канчаюцца. Прынамсі, нічым добрым…

— Патэнцыял сур’ёзнасці — гэта не майстэрства ставіць пытанні, то бок нейкі падлеткавы інтэлектуальны мэйнстрым, гэта комплекс шукальніка…

— Ісціны! Ну а чаго ты чырванееш, я гэтаксама дастаю з шырокіх штанін, калі трэба, той творчы комплекс. Але гэта не для літаратуры. Гэта — дао, паралельная прамая.

Мы пераблыталі, заблыталі адзін аднаго — хто каго пытае, хто адказвае, дзе, навошта… Адам робіць глыбокі ўдых, глыбокую зацяжку. Нешта зараз цікавае народзіць. Давай, Адаме!..

— Літаратура — класічная матрыца для паралельнай рэальнасці. Ведаеш, гэта краіна дзеля сталых людзей: празаікі, драматургі… Яны майстры рытарычных пытанняў. Гэта асноўнае поле іх спаборніцтваў. А малады задор шукальнікаў ісціны іх пужае. Ну… некаторыя, праўда, дзяціняцца, але, чым гэта скончыцца, я табе адразу магу сказаць. Праўдашукальніцтва душыць мастацтва. Не, дружа, калі ты ўжо залямантаваў тым чынам, то збочвай, здымай даспехі і дао табе на дапамогу!.. Калі мы ўжо сур’ёзна пра літаратуру, то справа ж не ў глыбіні пытанняў, тым больш не ў спробе на іх адказаць, а толькі ў іх навізне. Не згодны? А ты вось паспрабуй задаць мне такое пытанне, ад якога б я «затарчаў» — такое пытанне, якое б зрабіла цябе літаратарам? Простае пытанне на простыя тэмы, аб простых рэчах, але так, як ніхто яшчэ іх не ставіў — зусім новы, у сэнсе — нечаканы, — фокус. Такія пытанні робяць нас пісьменнікамі 90-х, ці 10-х, ці яшчэ якіх… Я магу задаць, напрыклад, пытанне Таркоўскага: «Я магу гаварыць?». А ты скажаш, што гэта сцвярджэнне. Бачыш, мы нават у гэтым не можам дамовіцца… Пра што мы можам гаварыць? Проста «трындзець» ні аб чым, як зараз — гэта, канечне, без праблемаў!.. Але паспрабуй ты загучаць на поўны голас і цябе раздавіць твой жаласны піск, твой пшык, нікому не патрэбны… А Таркоўскі мог здымаць пустату, але так прыгожа, што не адарві вачэй. І чаму? Бо талент — гэта абсалютна ірацыянальная рэч, якая бачыцца, да таго ж, на пэўнай адлегласці. Чым мы з табой займаемся, чым я займаюся, — невядома! І колькі трэба на гэта часу, каб адгадаць нашы з табой таямніцы? Галоўнае, што ўласна мы тут у пралёце, дружа…

Пасля размовы з Адамам я доўга гуляў па вечароваму Парыжу. Я думаў пра нас, пра нашае пакаленне.

Эх, Адаме, Адаме!.. як, калі мы сталі неразлучонай парай, Арлекінам і П’еро, вечнымі суразмоўцамі і вечнымі сапернікамі, безадказна закаханымі ў адну асобу. She has me and she has you…[2]

Радзіма — гэта дадзенасць, факт. Што б мы ні пісалі, усё так ці інакш упіраецца ў яе. Колькі б мы ні беглі ад яе, ні злаваліся, ні помсцілі нават — сам факт такой неабыякавасці кажа значна больш, чым усе словы: і сказаныя, і не сказаныя. І калі ты хочаш крыху зразумець, што з табой адбываецца, паспрабуй зразумець, што адбываецца з Радзімай. Я еду ў Парыж, я аказваюся ў мілай майму сэрцу пустэчы. Пустэча — казка, мроя. Пустата — гэта тое, дзе «ты не будешь никогда»…

Зрэшты, для мяне пустэча мае многа адценняў: ад самага змрочнага да ледзь прыкметнага і па-будысцку вызваляльнага. Недзе свярбіць у гэтай падманлівай свабодзе знаёмы адчай… Мне карцела па-маладому завіраваць ва ўлюбёнай гульні ў сэнсы, жангліраваць нейкімі адметнымі для людзей паняццямі. Гэта была класічная хлапечая бравада — з вар’яцінкай у роце. Нас вучылі высмейваць усё, што людзі прывыклі перачытваць гадамі, знаходзячы ў перачытаным кожны раз нешта новае. Адам і цяпер упэўнены ў выключнасці паэтычнага бачання свету. Што да мяне… Тое ёсць толькі радасць ад здольнасці бачыць свет чыстым, поўным нераскрытага сэнсу, нібыта толькі што купленая матуляй дзіцячая расфарбоўка. З цягам часу ўсё больш смешным выглядае юнацкі нарцысізм, закладнікамі якога мы застаёмся ўсё жыццё. Выбар — рэч дынамічная і, насамрэч, віртуозная. Толькі гэта цікава. Толькі ў гэтым свабода. І толькі гэта можна назваць жыццём.

 

[1] Гл. Мф. 12:36.

[2] «Ёй належым і я, і ты…», словы з песні Дж. Морысана «Love street» («Вуліца кахання»).

Надрукавана ў часопісе "Маладосць"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.